Вы тут

Святы — не адмяняюцца!


Днямі ў сродках масавай інфармацыі пачалі з’яўляцца фотарэпартажы з вясёлымі дзіцячымі тварамі. Вось жа выдаўся год! Раней мы надзявалі маскі хіба што ў навагодне-Калядную пару — а тут цэлы год толькі й гаворым пра іх. Што ж, і так у жыцці бывае: у год 75‑годдзя Вялікай Перамогі мы памятаем, якою цаной яна дасталася. Ну а маскі-каранціны, спадзяемся, не сапсуюць ні нам, ні дзецям добрага пераднавагодняга настрою. І акцыя “Нашы дзеці”, якая стартавала ў краіне, у чарговы раз паспрыяе таму, каб стала больш у свеце ўсмешак, радасці, а таксама веры, надзеі, любові.


“Будзьце як дзеці!” — гэта да нас з вамі, сябры, зварот мудры з глыбіні тысячагоддзяў. Не ў сэнсе дзяцінець — у сэнсе ўспрымаць Жыццё як Свята. Ніколі не забыць: ідзем з хірургам па Рэспубліканскім цэнтры дзіцячай хірургіі, дзеткі гуляюць. Смяюцца. Хірург адводзіць аднаго хлопчыка ўбок, гаворыць: “Пакажы, Віцька, дзе ў цябе аперацыя была”. Хлопчык засаромеўся, прыспускае бальнічную піжамку — а там трубачка… Думаю: вось калі б людзям, якім кепска нібыта сёння жывецца, ладзіць экскурсіі ў такія цэнтры, у дзіцячыя дамы, дзе выхоўваюцца дзеткі-сіроты, ці ў хоспісы, у анкалагічныя цэнтры… Што ж адбыцца павінна, людзі, каб мы ўсе ўрэшце навучыліся цаніць тое, што маем? Каб хоць крышку, на адну дзіцячую цукерачку наблізіліся да вось такой мудрасці: “Госпадзі, дай мне спакой прыняць тое, чаго я не магу змяніць. Дай мне мужнасць змяніць тое, што я магу змяніць. І дай мне мудрасці, каб адрозніць адно ад другога”.

Гэты тэкст ілюструюць здымкі вядомага фотакарэспандэнта БелТА Аляксандра Хітрова з святочнай праграмы “Навагодні настрой”: так у Полацку 10 снежня стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. На здымках — выхаванцы Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, сацыяльнага прытулку і навучэнцы СШ № 10. У жыцці некаторых з іх было ўсяго столькі, што не дай Бог нам.

І таму — будзем як дзеці. Не будзем забываць, што святы, як і само жыццё, у каранавірусную пару не адмяняюцца!

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.