Вы тут

ФПБ прапануе дадатковыя меры для захавання стабільнасці цэн на найважнейшыя тавары


Федэрацыя прафсаюзаў працягвае штомесяц праводзіць маніторынг цэн на найважнейшыя тавары і паслугі ва ўсіх рэгіёнах краіны.


bryansku.ru

Як паведамілі ў прэс-службе нацыянальнага прафцэнтра, у лістападзе ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на большасць тавараў павышанага попыту цэны засталіся практычна на папярэднім узроўні. У многім гэта вынік таго, што вясной па ініцыятыве ФПБ Мінстэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю было прынята рашэнне аб увядзенні цэнавага рэгулявання на гэтую групу тавараў. Апошняе дало магчымасць пазбегнуць рэзкага пад'ёму цэн на найбольш папулярныя тавары.

Разам з тым быў адзначаны істотны рост цэн на асобныя прадукты харчавання. Што стала даражэй? Бульба, бабовыя, грэчка, маргарын, сланечнікавы алей, рыс, рыба, а таксама сезонныя прадукты:  таматы, агуркі, яблыкі, цытрусавыя. Пры гэтым значны рост цэн на шэраг такіх прадуктаў назіраецца ўжо не першы месяц, звяртаюць увагу ў ФПБ. Калі казаць пра цэнавую сітуацыю ў рэгіёнах, то ў лістападзе максімальна высокія цэны фіксіраваліся ў Мінску, самыя нізкія — у Гомельскай вобласці.

Улічваючы сітуацыю на сусветным рынку, уплыў пандэміі на эканоміку ўсіх краін, ФПБ прапануе падоўжыць у 2021 годзе дзеючы механізм кантролю і рэгулявання цэн на найважнейшыя тавары і паслугі па ўсім ланцужку — ад вытворцы да прылаўка.

Акрамя таго, для выключэння ў зімова-вясновы перыяд росту цэн на традыцыйную агародніну (бульбу, капусту, моркву і буракі) нацыянальны прафцэнтр акцэнтуе ўвагу на неабходнасці ўдасканальвання падыходаў да фарміравання стабілізацыйных фондаў.

— Сёння неабходна выпрацаваць механізмы, якія гарантавалі б, што прадукцыя ў гэтых фондах будзе захоўвацца ў неабходнай колькасці і па вызначаным кошце. Для гэтага неабходна забяспечыць доўгатэрміновыя кантракты паміж вытворцамі і прадаўцамі з гарантаванай аплатай на ўвесь перыяд. Акрамя таго, Федэрацыяй прафсаюзаў прапанавана прапрацаваць пытанне выдачы льготных крэдытаў, вызначыць памеры субсідый для кампенсацыі часткі выдаткаў на выплату працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, якімі скарысталіся для стварэння міжсезонных запасаў. Таксама прапануем выкарыстоўваць паніжальныя каэфіцыенты да стаўкі зямельнага падатку юрыдычным асобам, якія захоўваюць і рэалізуюць стабілізацыйныя фонды, назапашваюць гэтую прадукцыю ў сельгаспрадпрыемстваў і насельніцтва. Усе адпаведныя прапановы ўжо накіраваны намі ва ўрад, — паведаміла па выніках правядзення экспертнага савета па цэнах і тарыфах намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Алена МАНКЕВІЧ.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Даражэй — у Мінску, танней — на Гомельшчыне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.