Вы тут

«Цэнзура не ўсё, відаць, ведала, і мы з Таццянай Вячаславаўнай гэтым карысталіся». У лёсе Сяргея Палуяна застаецца шмат таямніц


Гэтаму чалавеку прысвечаны зборнік «Вянок» Максіма Багдановіча і паэма «Курган» Янкі Купалы...

«Хоць свет і людны, і шырокі, ты быў як месяц адзінокі...» — пісаў пра яго Багдановіч.

«Больш за ўсё на свеце ён любіў сваю Бацькаўшчыну, свой край, мову і народ, і ўсе свае сілы клаў у ахвяру роднай Беларусі», — азваўся на яго смерць Вацлаў Ластоўскі.

Менавіта Сяргей Палуян дастаў, па легендзе, вершы Багдановіча са сметніцы «Нашай Нівы» і настаяў, каб іх апублікавалі. І менавіта ён — аўтар першага агляднага артыкула беларускай літаратуры.

«...Жыццё не вартае таго, каб жыць. У марах жыццё — казка, а спраўдзі — гніццё раба і вечная незабяспечанасць. Але не думайце, што я дзеля незабяспечанасці ўміраю. Не. Жыць так, як жыву я, няма ніякай радасці... Я так люблю жыццё, светласць і красу, ды не на маю долю выпала гэта. Прашчайце... Перадайце шчыры прывет беларусам. Багата я думаў зрабіць, ды не зрабіў нічога. Шкода паміраць так марна, але трэба. Няхай… І яшчэ адна драбніца: я ўміраю «пошло», павесіўшыся. Бо не было змогі купіць рэвальвера...»

Гэта з развітальнай запіскі... Сяргей Палуян, крытык, публіцыст, пісьменнік, сышоў з жыцця ў дзевятнаццаць гадоў у Кіеве, у нястачы, на самым пачатку славы. Заканчваецца год, у які мы адзначалі яго 130-годдзе. Чым прыцягальная гэтая постаць, у чым яе таямніца? Мы разважаем з даследчыкамі жыцця і творчасці Сяргея Палуяна, слыннымі навукоўцамі і выбітнай сямейнай парай, доктарам філалагічных навук, прафесарам БДУ Вячаславам Рагойшам і кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам БДУ Таццянай Кабржыцкай.


Вячаслаў Рагойша і Таццяна Кабржыцкая.

— Сяргей Палуян пражыў зусім мала і колькі там стварыў — жменечку? Лічаныя мастацкія творы, трохі больш крытыкі... І, тым не менш, калі ён памёр, то раптам на яго смерць адгукнулася столькі народу, усе знакавыя персоны і беларускага культурніцкага руху, і украінскага... Чаму так?

В. Р.: На гэтае пытанне адказ даўно ёсць, і адказаў на яго Бялінскі. Ён пісаў, што да пісьменнікаў, якія знаходзяцца на пачатку літаратурнага працэсу, трэба ставіцца па-асабліваму, таму што, вялікія альбо малыя, яны ў абодвух выпадках асобы гістарычныя. Канешне, як вы сказалі, напісаў Палуян «жменьку»... Але ў гэтай жменьцы не пясок, а крупінкі золата. Ён прыйшоў у літаратуру, калі толькі што скончылася рэвалюцыя 1905 года, толькі што дазволілі беларускі друк, пачала выдавацца «Наша «Ніва», ва Украіне былі падобныя працэсы. Сяргей быў юнак высокаталенавіты. Не скончыўшы, па сутнасці, ні ўніверсітэтаў, ні гімназій, самаадукацыяй набыў глыбокія веды, а крытычнае мысленне ў яго, відаць, было ад нараджэння.

Т. К.: Ды нават калі б ён як крытык пра беларускую літаратуру нічога не напісаў, то, думаю, ён застаўся б у гісторыі ўкраінскай літаратуры. Тое, што ён напісаў пра ўкраінскіх пісьменнікаў, не страціла актуальнасці і сёння.

Кіеў, 22.12.1986 год. Удзельнікі секцыі мастацкага перакладу Вячаслаў Рагойша, Таццяна Кабржыцкая, Дзмітро Чараднічэнка. Фота Сяргея Панізніка.

— Сяргей быў трэцім дзіцем у шматдзетнай сям'і, па ўспамінах, дружнай. Адкуль такі максімалізм, яршыстасць? Ён адзіны з сям'і ўдаўся такі?

В. Р.: Думаю, як вы кажаце, «удаўся». Хоць і іншыя дзеці «ўдаліся» актыўныя: сястра Зінаіда ўдзельнічала ў грамадзянскай вайне на баку чырвонаармейцаў. Малодшыя браты — таксама, толькі на баку белых, і пасля мусілі выехаць і недзе ў Аргенціне закончылі сваё жыццё. Бацька, Епіфан Іванавіч, селянін, стараўся выбіцца ў людзі і дзяцей вывесці — і Сяргея, і сясцёр адправіў вучыцца ў гімназію. Юнак з гарачым сэрцам, сумленны. Ідэі рэвалюцыі, адраджэння Беларусі захапілі яго.

Т. К.: Згадаю, што стрыечны брат Сяргея, Іван Бахонка з Кіева, аднадумца, які таксама ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху, налажыў на сябе рукі праз два гады пасля смерці Палуяна. Сям'я Івана абвінавачвала Сяргея ў «дрэнным уплыве».

— Складваецца ўражанне, што можна правесці паралелі між адносінамі з бацькам у Сяргея Палуяна і ў Максіма Багдановіча. Бацькі сыноў не разумелі, не падтрымлівалі. Адама Ягоравіча Багдановіча шмат хто, у тым ліку Караткевіч, папікае тым, што лёс яго сына склаўся так трагічна. Сяргея Палуяна бацька біў, выганяў з дому, не даваў грошай.

— Адносіны Максіма з бацькам даводзяцца да абсурду. Дакараюць, што Адам Ягоравіч падтрымліваў свайго сына Льва, а не Максіма, не пусціў апошняга ў Санкт-Пецярбург вучыцца. Але ж бацька думаў пра здароўе сына — Санкт-Пецярбург сапраўды быў не для хворага на сухоты Максіма. А што датычыцца Палуяна, то бацька яго выбіваўся ў людзі пры царскай уладзе, а сын звязаўся з рэвалюцыянерамі. Канешне, Епіфан Іванавіч напалохаўся, што не толькі для сябе, але і для сям'і прынясе непрыемнасці Сяргей. Бацькі заўсёды дбаюць пра дзяцей. Можа, часам дбаюць залішне ці не так, як трэба. Вацлаў Ластоўскі ўспамінае, як хавалі Палуяна ў Кіеве: ішоў вясенні дождж, «убівалася матка», а ноччу бацька ўсхапіўся: чамусьці яму здалося, што Сяргей заснуў летаргічным сном. Хацеў бегчы на Байкавы могілкі, адкопваць магілу. Ён любіў сына. Так, ён, па сутнасці, выгнаў яго з дому, дык трэба ж яшчэ ведаць натуру Сяргея... Таксама не саступаў. Бо мог, не маючы, чым жыць, і пакланіцца бацьку... Але ж не захацеў. Так што тут, як гаворыцца, каса на камень найшла. Не трэба вінаваціць бацькоў. Дзякуючы Адаму Рыгоравічу Багдановічу захаваліся многія рарытэты Максіма, яго рукапісы.

Пляменніца Палуяна Зінаіда Уладзіміраўна і яе муж Сяргей Мікалаевіч Дзярабіны сустракаюць літаратуразнаўцаў Вячаслава Рагойшу і Таццяну Кабржыцкую. Санкт-Пецярбург, 2009 год.

— Ваша першая кніга пра Сяргея Палуяна «Слядамі знічкі», якая выйшла 30 гадоў таму, была шмат у чым адкрыццём. Сёлета з'явілася новая кніга — «След, вечна жывы». Чым яна адрозніваецца?

В. Р.: Дапоўнена новымі матэрыяламі, напрыклад, пра адносіны Сяргея Палуяна з нашаніўцамі, у прыватнасці Вацлавам Ластоўскім, бо калі пісалася першая кніга, нельга было Ластоўскага ды іншых нават згадваць. У цытатах самога Палуяна прозвішчы замянялі шматкроп'ем. А ўспаміны самога Ластоўскага нельга было і блізка надрукаваць. Тое самае датычылася і іншых дзеячаў, і беларусаў, і ўкраінцаў. Скажам, ёсць рэцэнзія Палуяна на «Трэцюю кнігу апавяданняў» выдатнага ўкраінскага пісьменніка Уладзіміра Віннічэнкі ... А Віннічэнка ў савецкі час быў забаронены. Праўда, некаторыя імёны, якія нельга было згадваць ва Украіне, можна — у Беларусі, і наадварот — цэнзура не ўсё, відаць, ведала. І мы з Таццянай Вячаславаўнай гэтым карысталіся. Калі публікавалі артыкулы пра Палуяна ва Украіне, маглі туды ўключыць прозвішча і Ластоўскага, і іншых. А ў публікацыях у Беларусі маглі ўставіць прозвішча Віннічэнкі. Але ў кнігу мы не маглі змясціць рэцэнзію Палуяна на Віннічэнку. Нам дапамог час. Ва Украіне Віннічэнка зараз шырока друкуецца, ён — класік.

У Кіеве, ля помніка Караткевічу.

Т. К.: Крыўдна, што ў Беларусі зусім не ведаюць Уладзіміра Віннічэнку, а ў яго найцікавейшыя мастацкія творы, раманы («Сумленнасць з сабою», «Сонечная машына»), п'есы («Чорная Пантэра, Белы Мядзведзь», «Грэх»), палітычныя трактаты («Адраджэнне нацыі», «Слова за табою, Сталін!») і іншыя. У першае дзесяцігоддзе эміграцыі Віннічэнкі (1920-я гады) творы яго выдаваліся па ўсім Савецкім Саюзе. Ва Украіне пачаў выходзіць яго Збор твораў у 28 тамах. Аднак з 1930-х гадоў нават нельга было згадваць прозвішча пісьменніка. Яшчэ ў студэнцкія гады Віннічэнка займаўся падпольнай рэвалюцыйнай дзейнасцю, яго не раз арыштоўвалі. І ў мяне ўражанне, што Палуян, будучы ў Вільні, меў з Віннічэнкам сувязь, ездзіў да яго, трымаў у руках яго рукапісы. Гэта прадмет будучых даследаванняў, бо ўсё рабілася канспіратыўна. Яшчэ мне падаецца, што Палуян падобны да аднаго з герояў Віннічэнкі, які пакутуе з-за несупадзення сваіх маральных перакананняў з асяродкам, сцвярджае, што не перажыве гэты час. Вельмі актуальна асвятляць адносіны нашаніўцаў з украінцамі. Украінцы падаюць нам прыклад, як важна зразумець усе адраджэнцкія ўрокі таго часу.

Сяргей Палуян у дамавіне. Кіеў, 1910 год.

— Ваша даследаванне пра Палуяна — сапраўдны дэтэктыў... Вы шмат ездзілі, сустракаліся з сябрамі і сваякамі вашага героя. Гэта былі нейкія камандзіроўкі ў межах навуковай працы?

В. Р.: Не, якія камандзіроўкі! Толькі наша жаданне. Таццяна Вячаславаўна дысертацыю пісала па беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязях пачатку ХХ стагоддзя і прозвішча Палуяна сустракала часта. Але ж невядома было, дзе і калі ён нарадзіўся, дзе вучыўся. Была толькі згадка Ластоўскага, што яго «выдала зямля Пінская». А цяпер мы бачым, што месца нараджэння Палуяна бліжэйшае да Мазыра, чым да Пінска.

Т. К.: Ездзілі мы паўсюль за свой кошт, на электрычках, цягніках. Цяжкасцяў было шмат. Выданні, у якіх друкаваўся Сяргей Палуян, беларуская «Наша Ніва», украінскія «Рада», «Українська хата», — былі ўнесены ў спіс «буржуазна-нацыяналістычных», варожых выданняў, трапілі ў спецсховішчы. І ўсё роўна ніводная бібліятэка, нават у закрытых фондах, не мела поўных камплектаў. У Беларусі камплекты «Нашай Нівы» адсутнічалі навылёт! Дадам, што ўсё знойдзенае мы перапісвалі ад рукі. Першая «нітачка» пра Палуяна вяла ажно ў Ленінабад, дзе жыў стрыечны брат Сяргея, якому той завяшчаў свае рэчы. Пасля знайшлі ў Кіеве дачку таго брата... У яе ў гасцях і пабачылі першы раз, як выглядаў Сяргей Палуян. У сямейным фотаальбоме былі здымкі, на якіх ён ляжаў у труне. Потым знайшлі сястру Сяргея Людмілу, таксама ў Кіеве, потым — другую сястру, Зінаіду, што жыла ў Ленінградзе, ад той здабылі адрас трэцяй сястры Ангеліны, да якой давялося ехаць у Рыгу... Запомнілася, што ў Ленінградзе гасцінныя гаспадары нас пакінулі начаваць і далі карыстацца «Сяргеевай падушкай» (Зінаіда Епіфанаўна калісьці ўзяла яе на памяць аб браце). Сяргей на той падушцы спаў у Кіеве і бачыў сны пра Беларусь.

Помнік Сяргею Палуяну, які знаходзіўся на Байкавых могілках у Кіеве. 1911 год.

— Для многіх у біяграфіі Палуяна самым таямнічым, ледзь не містычным, з'яўляецца яго смерць...

Т. К.: Бачыла артыкул, дзе Палуян упісаны ў гісторыю самагубства літаратараў. Мне не зразумелы такі падыход. Гэта заніжае саму асобу чалавека, праблемы яго часу. Шукаюць экзістэнцыю такога выбару ў яго творах, вобразы смерці. «Гніюць вёскі забранага краю» і гэтак далей. Маўляў, ён рыхтаваўся да самагубства.

В. Р.: Нават Караткевічу прыпісваюць цягу да самагубства — выпіваў, бо ледзь не спецыяльна хацеў сябе загубіць... Я ні разу не бачыў, каб Караткевіч быў «у крытычнай адключцы». Памятаю, адзначалі яго дзень нараджэння. Сядзяць Барадуліны, Бураўкіны, Мальдзісы, Кісялёвы, падымаюць келіхі... Караткевіч выпівае і ціхенька ідзе ў суседнюю спальню. А госці нешта добрае ўспамінаюць пра Валодзю, спяваюць, падымаюць за яго чаркі. Караткевіч выходзіць. «То давай, яшчэ налівайце!» Налілі, ён адказаў на віншаванні і пайшоў ізноў адпачываць.…

— Між тым Палуяна ўяўляюць нейкім варыянтам Сяргея Ясеніна: малады таленавіты буяш...

В. Р.: Мы катэгарычна супраць інтэрпрэтацыі такога вобраза Сяргея Палуяна ў літаратуры і ў кіно. Палуян не быў п'яніцам! Колькі ён напісаў за свой апошні год, ды яшчэ на такім узроўні! Увогуле, не ведаю, як ён, бедны, паспяваў... Канешне, была прычына таго, што Сяргей раптам засіліўся. Ёсць звесткі, што ён са сваім сябрам, украінскім паэтам Грыцьком Чупрынкам, дамовіліся сысці з жыцця разам, Сяргей развітаўся з жыццём, а Чупрынка — не. Прычыны застаюцца не спазнанымі. Аднак успомнім перадсмяротны твор Сяргея Палуяна, як ён спецыяльна напісаў да свята Вялікадня: «Хрыстос уваскрос, уваскрэснеш і ты, Беларусь, да новага жыцця». Ён жыў з такімі ўзнёслымі думкамі. І гэта галоўнае для нас, сённяшніх!

Т. К.: Маладыя пісьменнікі, літаратуразнаўцы часта гавораць пра Палуяна, не ўлічваючы кантэкст эпохі. А асоба напоўніцу можа выявіцца толькі ў атмасферы часу. Пра нашаніўскі перыяд у жыцці Янкі Купалы і Сяргея Палуяна Алег Лойка напісаў у сваім зацытаваным, зачытаным рамане «Як агонь, як вада» яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў! А дзе ж беларускія новыя мастацкія прачытанні тых векапомных падзей? Нам у кнізе «След, вечна жывы» ўдалося праз асобу Палуяна паказаць новыя падыходы да разумення еднасці працэсаў нацыянальнага адраджэння на матэрыяле ўзаемадзеяння ўкраінскай і беларускай прэсы, літаратурнай крытыкі. Украінцы гэты час вельмі актыўна даследуюць, падымаюць рарытэтныя дакументы, хораша асвятляюць. Дарэчы, кіеўскія літаратары (Суліма, Кастэнка, Лявіцкі, Брайко і іншыя) з зацікаўленасцю ўспрынялі кнігу «След, вечна жывы». Заклікаем і нашых пісьменнікаў мастацка-дакументальных, гістарычных жанраў да новых адкрыццяў!

Трыялет Максіма Багдановіча, прысвечаны Палуяну.

 

— Але ёсць версія, што Палуян не сам сябе забіў. Нібыта быў звязаны з небяспечнымі таемнымі арганізацыямі...

В. Р.: А вы дзе-небудзь бачылі хоць адзін дакумент, які пацвярджае гэты домысел? Нічога падобнага няма! Мы ж усё прагледзелі: і ў архівах, і ў друку. Гэта суцэльная выдумка. Гэтак жа, як чутка, што магіла Сяргея і помнік на ёй існавалі яшчэ пасля вайны, і тады ўжо іх зруйнавалі... Сяргей Палуян сказаў Цішку Гартнаму, што ён звязаны з кіеўскімі сацыял-дэмакратамі. Вось і ўсё. Так, ён сапраўды мог быць звязаны (прыгадаем асобу Віннічэнкі), а мог проста падтрымаць Гартнага, бо ж сацыял-дэмакратычныя погляды ў Палуяна былі! Канкрэтных доказаў, што палітыка справакавала скон Палуяна, не існуе. Прычыны крыюцца ў глыбока асабістым. Час пакажа, наколькі ўдасца спазнаць гэтую таямніцу.…

— Што зрабіць для ўвекавечання памяці Сяргея Палуяна?

В. Р.: Варта было б назваць яго імем вуліцу ў Мінску. Увекавечыць яго імя ў Калінкавічах. Яшчэ калі першая наша кніга пра Палуяна выйшла, я паслаў яе ў Брагін, у краязнаўчы музей, прапанаваў зрабіць экспазіцыю. Паслаў і гэтую кнігу, апошнюю. Але, на жаль, адказу не атрымаў.

Т. К.: Вядома, у Брагіне, дзе Палуян нарадзіўся, трэба назваць вуліцу яго імем, зрабіць шыльду, тым больш вядома месца, дзе стаяў яго дом.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У музеі ВАВ адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У музеі ВАВ адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.