Вы тут

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?


Нейрахiрург, навуковы супрацоўнiк аддзялення пухлiн галаўнога мозга РНПЦ анкалогii i медыцынскай радыялогii iмя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогii i нейрахiрургii БелМАПА Гурбанiджад Гумен Гушанг кажа, што чалавек у пэўны момант свайго жыцця быццам бы нацiскае кнопку самазнiшчэння. Мы злоўжываем цыгарэтамi i алкаголем, цукрам i шкоднай ежай, iгнаруем сiгналы свайго арганiзма i рэкамендацыi ўрача... Што мы робiм няправiльна i чаму гэта прымусiць нас пашкадаваць праз пару дзясяткаў гадоў, расказаў спецыялiст.


— Гумен, чаму мы самi часта псуём сваё здароўе? Курым, ведаючы, што гэта выклiкае той жа рак лёгкiх, злоўжываем алкаголем?

— Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве. Калi прыходзiць пацыент, важна дабрацца да прычыны яго хваробы. Калi балiць галава, можна прыняць аспiрын, i боль пройдзе. Але калi яна балiць ад высокага цiску, то гэта ўжо няправiльнае лячэнне. Калi доктар дабярэцца да прычыны хваробы, хоць гэта i вымагае больш часу, тады лячыць прасцей. Калi размаўляем з пацыентам, часта вяртаемся на 20—30 гадоў таму. I я тлумачу, што хвароба — наступства вашых тагачасных дзеянняў.

I тут пацыенты падзяляюцца на дзве групы. У першай мне кажуць: доктар, калi б я гэта ведаў 20 гадоў таму, я б нiколi так не зрабiў. Дзеяннi другой групы цяжка растлумачыць. Гэта людзi, якiя ўсё разумеюць, але ў iх пазiцыя страуса. Яны трымаюць галаву ў пяску: я нiчога не бачу, значыць, усё добра, i гэта называецца самападманам. Я куру, але цыгарэта жаночая, або куру яе да палавiны. Цi пры праблеме з лiшняй вагой: маўляў, гэта зусiм не каларыйна, хоць чалавек i ўсведамляе, што тое няпраўда. Тут трэба працаваць з характарам, узмацняць сiлу волi.

Для многiх з нас характэрныя рызыкоўныя паводзiны. Калi б не было рызыкi ў нашым жыццi, чалавецтва, магчыма, ужо i не iснавала б. Першабытны чалавек выходзiў з пячоры паляваць, i гэта была рызыка, бо ён сам мог аказацца чыёйсьцi здабычай. Многiя вялiкiя адкрыццi былi зроблены, калi вучоныя рызыкавалi сваiмi жыццямi. Але тут важна, наколькi апраўдана гэта рызыка. Першабытны чалавек павiнен быў выходзiць з пячоры, бо iнакш бы ён памёр з голаду. Калi чалавек забягае ў дом, якi гарыць, i выратоўвае дзiця — рызыка апраўданая. На кожным пачку цыгарэт напiсана, што цыгарэта забiвае. I курэц свядома рызыкуе, думаючы: усiх забiвае, але толькi не мяне. У нашай псiхалогii ёсць такая праграма: усiх датычыцца, толькi не мяне. Штосьцi дрэннае здарыцца, але з кiмсьцi iншым, а не са мной. Мы заўсёды сябе аддзяляем, бо так лягчэй рызыкаваць. Гэты ж механiзм спрацоўвае ў хiрурга-анколага, якi аперыруе рак лёгкага, дасканальна ведае механiзм яго ўтварэння, але сам курыць. Таму заўсёды трэба думаць, рабiць нешта цi не, вартая гэтая рызыка чагосьцi або не.

Тут яшчэ праблема маркетынгу. Тыя, хто прадае алкаголь, цыгарэты, наркотыкi, бачаць найперш уласны прыбытак, а не наступствы. А патэнцыйным спажыўцам варта думаць пра сябе: дзеля чаго вы паддаяцеся рэкламе i спакусам?

Сэрца чалавека з нармальнай вагой. Сэрца чалавека з лішняй вагой. Сэрца вельмі поўнага чалавека.

— Пра алкаголь, наркотыкi, цыгарэты ўсе ведаюць, што для арганiзма гэта зло. З ежай iншая гiсторыя. Як запускаецца механiзм атлусцення i для якiх найперш органаў яно небяспечнае?

— Траваедныя жывёлы, якiя жывуць у мясцовасцi, дзе трава па калена, не пакутуюць на атлусценне, бо ядуць яны роўна столькi, колькi iм трэба. Гэта датычыцца i iншых жывёл. Праблема атлусцення характэрная пераважна для чалавека. Яна ўзнiкае, калi ў арганiзм рэгулярна паступае больш калорый, чым расходуецца, i яны адкладваюцца. Тлушч нам патрэбны. Тлушчавая клятчатка — своеасаблiвая ахова, цеплаiзаляцыя нашага арганiзма, запас энергii на чорны дзень. У тлушчавым «дэпо» назапашваюцца i захоўваюцца нашы карысныя рэчывы.

Аднойчы кожная дзяўчынка заўважае, што сцёгны сталi большыя, i звычайна гэта не падабаецца. Але тут захоўваюцца пэўныя карысныя рэчывы, якiя патрэбны для развiцця будучага дзiцяцi, i назапашваюцца яны прыкладна да 22 гадоў. Таму для правiльнага ўнутрывантробнага развiцця дзiцяцi пажадана, каб узрост мацi быў не менш за 22 гады. За дзевяць месяцаў цяжарнасцi гэтыя рэчывы расходуюцца, i каб яны зноў назапасiлiся, патрэбна два гады. Таму памiж цяжарнасцямi мусiць быць менавiта такi перапынак. З гэтай прычыны не ўсе тлушчы дрэнныя, а некаторыя i зусiм неабходныя, падабаецца нам гэта цi не.

Але так здараецца, што мы назапашваем i лiшнi тлушч. Атлусценне небяспечнае найперш для сардэчна-сасудзiстай сiстэмы. Таксама гэта дадатковая нагрузка на пазваночнiк i суставы, што выклiкае раннiя артрозы. Акрамя таго, атлусценне ў некаторых выпадках становiцца прычынай развiцця цукровага дыябету II тыпу. Што датычыцца сардэчна-сасудзiстай сiстэмы, калi мы ў краме набываем свiное сэрца, вакол яго можна заўважыць крыху тлушчу. Гэтак жа i ў чалавека — тлушч назапашваецца вакол сэрца — усё больш i больш. I сэрца вымушана працаваць праз гэты тлушч — што з'яўляецца дадатковай i немалой нагрузкай.

Ён назапашваецца i вакол сасудаў, змяншаючы iх эластычнасць. А мы атрымлiваем гiпертанiчныя хваробы, у прыватнасцi, высокi цiск. Сасуды мусяць быць эластычныя, у адваротным выпадку iм цяжка расшырацца i звужацца. Пасля пэўнага моманту гэтыя змены незваротныя, i нават калi чалавек пахудзеў, нi сасуды, нi цiск не вернуцца ў норму. Гэтак жа як i ў курца сасуды робяцца неэластычныя, а пасля пэўнага стажу, нават калi той кiдае курыць, яны не могуць вярнуць сваю ранейшую эластычнасць. Таму ачышчэнне сасудаў — гэта мiф. Не iснуе такiх прэпаратаў. Калi я аперырую i прысутнiчаюць студэнты, асаблiва курцы, я iм паказваю, што адбываецца з сасудам: стукаю скальпелем па бляшцы — i гэта гук металу па метале. Нават нажнiцамi ў такiм месцы складана рэзаць.

Дзяўчына кажа: буду курыць, а падчас цяжарнасцi кiну. Але цыгарэты выклiкаюць незваротныя працэсы. Гэта неэластычныя сценкi сасудаў, i iх не вернеш у ранейшы стан. У дзяўчат гэта пашкоджаныя яйцаклеткi, якiя не аднаўляюцца. Гэта сапсаваныя лёгкiя, хоць яны з гадамi ачышчаюцца. Таму лепш да пункта незвароту не iсцi.

— Як змагацца з пераяданнем?

— Як кажуць, усе задавальненнi або незаконныя, або распусныя, або вядуць да атлусцення. Апошняе — гэта вынiк лёгкага задавальнення, якое мы атрымлiваем ад ежы. Каб атрымаць асалоду, скажам, ад мора, варта ўсё спланаваць, набыць пуцёўкi, паехаць. А тут узяў штосьцi смачнае, разжоўваеш i атрымлiваеш iмгненны кайф. Гэта доўжыцца, пакуль ежа ў роце. Як толькi яна апускаецца ў страўнiк, а там няма смакавых рэцэптараў, мы ўжо не адчуваем задавальнення. I патрэбна новая порцыя. I так, кавалачак за кавалачкам, незаўважна пераядаем. Задавальненне мы атрымлiваем тут i цяпер i яно iмгненнае, а расплачвацца нашаму арганiзму за яго яшчэ працяглы час.

Ёсць розныя методыкi, каб адключыць гэта iмгненнае задавальненне. Наклейце на халадзiльнiк выяву тоўстага непрыгожага чалавека. Цi, напрыклад, укруцiце ў халадзiльнiк сiнюю лямпачку. Катлета цi каўбаса пад сiняй лямпачкай выглядаюць не так апетытна. Таму ў крамах у халадзiльнiках з мяснымi вырабамi чырвоная лямпачка, у такiм святле мяса выклiкае апетыт. Можна ўстанавiць сабе абмежаваннi па гадзiннiку: не есцi пасля шасцi. Калi ўвечары адчуваеце голад, з'ешце колькi цвятной капусты, агуркоў, салаты. Ёсць прадукты з адмоўнымi калорыямi, на ператраўлiванне якiх арганiзм трацiць больш энергii, чым атрымлiвае ад iх. Дыетолагi прыдумалi шмат спосабаў.

Заўсёды кажу сваiм пацыентам, якiя вырашылi пахудзець: снедай, абедай, але не вячэрай. Не паспеў паснедаць — абедай, але не вячэрай. Паснедаў, не паспеў паабедаць — не вячэрай. Не паспеў паснедаць i паабедаць — усё роўна не вячэрай. Позняя вячэра шкодная, бо арганiзм у гэты час рыхтуецца да сну. Сэрца працуе ў iншым рэжыме, нервовая сiстэма пачынае назапашваць пэўныя рэчывы, увесь арганiзм пачынае перазагружацца. I калi мы вячэраем перад сном, арганiзм павiнен ператравiць гэтую ежу. Чалавек спiць, а сэрца i страўнiкава-кiшачны тракт павiнны працаваць, як удзень. У вынiку ранiцай вы адчуваеце стомленасць i разбiтасць. Бо нават калi спалi восем гадзiн, арганiзм адпачываў усяго чатыры. Ён забраў з ежы пажыўныя рэчывы, калорыi, — i куды iх? Правiльна, адкласцi ў «дэпо». Таму ёсць такая справядлiвая прымаўка: сняданак з'еш сам, абед падзялi з сябрам, вячэру аддай ворагу.

Вiдавочна, што ўсё забаранiць нельга, трэба шукаць залатую сярэдзiну. Адзначыць Новы год, дзень нараджэння ўвечары ў рэстаране, зразумела, не забараняецца. Але такiя нагоды бываюць не кожны дзень. Калi на Новы год пераелi, бо ўсё было смачнае i трэба было пакаштаваць, то можна зрабiць пасля разгрузачны дзень. Хочаш выпiць — выпi, але не перабаршчы. Калi ў чырвонага вiна ёсць некаторыя плюсы, у невялiкай колькасцi яно спрыяе выпрацоўцы страўнiкавага соку, выводзiць радыяцыю, то ў цыгарэт няма нiчога. Як нi iмкнулiся вытворцы цыгарэт, якiя зарабляюць на iх мiльярды, знайсцi хоць адзiн плюс — не знайшлi, адны мiнусы. Таму трэба быць абачлiвым i ведаць меру. Можна i смачна есцi, дэгустуючы, але памятаць пра патрэбы свайго арганiзма. I тады жыццё будзе цудоўнае.

— Ёсць дзве рэчы, якiя называюць «белай смерцю» — цукар i соль. Калi не ўяўляеш жыццё без салодкага, гэта дрэнна?

— У цукру ёсць такая карысная ўласцiвасць — гэта лёгказасваяльны вуглявод, ад якога арганiзм хутка атрымлiвае энергiю. I гэта незаменная рэч, напрыклад, для альпiнiстаў: падчас пад'ёму ў горы арганiзм хутка губляе энергiю. Шакалад i iншыя салодкiя прысмакi там — добрыя крынiцы энергii. Але ёсць i яшчэ адна ўласцiвасць: прыгнятаць нашу iмунную сiстэму. Пакуль тая «есць» цукар, яна не супрацьстаiць вiрусам i iншым iнфекцыям. Калi арганiзм цалкам здаровы, дома няма iнфiцыраваных, калi чалавек не пакутуе на цукровы дыябет i ў яго няма сваякоў з гэтай хваробай, невялiкая колькасць цукру, магчыма, i не пашкодзiць. Аднак падчас пандэмii COVID-19 нашаму арганiзму патрэбна добрая iмунная сiстэма, таму аслабляць яе салодкiм непажадана. Калi хварэеце, катэгарычна адмаўляйцеся ад салодкага. Так хутчэй паправiцеся. Не трэба забываць, што кожны дзень у нашым арганiзме ўтвараюцца тысячы клетак, сярод iх ёсць i атыпiчныя, або ракавыя, якiя i мусiць знiшчаць iмунная сiстэма. Таму не трэба хранiчна знiжаць iмунiтэт.

Наконт солi ёсць розныя меркаваннi. Раней, напрыклад, лiчылася, што злоўжыванне соллю павялiчвае цiск у гiпертонiкаў. Потым вучоныя высветлiлi, што гэта не так адназначна. Але ўсё ж такi наш арганiзм любiць залатую сярэдзiну. Той жа ёд карысны для нашага арганiзма, але яшчэ большую шкоду наносiць яго лiшак. Цi фтор: ён жыццёва неабходны, але яшчэ горш, калi яго зашмат. На маю думку, усё ж лiшак солi нанясе меншую шкоду, чым лiшак цукру. Раней цукар маглi дазволiць сабе толькi багатыя людзi i тады было менш цукровага дыябету, а сустракаўся ён у больш сталым узросце. Цукар — гэта дадатковая нагрузка на нашу падстраўнiкавую залозу, паколькi арганiзму трэба нейтралiзаваць iнсулiн, якi выпрацоўваецца. Без цукру можна пражыць, але калi-нiкалi кавалачак торта можна сабе дазволiць.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: wanglinschool.org

Загаловак у газеце: Навошта ў халадзiльнiку сiняя лямпачка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.