Вы тут

Прадстаўнікі творчых прафесій пра свой досвед у ролі Дзеда Мароза


Дзед Мароз — той персанаж навагодніх свят, якога кожны з нас памятае яшчэ з маленства. Менавіта ён разам са сваёй унучкай Снягуркай прыходзіць у дамы, садкі і школы, каб павіншаваць са святамі, прынесці падарункі, здзейсніць жаданні. Ён робіцца правадніком для герояў у казцы, дзе дабро перамагае зло, а сяброўства і вера становяцца сапраўднымі магічнымі сіламі, якія набліжаюць Новы год. «Звязда» вырашыла пацікавіцца ў прадстаўнікоў творчых прафесій, каму даводзілася быць у ролі гэтага вядомага чараўніка, якія гісторыі пакінуў у іх памяці гэты вопыт.


Алег Коц, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага:

— Я даволі часта быў Дзедам Марозам, хоць цяпер, здаецца, вырас з гэтай ролі. Увогуле гэта звычайная практыка для студэнтаў акцёрскіх вузаў, пачынаючы з першых курсаў. Давялося на навагоднія святы прымяраць белую бараду і тады, калі ў мяне нарадзіўся сын. Я на працягу трох гадоў быў Дзедам Марозам у яго садку, але ні разу не «пракалоўся», і сын мяне не пазнаў. І ён дагэтуль верыць у існаванне гэтага чараўніка.

Аднак на адным з ранішнікаў адбылася наступная гісторыя... Незнаёмы хлопчык, пабачыўшы мяне ў ролі Дзеда Мароза, пачаў паказваць на мяне пальцам са словамі «Гэта мой тата!» І ў дзіцяці здарылася сапраўдная істэрыка, якую мы змаглі спыніць толькі пасля таго, як я крыху «размаскіраваўся». Калі хлопчык пераканаўся, што я — не яго тата, але і не сапраўдны Дзед Мароз, то ў вачах з'явілася здзіўленне і чыталася пытанне «А дзе ж тады сапраўдны Дзед Мароз?»... Шкадую, што давялося так расчараваць дзіця.

Скажу сумленна, сам да сёння веру ў Дзеда Мароза, бо патрэбен жа і нам, дарослым, добры чараўнік, які выканае нашы пажаданні. На Новы год заўсёды загадваю жаданні, прычым не адно, а шмат. Вельмі хочацца, каб усе людзі верылі ў цуды, таму калі я ў ролі Дзеда Мароза, для мяне гэта магчымасць падарыць людзям такую веру. Сёння ў тых жа садках бацькі назіраюць за ўсім, што адбываецца на ранішніку, праз мабільны тэлефон, а так хочацца зрабіць іх непасрэднымі ўдзельнікамі свята... А яшчэ для мяне вось што важна. Калі прыйшоў да дзяцей на навагодні ранішнік і здолеў зрабіць так, каб яны не ўспаміналі пра падарункі, а радаваліся таму, што адбываецца.

Хоць з падарункамі таксама могуць быць казусы... Здараецца, калі ў якасці Дзеда Мароза дастаеш падарункі з мяшка, іх можаш пераблытаць. Тады самае галоўнае — хуценька завалодаць увагай дзіцяці і, пакуль тое занятае, знайсці патрэбны прэзент. І тады ў выніку зноў усе шчаслівыя... У святы вельмі хочацца ўсім пажадаць заставацца дзецьмі і не пераставаць верыць у цуды. Я спадзяюся, што ў наступным годзе ўсе жаданні беларусаў здзейсняцца!

Руслан Туркоў, прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі:

— Мне шмат разоў даставалася роля Дзеда Мароза. Згадваецца адна гісторыя з 1990-х, я тады яшчэ працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў Магілёве. І вось мяне запрасілі пабыць галоўным навагоднім чараўніком. Тады было складана з падарункамі, цукеркамі і цацкамі. Даводзілася раздаваць па тры-чатыры цукерчыны, каб усім дзецям хапіла. Але бывала і так, што падыходзілі бацькі і прасілі павіншаваць іх дзіця асобна. Так аднойчы падышлі да мяне і далі цацачную чыгунку, сказалі — «Падарыце вось таму хлопчыку!» Я падыходжу да дзіцяці і перадаю яму падарунак нібы ад Дзеда Мароза. А побач сядзіць дзяўчынка, паглядае на шыкоўны падарунак суседа і з надзеяй пытаецца ў мяне: «А мне што ты падорыш?» Я ж, вядома, не магу ёй прызнацца — «На жаль, твае бацькі нічога табе не перадалі», таму дастаю ёй з мяшка толькі пару цукерак, бо больш нічога не мог даць. Ніколі не забудуся надзеі і расчаравання той дзяўчынкі... Думаю, сённяшнім дзецям цяжка ўявіць, як тады жылі і як часам складана было Дзеду Марозу.

Увогуле, з дзясятак разоў мне даводзілася быць Дзедам Марозам. Калі быў ім у свае школьныя гады, то мне казалі, што тыя цукеркі, якія застануцца пасля ранішніка ў мяху, дастануцца мне. Вядома, намагаўся аддаваць дзецям найперш карамелькі, каб мне якая шакаладная цукерка засталася. Потым быў у гэтай ролі ўжо на навагодніх святах у дзіцячым садку, які наведвалі мае двайняты. На шчасце, яны ні разу мяне не «раскусілі», хоць я і не вялікі акцёр. Але я заўсёды з хваляваннем назіраў, як у такія моманты мае дзеці звяртаюцца да мяне, быццам да казачнага персанажа. У сваім дзяцінстве я таксама верыў у Дзядулю Мароза. Паколькі нарадзіўся і рос у вёсцы, то перад Новым годам разам з бацькам ездзіў у лес па елку. І калі мы ішлі па лесе, мне здавалася, што вось зараз на паляне з'явіцца хатка гэтага чараўніка... Цяпер вельмі радасна глядзець, як мае дзеці пішуць лісты Дзеду Марозу і кажуць, каб я іх перадаў. Альбо яны вераць, што мы з ім добрыя знаёмыя, альбо проста падыгрываюць мне, каб не застацца без чаканых падарункаў... А ўсім нам хачу пажадаць на Новы год знайсці пад ёлкай дабро, мір і — самае галоўнае — здароўе! Беражыце сябе!

Яўген Алейнік, прадзюсар гурта AURA, кампазітар:

— Цікавая гісторыя ў ролі Дзеда Мароза адбылася са мной гадоў дзесяць таму, калі майму старэйшаму сыну было гады тры. Мяне тады натхнілі ўласныя ўспаміны з дзяцінства, калі мой дзядуля пераапранаўся і з'яўляўся перада мной у выглядзе навагодняга чараўніка. Прычым я рэагаваў так, як спачатку і мой сын — я яго не пазнаваў. Ёсць нават фотаздымак з тых часоў... Вядома, захацелася і для свайго сына зрабіць нешта падобнае. І вось я набыў касцюм, пераапрануўся, узяў мех з падарункамі і прыйшоў у хату. І, відаць, настолькі ўжыўся ў ролю, што мой Сашка пабег па ўсёй кватэры шукаць мяне з крыкамі «Тата, глядзі, Дзед Мароз прыйшоў!» А не знайшоўшы мяне, пачаў спяваць чароўнаму госцю нашы песні, хоць мы нават не падазравалі з жонкай, што ён іх ведае. Было весела і цікава. Праўда, на наступны год мой нумар ужо не прайшоў! Сын мяне адразу пазнаў. А вось летась мы для малодшага сына выклікалі акцёра-Дзеда Мароза, і калі той запытаў у малога, ці добра ён сябе паводзіў, то наш Вова выдаў: «Так, я добра сябе паводзіў! Еў кашу і супчык!» Хоць насамрэч яго няпроста накарміць, але сказаў якраз тое, што ад яго чакалі. Думаю, сёлета паспрабую сам яшчэ раз стаць для яго Дзедам Марозам... А ўсім нам напярэдадні свята пажадаю, каб аказалася, што 2020-ы быў чорнай паласой, а за ёй у 2021 годзе абавязкова з'явіцца белая!

Дзмітрый Церахаў, вядучы тэлеканала АНТ:

— Мне неаднойчы даводзілася быць у такой ролі, асабліва калі пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у школе, і там ладзілі святы для дзяцей. Але быў адзін ранішнік, які мы рыхтавалі для ветэранаў педагагічнай працы Ленінскага раёна. На ім мне давялося быць Дзедам Марозам для людзей ва ўзросце. І гэта запомнілася, бо дарослыя сапраўды часам бываюць як дзеці. Заслужаныя настаўнікі з задавальненнем вадзілі хараводы, удзельнічалі ў віктарынах і радаваліся святу, магчыма нават больш, чым дзіцячая публіка.... Заўсёды прыемна быць часткай навагодняга чараўніцтва і дарыць добрыя эмоцыі дзецям і дарослым. Мы з дачкой, напрыклад, пішам лісты Дзеду Марозу, і ў такія моманты мая вера ў гэтага чараўніка нібы вяртаецца. Тым больш калі пад ёлачкай знаходзіш падарунак, пра які марыў, то чым гэта не пацвярджэнне... Калі шчыра, сам я ў дзяцінстве ніколі не спрабаваў высветліць, а ці сапраўдны Дзед Мароз. Але падтрымліваць гэтую веру ў сваёй дачкі нам з жонкай падабаецца. І вельмі хочацца, каб людзі імкнуліся настройвацца на свята, жылі ў чаканні цудаў. Хоць мы і разумеем, што ўсё залежыць толькі ад нас. Няхай ва ўсіх усё будзе добра!

Алена ДРАПКО

Фота з архіваў герояў матэрыялу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.