Вы тут

У БДПУ адбылося ўрачыстае адкрыццё сучаснай арт-прасторы BSPU HALL


 

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце адбылося ўрачыстае адкрыццё сучаснай арт-прасторы BSPU HALL. Гэта пляцоўка для рэалізацыі творчых талентаў студэнтаў, якая складаецца з прасторнай актавай залы са сцэнай для выступленняў і рэпетыцый, грымёрных пакояў і гуказапіснай студыі. У адкрыцці BSPU HALL узялі ўдзел міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА і рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК.


Фо­та прэс-служ­бы БДПУ.

На думку міністра, развіццё творчых кампетэнцый для будучых педагогаў асабліва актуальнае. Для настаўніка вельмі важна ўмець размаўляць з аўдыторыяй і ўтрымліваць яе ўвагу. А заняткі ў творчых калектывах развіваюць у педагогаў неабходныя навыкі.

— Пазней, скончыўшы ўніверсітэт, прыйшоўшы ў прафесію, яны ўжо больш упэўнена адчуваюць сябе ва ўстанове адукацыі. Мы ўсе цудоўна ведаем, што сучаснага школьніка настаўнік цікавіць з усіх бакоў — не толькі з пазіцыі таго, наколькі добра той ведае свой прадмет. У першую чаргу ён цікавіць школьніка як асоба: што сабой уяўляе, што акрамя свайго прадмета яшчэ ведае, чаго дасягнуў у жыцці, якія ў яго ёсць дадатковыя ўменні і навыкі. І мне здаецца, што тая сістэма, якая выбудавана ў педагагічным універсітэце, як нельга лепш спрыяе шырокаму фарміраванню ў будучых настаўнікаў прафесійнай культуры. Упэўнены, што такі творчы педагог, які ў будучыні прыйдзе ў навучальную ўстанову, будзе там запатрабаваны, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Рэктар БДПУ Аляксандр Жук лічыць, што ў студэнтаў ёсць усе магчымасці, каб рэалізаваць свае таленты.

— Пры ўніверсітэце функцыянуе каля 100 клубных аб'яднанняў, у якіх займаюцца 1800 студэнтаў. Трыццаць шэсць носяць званне народных, ёсць два студэнцкія
тэатры — «Мы» і «Жывое слова». Для такой колькасці таленавітых студэнтаў, вядома, патрэбныя былі адпаведныя ўмовы. І мы паклапаціліся пра гэта. Рамонт правялі хутка, практычна за паўгода. І сёння маем залу з амфітэатрам на 150 пасадачных месцаў, грымёрныя пакоі. Абавязкова звярніце ўвагу на сцены актавай залы. Да адкрыцця BSPU HALL мы рэстаўрыравалі трыпціх нашага выпускніка, вядомага мастака Андрэя Смаляка, які называецца «Студэнцкі тэатр».

Акрамя таго, у арт-прасторы будзе працаваць студыя гуказапісу, для якой плануецца закупіць абсталяванне. «Словам, робім усё для таго, каб нашы студэнты не толькі маглі ўдасканальвацца як выкладчыкі пэўных дысцыплін, але і вучыліся працаваць з сучасным «лічбавым» пакаленнем. Сёння, на жаль, інтэрнэт не заўсёды дае магчымасць фарміраваць камунікатыўныя якасці ў дзяцей, таму настаўнік, які ўмее спяваць, танцаваць, іграць на гітары, арганізоўваць творчую працу з дзецьмі, будзе адпавядаць усім патрабаванням, якія прад'яўляюцца да сучаснага педагога», — дадаў Аляксандр Жук.

Адбылося таксама ўрачыстае адкрыццё кавярні «BSPU CAFE», разлічанай на 108 абедзенных месцаў з VІP-залай на 15 месцаў. Ва ўтульнай атмасферы студэнты змогуць не толькі паабедаць, але і весела правесці вольны час, арганізаваць святочныя мерапрыемствы. У новай кавярні адбылася размова міністра адукацыі і рэктара БДПУ ў фармаце адкрытага мікрафона са студэнтамі. Моладзь цікавілі пытанні, звязаныя з прафесіяй педагога, асобай настаўніка, а таксама абмяркоўваліся праблемы і дасягненні вышэйшай школы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Прастора для творчага педагога

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.

У свеце

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай.