Вы тут

Сталічная «Пушкінка» на варце культуры 120 гадоў


«Лічбавае» пакаленне перастала хадзіць у кніжніцу? Глупства. У Мінскую абласную бібліятэку імя А. С. Пушкіна ідуць патокам. Бачыла на свае вочы. Адна з найстарэйшых і найбуйнейшых бібліятэк сталіцы, якая заўтра, 25 снежня, адзначыць 120-гадовы юбілей, валодае незвычайнай атмасферай: добразычлівасці, адкрытасці, шчырасці. Сюды едуць, як расказваюць бібліятэкары, нават з аддаленых раёнаў, напрыклад з Сухарава. Што і казаць, сучаснасць усё вастрэй вымагае кантакту жывога: інтэрнэт стварае толькі ілюзію зносін, у сапраўднасці ж сам-насам са смартфонам чалавек дзічэе. Вось чаму сёння на першы план выходзіць зусім не новая функцыя бібліятэкі — зносіны, камунікацыя. І ў Мінскай абласной бібліятэцы атмасфера для гэтага суперспрыяльная: чуйны персанал, сцены з гісторыяй, асалода чытання з настроем. Мяркую па сабе і па прыемнай душэўнай размове, якая склалася з дзвюма бібліятэкаркамі Аленай Філіпчык і Зояй Елістратавай. Гэта дало глебу для асэнсавання значнасці 120-гадовага шляху кніжніцы.


— Мінскую абласную бібліятэку называюць міні-нацыяналкай: у нас ёсць рэдкія выданні, доўга захоўваецца перыёдыка, мы з усёй вобласці збіраем абавязковыя экзэмпляры. А дзякуючы МБА (міжбібліятэчны абанемент) супрацоўнічаем і з прэзідэнцкай, і з нацыянальнай бібліятэкамі, — адзначае загадчык сектара рэгістрацыі Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Алена Філіпчык. — У нашай бібліятэцы захавалася атмасфера зносін, таму мы чытачоў не губляем.

— Нацыянальная бібліятэка вялікая, туды прыходзіш як у музей. У нас жа спакайней, але не менш прадуктыўна, — далучаецца калега Зоя Елістратава. — Чытачы шануюць багаты фонд абанемента і кваліфікаваных бібліятэкараў, якія шмат ведаюць, могуць парэкамендаваць, бо ў каталогу не заўсёды зможаш выбраць сам і зразумець, што падыходзіць.

Пушкінская бібліятэка вельмі актыўная, ёй не трэба перажываць за колькасць чытачоў, пераканана Зоя Елістратава: «Канечне, сёння часы іншыя: калі раней у чытальных залах было па 500 чалавек у дзень, то цяпер у разы менш, але ўсё роўна ідуць. Вось, напрыклад, адзін наш пастаянны чытач пажылога ўзросту ідзе да нас пяшком туды і назад, а яшчэ любіць нас развесяліць».

Усе магчымыя сродкі ў кніжніцы размяркоўваюць на папаўненне фонду. «Апошнім часам мы сталі папаўняцца беларускай літаратурай, у асноўным белетрыстыкай. Нашы аўтары працуюць не дзеля грошай, а па натхненні, таму літаратура высокага ўзроўню, — лічыць Алена Філіпчык. — І выдавецтвы нашы выпускаюць літаратуру больш якасную, чым руская белетрыстыка. Запатрабавана сучасная руская, беларуская і амерыканская проза. У сучасных любоўных раманах і дэтэктывах цяпер не толькі хтосьці кагосьці забівае і потым гэта расследуюць, а ўпор на псіхалогію. У любоўных раманах менш эратычных сцэн, а больш інтэлектуальных разважанняў, як у псіхалагічных трылерах».

Нядаўна ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна правялі вэбінар «Інавацыі ў бібліятэчнай рабоце». Увагу надалі стварэнню і спосабам размяшчэння электронных выставак, абмеркавалі таксама магчымасці QR-кодаў у рабоце бібліятэкараў. Бясспрэчна, трэба ісці ў нагу з часам. Як узняць папулярнасць кніжніцы? «У іншых краінах бібліятэкі запрашаюць розныя арганізацыі, каб яны ў іх сценах ладзілі сустрэчы, — гаворыць Алена Філіпчык. — Напрыклад, дэпутат збірае свой электарат на базе бібліятэкі, і адтуль набіраюцца чытачы. У нас, дарэчы, тут, у мастацкай галерэі, праводзяцца выбары. І калі людзі прыходзяць галасаваць, завітваюць у кніжніцу і так становяцца нашымі чытачамі».

Калі разглядаць вопыт замежных бібліятэк, заўважае Алена, то там супрацоўнікаў менш, затое больш валанцёраў. Ці не варта і нам так перабудаваць работу кніжніцы, каб яна зайграла новымі фарбамі?

Алена Філіпчык працуе бібліятэкарам ужо амаль 16 гадоў. Вырасла яна ў кніжніцы: мама таксама бібліятэкар. Таму з «папяровымі» сябрамі Алена на «ты»: «Разумееце, ёсць хвароба на кнігі — не ведаю, як яе назваць, але калі атрымліваеш навінкі, хочацца перачытаць усё. Мне муж аднойчы сказаў: “Не кожны можа сабе дазволіць жонку-бібліятэкара” Ён скардзіцца, што ў мяне дома ўжо філіял Мінскай абласной, і дзівіцца, калі я ўсё перачытаю. Я люблю сваю прафесію».

Менавіта на такіх адданых, апантаных спецыялістах трымаецца прэстыж установы. На карысць Мінскай абласной бібліятэкі рупілася шмат таленавітых асоб. Сто дваццаць гадоў таму першымі тут працавалі старшыня Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў Аляксандр Аляксандраў, выконваючая абавязкі бібліятэкара Вера Паплаўская.

Меў дачыненне да гісторыі кніжніцы Леў Талстой. Было прапанавана абраць яго ганаровым членам Мінскай публічнай бібліятэкі. Гэтае званне ён прыняў. У адказе на вітальную тэлеграму значылася: «Удзячны членам Мінскай гарадской грамадскай бібліятэкі за абранне мяне ганаровым членам».

Звязаны з публічнай бібліятэкай імя А. С. Пушкіна Максім Багдановіч. У 1916—1917 гг. ён быў пастаянным чытачом кніжніцы. Змітрок Бядуля пра жыццё паэта ў Мінску ў сваіх успамінах пісаў: «Нягледзячы на слабое здароўе, М. Багдановіч прыняў службу ў земстве, дзе надта шмат працаваў. У вольны ад службы час ён або сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай».

З пачатку дзейнасці — 1900 г. — кнігамі Мінскай гарадской публічнай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна можна было карыстацца за плату. Падпісчыкі бібліятэкі ўносілі залог у памеры 3 рублёў, месячны абанемент каштаваў 30 капеек за атрыманне кніг на дом, 20 капеек за чытанне ў бібліятэцы, 3 капейкі бралі за кожнае яе наведванне. Бясплатным доступ у бібліятэку стаў толькі з 1918 года. Шмат змянілася з тых часоў, але пастаянным заставалася служэнне кнізе. У 1944 годзе дырэктарам бібліятэкі быў Б. В. Вайнберг, у 1960-х — А. С. Антонаў, у 1965-м — М. Р. Розум. Будаўніцтву і арганізацыі новай «Пушкінкі» нямала сіл аддалі дырэктары Надзея Балукова, у 1975—1978 гг. — Ніна Куцэнка, у 1978—1994 — Тамара Рошчынская, з 1995-га — Наталля Чуева, з 2015-га — Аксана Кніжнікава, якая працягвае справу сваіх папярэднікаў і па сёння. З азартам, натхненнем і, вядома, творчым падыходам. Вось, напрыклад, гэтымі днямі бібліятэка прапануе прыняць удзел у акцыі «Утульныя кнігі для зімовага настрою». Для гэтага да 30 снежня трэба падзяліцца ў сябе на старонцы фотаводгукам пра кнігі, якія вы раіце чытаць на калядныя і навагодня святы. Публікацыі павінны суправаджацца спецыяльнымі хэштэгамі. Удзельнікамі могуць стаць карыстальнікі і калектывы бібліятэкі. Усе, хто прыме ўдзел, будуць адзначаны падзякамі (падрабязнасці — на сайце кніжніцы).

Навагодніх свят заўсёды чакаеш з нецярпеннем, а калі яны яшчэ зіхацяць юбілеем, ды такім маштабным, азнаменаваным больш чым векавой насычанай дзейнасцю, з’яўляецца акрыленне на новыя здзяйсненні і дасягненні.

Паважаныя супрацоўнікі Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна! Прыміце шчырыя віншаванні з 120-гадовым юбілеем вашай установы! Хай гэтая дата стане незабыўнай, а кніга і надалей будзе спадарожнікам, сябрам, пуцяводнай зоркай, якая скіроўвае да мары! І ўсіх бібліятэкараў з надыходзячымі Новым годам і Калядамі! Здароўя, поспехаў, цікавых кніг і ўдзячных чытачоў!

Наталля СВЯТЛОВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Загаловак у газеце: У падарунак — юбілей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. 

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.