Вы тут

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма


Дар'я Хамуцянская — 16-гадовая тэнiсiстка, якая рыхтуецца заявiць аб сабе на ўвесь спартыўны свет. У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку. Дзеля гэтага яна не баiцца новых iдэй, рашэнняў i руплiвай працы. Пацверджанне таму — шматлiкiя поспехi Дар'i на юнiёрскiх турнiрах, якiя праходзiлi пад эгiдай Мiжнароднай федэрацыi тэнiса. Узыходзячая зорка беларускага тэнiса расказала «Звяздзе», якi ён, шлях да спартыўных вышынь.


— Дар'я, чаму ты абрала для сябе менавiта тэнiс?

— А я яго не выбiрала. Бацькi прывялi мяне ў секцыю, калi мне было пяць гадоў, i спачатку я не разумела, чаго ад мяне хочуць i што я павiнна рабiць. Сказалi бегчы — я пабегла. Але калi мне ўпершыню ў рукi далi ракетку, я сама пачала набiваць мяч, нiбы ведала, як гэта трэба выконваць. Трэнеры адзначалi, што ў мяне ёсць патэнцыял. I з цягам часу я сама захапiлася тэнiсам i пачала да яго больш сур'ёзна ставiцца. У мяне спартыўная сям'я. Мама калiсьцi займалася гiмнастыкай, а тата — прафесiйным тэнiсам, але траўма перашкодзiла пабудаваць спартыўную кар'еру. Таму, мабыць, бацькi вырашылi, што з мяне можа вырасцi прафесiйная спартсменка.

— Памятаеш свае першыя спаборнiцтвы?

— Канешне, гэта быў турнiр у Мiнску сярод тэнiсiстаў да васьмі гадоў. Я тады заняла другое месца, прайграўшы толькi дзяўчынцы з Бабруйска, але праз два гады я яе абыграла. А першы мiжнародны турнiр быў у Пiнску, i там я таксама заняла другое месца.

— Якое сваё дасягненне ты лiчыш самым важным у кар'еры?

— Дасягненняў шмат, але вылучыць адно мне цяжка. Мабыць, адзначу сваю перамогу на двух турнiрах ITF (Мiжнароднай федэрацыi тэнiса — заўв. «Зв.») запар. Гэтыя спаборнiцтвы праходзiлi ў Мiнску год таму. Я стала абсалютнай чэмпiёнкай турнiру BelGlobalCup — перамагла ў адзiночным i ў парным разрадах. А праз тыдзень на турнiры BelGlobalGarantCup у першым крузе прайграла ў пары i заваявала тытул у адзiночным разрадзе. Гэта, безумоўна, значнае дасягненне, але не самы яркi момант у кар'еры.

— А якi самы яркi момант у тваёй кар'еры?

— Пераезд з Гомеля ў Мiнск. У 2018 годзе стала зразумела, што ў Гомелi я дасягнула свайго максiмуму i для развiцця кар'еры варта пераехаць у Мiнск. Спачатку я трэнiравалася ў Iрыны Iгараўны Хрыпач. У той час у маёй гульнi быў невялiкi спад, але на чэмпiянаце Беларусi я павiнна была спаборнiчаць з дзяўчатамi 16 гадоў. Я была самая малодшая, таму нi на што не разлiчвала. Але здарыўся нейкi ўзлёт, i я дайшла да фiналу. У барацьбе за першае месца я прайграла, аднак лiчу той эпiзод жыцця вызначальным. Акрамя таго, я, па сутнасцi, перавезла сям'ю ў Мiнск. Спачатку я пераехала адна, жыла ў iнтэрнаце, дзе мне было вельмi некамфортна i ўсё не падабалася. Праз два месяцы ў Мiнск пераехала мама i мы знялi кватэру, потым бабуля да нас прыехала. Толь-
кi тата застаўся ў Гомелi, бо ён не можа пакiнуць работу.

— Табе больш камфортна выступаць у пары цi ў адзiночцы?

— Дакладна ў адзiночным разрадзе. У пары я адчуваю адказнасць за партнёрку, я павiнна яе падтрымлiваць, дапамагаць. А калi я гуляю адна, я канцэнтруюся на сваiх адчуваннях i сваiх дзеяннях. Часцей за ўсё я гуляю ў пары з Машай Сцяцэвiч, мы пастаянна выступаем разам на турнiрах. Калi добрыя адносiны па-за кортам, праблем з разуменнем i падтрымкай падчас гульнi не будзе. Могуць узнiкнуць пытаннi з тактыкай, таму што патрэбна адначасова адчуваць i сапернiкаў, i партнёра. Я пакуль не маю вялiкага вопыту ў парных выступленнях, але разумею, што галоўнае — камунiкацыя памiж партнёрамi.

— З Машай Сцяцэвiч у вас добрыя адносiны?

— Мы найлепшыя сяброўкi, таму нам камфортна гуляць у пары. Зараз Маша залечвае траўму. Быў час, што мы гулялi адна супраць другой. Часцей за ўсё перамагала я, але ў апошнi раз выйграла Маша i я хачу ўзяць рэванш. Канешне, пасля матча хтосьцi з нас засмучваецца, але нi ў якiм разе не крыўдзiцца. Мы добра разумеем, што на корце сяброў быць не можа.

— На тваю думку, тэнiс — сяброўскi спорт?

— Усё ж такi тэнiс — iндывiдуальны спорт, гэта звязана з яго спецыфiкай. Большасць спартсменаў выступае ў адзiночным разрадзе i адстойвае свае iнтарэсы. Ёсць камандныя турнiры, самыя вядомыя — Кубак Дэвiса цi Кубак Федэрацыi, дзе тэнiсiсты выступаюць за каманду i гэта можа аб'яднаць людзей. Але ж на корт пераважна выходзяць па адным.

— А мiкс ты калi-небудзь гуляла?

— Канешне, гэта i цiкава, i страшна адначасова. Цiкава таму, што трэба знайсцi агульную мову з партнёрамi з дзяўчатамi гэта зрабiць прасцей, чым з хлопцамi. А страшна таму, што сапернiк-хлопец можа моцна ўдарыць, а я не паспею падставiць ракетку цi адбегчы i будзе сiняк. У мяне ўжо былi сiнякi i на сцёгнах, i ў жывот мячом пападалi. Мiкс гуляць яшчэ i весела, можна нават крыху расслабiцца, бо прымаць асноўныя рашэннi я давяраю мужчыну.

— Дар'я, многiх тэнiсiстаў ведаюць па iх стылi гульнi. Якi стыль тваёй гульнi — агрэсiўны цi спакойны?

— У мяне штосьцi сярэдняе памiж агрэсiўным i спакойным стылем, я камбiнаваны iгрок. Усё залежыць ад сапернiка. Я аднолькава магу атакаваць цi сыходзiць у абарону. Галоўнае — падабраць стыль пад сапернiка. Часам прыходзiцца доўга думаць i праз гэта прайграваць першы сэт, а потым ужо перамагаць. У мяне такое часта здараецца. Гэта не трэнерская тактыка, яно само так атрымлiваецца. Я выходжу на корт i разумею, што трэба рабiць, камбiнацыi самi прыходзяць у галаву. Мабыць, у гэтым i заключаецца мой тэнiсны талент.

— Дарэчы, раскажы, калi ласка, пра свайго трэнера.

— Я працую з Вадзiмам Дзмiтрыевiчам Дзямбоўскiм толькi з красавiка гэтага года. Ён вельмi добры чалавек i мне камфортна з iм працаваць, у нас выдатная камунiкацыя. Канешне, у спорце павiнна быць дысцыплiна i, калi трэба, ён можа насварыцца. Але мы ўсё вырашаем праз дыялог без цiску i крыкаў. Я не магу нармальна працаваць, калi на мяне пастаянна сварацца, гэта вельмi ўплывае на ўнутраны стан. Адкрытаму трэнеру можна расказаць пра свае спартыўныя праблемы i разам iх вырашыць, каб быць яшчэ лепшым гульцом. Магчыма, у будучынi я сама стану трэнерам, дзялiцца вопытам — гэта цудоўна.

— З кiм з вядомых iгракоў ты хацела б сустрэцца на корце?

— З многiмi. Дакладна з тэнiсiсткамi, якiя ўваходзяць у топ-10 сусветнага рэйтынгу. З Каралiнай Вазняцкi хацела б сустрэцца, хоць яна ўжо i скончыла кар'еру. Мне падабаецца польская тэнiсiстка Агнешка Радванска, якая таксама ўжо не выступае. Канешне, хацелася б сустрэцца з Вiкторыяй Азаранкай, спадзяюся, што такая сустрэча можа стаць рэальнасцю.

— Дар'я, што ты можаш адказаць людзям, якiх цiкавiць пытанне, навошта займацца тэнiсам?

— Калi б я займалася тэнiсам непрафесiйна, я б адказала, што дзеля падтрымкi фiзiчнай формы. Тэнiс патрабуе вялiкай фiзiчнай актыўнасцi i прыносiць задавальненне. А з пункту гледжання спартсмена — мне тэнiс даў iмкненне да перамог i развiў мэтанакiраванасць. Мы ўсе працуем, каб кожны дзень станавiцца лепшымi. Я хачу займацца тэнiсам i перамагаць, таму я прысвячаю яму амаль увесь свой час.

— Ты можаш уявiць сябе ў iншым вiдзе спорту?

— У настольным тэнiсе магу ўявiць. Я б нiколi не займалася гiмнастыкай i ўсiм iншым, што звязана з расцяжкай, гэта не маё. Магчыма, я б хацела паспрабаваць сябе ў камандных вiдах спорту, мне цiкавы баскетбол.

— У чым сакрэт тваёй матывацыi?

— Мая матывацыя — гэта мама, якая заўсёды мяне падтрымлiвае. Я хачу, каб яна бачыла мае вынiкi i як я дасягаю мэт. Я хачу, каб яна за мяне радавалася i мной ганарылася, каб яе нервы i труды не былi марныя. I, вядома, мне дзеля самой сябе хочацца дасягаць поспехаў у любiмай справе.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ

Загаловак у газеце: Закаханая ў тэнiс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.