Вы тут

Рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Дзянiс Дук: У нас свае асаблiвасцi i шлях развiцця ў сусветнай гiсторыi


Тры гады таму Дзянiс Дук пераехаў у Магiлёў, каб узначалiць вядучую ВНУ вобласцi па падрыхтоўцы педагагiчных кадраў. Дзеля гэтага прыйшлося развiтацца з роднай альма-матар у Полацку, дзе прайшло яго станаўленне як археолага i вучонага. Там засталiся вучнi, калегi, сябры, археалагiчныя таямнiцы, якiя яшчэ не раскрытыя i чакаюць свайго часу. Але ў Магiлёве за зусiм кароткi час былы прарэктар Полацкага дзяржунiверсiтэта стаў сваiм чалавекам. Ён развiвае навуку, вядзе актыўную грамадскую дзейнасць, каардынуе выхаваўчы працэс. I ў гэтым вельмi шчыльным працоўным графiку ён знайшоў час, каб расказаць пра археалогiю, навацыi, навуковыя падыходы ў рабоце, а заадно падзялiцца сваiмi думкамi наконт выхавання асобы, значэння лiтаратуры ў жыццi чалавека i ролi сям'i. Наш суразмоўнiк адзiн з аўтарытэтных археолагаў Беларусi, доктар гiстарычных навук, прафесар, уладальнiк медаля Францыска Скарыны.


— Дзянiс Уладзiмiравiч, што за гэтыя тры гады кардынальна змянiлася ў вашым жыццi, i што грунтоўнага вы паспелi зрабiць на пасадзе рэктара мду?

— Магiлёў вельмi адметны цэнтр на тэрыторыi Беларусi — сваiмi традыцыямi, ментальнасцю, непаўторным каларытам. У мяне раней архетыпам максiмальна захаванага гiстарычнага ландшафту былi Полацк i Гародня, але Магiлёў у гэтым ланцужку займае цi не першае месца. Тут сапраўды захаваўся гiстарычны ландшафт i аўра беларускага горада. Жыхары вылучаюцца сваёй шчырасцю, адкрытасцю, шчодрасцю. Паўночныя людзi з той жа Вiцебскай вобласцi больш нардычнага складу, i гэты кантраст вельмi кiдаецца ў вочы. Сувязь з полацкай альма-матар мiж тым працягваецца. З такiм жа поспехам вяду супрацоўнiцтва з калегамi з iншых ВНУ. Разам вырашаем арганiзацыйныя i навуковыя пытаннi, абменьваемся вопытам. За гэты час пры ўнiверсiтэце створаны Савет па абароне дысертацый па спецыяльнасцi «айчынная гiсторыя», у якi ўваходзяць дактары навук з нашага ўнiверсiтэта i ўнiверсiтэтаў iншых абласцей. Адкрыта шмат iншых спецыяльнасцяў, якiя вельмi запатрабаваныя. Сёлета ўпершыню адбыўся набор студэнтаў на спецыяльнасць «праграмнае забеспячэнне i камп'ютарныя тэхналогii» — першую iнжынерную ва ўнiверсiтэце. Ствараем пад яе сучасную лабараторыю з камп'ютарным i мультымедыйным абсталяваннем, умацоўваем матэрыяльную базу. Гэта дазволiць ажыццяўляць дыстанцыйны працэс навучання, арганiзоўваць анлайн-масты з iншымi навучальнымi ўстановамi. Адкрылi набор на медыка-бiялагiчную справу, некалькi iншых не менш запатрабаваных спецыяльнасцяў. I далей будзем працаваць у гэтым кiрунку. Мы iдзём за рынкам працы, а ён дыктуе свае патрабаваннi. Дасягненнем нашага калектыву лiчу i тое, што да нас стала прыязджаць больш замежных студэнтаў, павялiчылася дыверсiфiкацыя нашых паслуг. Гэта значыць, што адукацыя становiцца больш запатрабаваная.

— Дзякуючы археолагам адкрываюцца новыя факты, якiя часам цалкам мяняюць уяўленне аб месцы народа ў сусветнай гiсторыi. Што трэба для таго, каб галiна гэтай гiстарычнай навукi дынамiчна развiвалася?

— Гэта навука трымаецца на асобах, паколькi патрабуе не толькi навуковых кампетэнцый, але i арганiзатарскiх здольнасцяў. Арганiзаваць раскопкi вельмi складана ва ўсiх сэнсах. Полацку, напрыклад, пашчасцiла. Там быў створаны калектыў археолагаў, якi сёння паспяхова працуе. Дзякуючы археолагам праводзiцца рэстаўрацыя Спаса-Праабражэнскай царквы праваслаўнага Спаса-Ефрасiннеўскага манастыра, помнiка дойлiдства XII стагоддзя, якi пабудавала Ефрасiння Полацкая. Я стаяў ля вытокаў вывучэння гэтай царквы. Зараз там працягваюць работу мае былыя студэнты, вучнi, а цяпер калегi. Вядуцца раскопкi на Верхнiм замку ў Полацку, дзе адбываецца рэканструкцыя карпусоў былой гарадской бальнiцы. У будучым яна будзе прыстасавана для грамадскiх патрэб.

Калектыў археолагаў нашага ўніверсітэта таксама прыкметны на ўзроўнi краiны. Па колькасцi археолагаў магiлёўскi ўнiверсiтэт не мае роўных сярод навучальных устаноў Беларусi. У нас ёсць спецыялiсты па каменным веку, познiм жалезным веку, Сярэднявеччы, нават па археалогii Новага часу. Гэта як маладыя крэатыўныя людзi, так i вопытныя настаўнiкi, накшталт Якава Рыера, Iгара Марзалюка. Справа археалогii ў МДУ на такой урадлiвай глебе павiнна развiвацца i далей.

— А якi раён у Магiлёўскай вобласцi найбольш перспектыўны з пункту гледжання археолага?

— Памятаеце пра нашумелыя знаходкi ў Бабруйску — шлема, рэшткаў даспехаў дружыннiка i атрыбутаў ваеннай культуры? Бабруйскi раён зусiм яшчэ не даследаваны ў плане гiстарычнай тапаграфii. Пакуль у нас ёсць толькi агульныя ўяўленнi пра тое, як горад развiваўся. Але гэтыя рэдкiя знаходкi сведчаць, што роля Бабруйска ў пачатковай гiсторыi дзяржаўнасцi на Беларусi была не апошняя. Гэта быў, як кажа Iгар Марзалюк, адзiн з раннiх цэнтраў княжання, якi ўваходзiў у сферу iнтарэсаў князёў полацкiх. Той жа шлем, якi там знойдзены, мог належаць i князю, i князеваму дружыннiку. Асабiста мне цiкава, якая тут сувязь можа быць з Полацкай зямлёй, цэнтрам нашай сярэднявечнай дзяржавы. I я буду рады, калi мой вопыт спатрэбiцца ў вывучэннi i самога Полацка, дзе я часта бываю i па-ранейшаму курырую раскопкi ў Спаскай царкве.

— Ваша сумесная работа з прафесарам Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi Вольгай Ляўко «Вытокi беларускай дзяржаўнасцi: Полацкая i Вiцебская землi ў IX— XVIII стагоддзях» была высока ацэнена на дзяржаўным узроўнi. Асновай сталi вашы навуковыя адкрыццi, якiя вы здзейснiлi падчас работы над кандыдацкай i доктарскай дысертацыямi. Што больш за ўсё цiкавiла вас у гэтых даследаваннях?

— Мяне цiкавiла i цiкавiць уся гiсторыя ад пачатку да сённяшняга дня. Мая кандыдацкая дысертацыя была прысвечана матэрыяльнай культуры насельнiцтва Полацка XVI— XVIII стагоддзяў, а доктарская ахоплiвала ўсе перыяды. Раней пагружэнне ў праблематыку XVI— XVIII стагоддзяў лiчылася ледзь не сучаснасцю па археалагiчных мерках, i археолагi гэты перыяд не чапалi. Але ён цiкавы тым, што менавiта ў гэты час адбываецца фармiраванне беларускай народнасцi i, як следства працэсу, нацыi. А старажытнасць цiкавая тым, што дае адказ на пытанне, адкуль наш род пачаўся. На археалагiчным матэрыяле атрымалася паказаць, якая была роля Полацка ў дзяржаватворчых працэсах Беларусi. Былi адметнасцi, якiя даказалi, што мы такiя ж старажытныя, як Кiеў i Ноўгарад. I нават, можна сказаць, што мы вельмi адрозныя ад гэтых цэнтраў. Гэта адрозненне з'яўляецца нашай яскравай рысай на той перыяд, калi беларусаў i блiзка не было, а былi вялiкiя славянскiя супольнасцi. Крывiцкi Полацк развiваўся па цiкавай схеме, непадобнай да схемы развiцця Кiева i Ноўгарада. I мы гэта паказалi. У нас наогул вельмi багатая на падзеi гiсторыя. Тое славянскае насельнiцтва, якое выбрала сваiм месцам пражывання беларускае Падзвiнне, з такiмi цэнтрамi, як Вiцебск, Полацк, Лукомль, а гэта былi крывiчы, стварыла цуд пад назвай Полацкая зямля, а яна ў сваю чаргу стварыла такi цуд, як Вялiкае Княства Лiтоўскае. Таму што аснова ВКЛ — гэта тая прававая сiстэма, той лад, якi шмат у чым быў характэрны для Полацкай зямлi. Шмат што ў дзяржаўным укладзе ВКЛ было перанятае з тых дасягненняў, якiя належалi прадстаўнiкам Полацкай зямлi. А ВКЛ — гэта ўжо час фармiравання беларускай народнасцi, сама нацыя з'явiлася крыху пазней.

— Неяк вы сказалi, што выкладчык не павiнен напiхваць студэнта ведамi, ён павiнен навучыць яго здабываць iх самастойна. Падзялiцеся сакрэтам, як гэтаму можна навучыць?

— Выкладчык — гэта чалавек, якi натхняе, дапамагае. Калi выкладчык сфармiраваўся як творчая, высокамаральная асоба, яму ёсць чым студэнта заахвоцiць, нават уласным прыкладам i ўласнымi навуковымi здабыткамi. А цiкаўны студэнт заўсёды знойдзе час падысцi да выкладчыка i пракансультавацца. I добры выкладчык нiколi яму не адмовiць, не скажа: мне не да цябе зараз, заняткi ўжо скончылiся, бывай. Я заўсёды пытаюся ў сваiх студэнтаў, хто для iх цiкавы, хто дае iм шмат карыснага матэрыялу, хто натхняе. I яны, як правiла, называюць канкрэтныя прозвiшчы. Будучы даверанай асобай кандыдата ў Прэзiдэнты падчас выбараў, а зараз ужо кiраўнiка дзяржавы, я аб'ездзiў усе рэгiёны Магiлёўскай вобласцi. I мяне ўразiла, што амаль у кожным раёне да мяне падыходзiлi выпускнiкi Магiлёўскага ўнiверсiтэта розных гадоў, пыталiся пра сваiх былых настаўнiкаў i дзякавалi iм. Яны ўжо самi дабiлiся поспехаў у настаўнiцкай справе i iншых сферах, натхнiлi сваiм прыкладам не аднаго вучня, а ў душы гарыць той агеньчык, якi ў iх запалiў настаўнiк з вялiкай лiтары. Гэтая сувязь з настаўнiкам, спачатку школьным, потым унiверсiтэцкiм, дарагога вартая.

— Кажуць, што ўсё пачынаецца з дзяцiнства. I першыя нашы настаўнiкi — гэта бацькi. Якiя асноўныя прынцыпы выхавання вы засвоiлi?

— Мой бацька быў ветэранам вайны. У 16 гадоў пайшоў у партызаны, быў узнагароджаны баявым медалём «За адвагу». Працаваў у розных сферах, яго шмат хто ў Наваполацку ведаў i памятае. Тры гады таму пайшоў з жыцця. Але менавiта з яго пачалася мая любоў да гiсторыi, з яго расказаў пра малую радзiму — Ушаччыну, з яго легендаў i паданняў пра валатоўкi, як там называюць курганы. Ён быў вельмi начытаны чалавек, быў знаёмы з Рыгорам Барадулiным. У нас дома мелася багатая бiблiятэка, i я перачытаў усе кнiгi, якiя там былi. А Уладзiмiра Арлова адкрыў для сябе, калi мне было 10-12 гадоў. Настаўнiк гiсторыi параiў схадзiць на сустрэчу з пiсьменнiкам у кнiгарню, i я пабег. Дагэтуль захоўваю яго кнiгу «Дзень, калi ўпала страла» з аўтографам «Шаноўнаму Дзянiсу Дуку з пажаданнем ведаць гiсторыю роднай Беларусi». З аўтараў, якiх сёння чытаю, падабаецца англiйскi пiсьменнiк Джон Фаўлз. Можна бясконца перачытваць Чэхава, Караткевiча, братоў Стругацкiх i iншых аўтараў. Чытаю кнiгi i ў папяровым, i ў электронным выглядзе, хоць друкаваны варыянт падабаецца больш. Шмат чаго цiкавага можна знайсцi ў iнтэрнэце. «Вялiкi Гэтсбi» i «Ноч пяшчотная» Фiцджэральда чытаў раней, а зараз адкрыў для сябе некалькi новых яго твораў.

— Што з бацькоўскага вопыту выкарыстоўвалi для выхавання сваiх сыноў?

— Гэты працэс працягваецца. Кожны чалавек — асоба, са сваiмi iнтарэсамi i захапленнямi. I калi iнтарэсы бацькоў i дзяцей розныя, не трэба з гэтага рабiць трагедыю. Трэба заахвочваць тое, чым цiкавiцца дзiця. Для некаторых трагедыя, калi сын не пайшоў па слядах бацькi, не працягнуў сямейную справу. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, каб сын або дачка былi добрымi людзьмi. I калi яны будуць такiмi, то месца ў гэтым жыццi знойдуць.

— Як праводзiце час з сям'ёй? Цi ёсць нейкiя сямейныя традыцыi?

— Ходзiм з жонкай у Магiлёўскi драмтэатр. У Беларусi мала тэатраў такога ўзроўню i з такой гiсторыяй. Гэтую гiсторыю адчуваеш, калi знаходзiшся ў ложы, у якой сядзеў калiсьцi iмператар Мiкалай II. Кажуць, праўда, што ён у тэатры фiльмы глядзеў. Але ж антураж усё роўна захаваўся. I архiтэктура, i аўра, i калектыў, i пастаноўкi — усё робiць уражанне. Не было нiводнага спектакля, якi пакiнуў бы раўнадушным. Двойчы хадзiлi з жонкай на камедыю «Тарцюф» — уразiла вельмi моцна. Цiкавая пастаноўка «Рамантыкi». А яшчэ ўсе мы — я, жонка, дзецi — любiм гатаваць. У кожнага свая адметнасць. На мне рыбныя стравы. Жонка займаецца гатаваннем усяго i выпечкай, у яе наогул усё смачнае. Малодшы сын сам прыдумвае стравы з замарожанай агароднiнай, яйкам, сырам i iншымi сакрэтнымi iнгрэдыентамi. Робiць хутка, атрымлiваецца вельмi смачна i сытна.

— Вы i кiраўнiк, i выкладчык, i грамадскi дзеяч — усё гэта патрабуе шмат часу. Ад чаго прыходзiцца адмаўляцца?

— Не хапае як раней часу на навуку, хоць я працягваю ёю займацца. Але прыходзiцца адмаўляцца ад палявых археалагiчных даследаванняў. Затое хапае назапашанага археалагiчнага матэрыялу, якi трэба апрацаваць.

— Сёння ўсё часцей даводзiцца чуць, што газеты аджылi сваё, будучае — за iнтэрнэтам. Вы таксама гэтак лiчыце?

— Газету люблю за тое, што ў ёй можна пачытаць добрую аналiтыку. У гэтым яна выгадна адрознiваецца ад iншых крынiц. Навiна з'яўляецца ў iнтэрнэце хутка, а аналiтыка, меркаванне тых цi iншых людзей, падрабязнасцi пра тую цi iншую падзею робяць газету цiкавай. Сёння я даю iнтэрв'ю, можа нехта пачытае, натхнiцца i пажадае стаць навукоўцам або даследчыкам. У гэтым i ёсць сутнасць газеты.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.