Вы тут

Шматвектарнасць па-ранейшаму актуальная


Сітуацыя ў свеце і вакол Беларусі, адносіны з суседзямі і саюзнікамі, галоўныя задачы для дыпламатаў на заўтрашні дзень. Паводле нарады, на якой былі расстаўленыя акцэнты па пытаннях знешняй палітыкі.


Безумоўна, наладжваючы партнёрскія cувязі ў рамках сусветнай супольнасці кожная суверэнная дзяржава разам з тым кіруецца сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта не аксіёма, гэта — знешнепалітычная рэальнасць. Але ўзаемавыгадныя адносіны паміж краінамі абавязкова маюць і свае прынцыпы. Нездарма на нарадзе Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, зрабіў такое ўдакладненне:

— Беларусь заўсёды гатовая да супрацоўніцтва з тымі, хто выконвае прынцыпы ўзаемапавагі, шчырасці і прыстойнасці.

Акрэсліваючы міжнародную сітуацыю, Прэзідэнт Беларусі акцэнтуе ўвагу на тым, што высакосны год усяму свету падкінуў нямала клопатаў. І справа не толькі ў пандэміі і звязанымі з ёй эканамічнымі праблемамі.

— Зноў палыхнула на прасторы былога Савецкага Саюза. На гэты раз у Нагорным Карабаху. Гарачы канфлікт паміж нашымі блізкімі партнёрамі — Арменіяй і Азербайджанам, які завяршыўся там, — зараз, па ўсёй бачнасці, будзе разгортвацца ў дыпламатычнай плоскасці, — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, не спыніліся войны на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, дзе ў Беларусі свае эканамічныя інтарэсы. На фоне абмежавальных мераў у барацьбе з каранавірусам і тэрарыстычных нападаў ісламістаў узмацняюцца пратэстныя настроі ў еўрапейскіх краінах.

Нявызначанасць у міжнародную абстаноўку ўносяць і прэзідэнцкія выбары, што прайшлі ў ЗША, і якія пакуль пакідаюць знак пытання пад будучай палітыкай Вашынгтона. Але самае важнае для нас цяпер — гэта абстаноўка вакол Беларусі, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Іншымі словамі, краіна заўсёды гатовая сябраваць і супрацоўнічаць з тымі, хто яе паважае, лічыцца з ёй і з яе інтарэсамі. На жаль, некаторыя нашы так званыя партнёры раптам апынуліся не гатовыя да працы ў такіх умовах, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Гаворка ў дадзеным выпадку ідзе аб тых заходніх дзяржавах, з якімі Беларусь у апошнія гады паступова і настойліва выбудоўвала ўзаемавыгадныя кантакты, і асабліва пра бліжэйшых суседзяў — Польшчу і Літву.

— Занятая імі пазіцыя ў дачыненні да Беларусі можа перакрэсліць калі не ўсё, то многае з дасягнутага, — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што супраць Беларусі зноў уведзеныя санкцыі. Які будзе адказ?

Крыху пазней у інтэрв’ю журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей падрабязна адказаў на гэтае пытанне. Ён, у прыватнасці, выказаў шкадаванне, што некаторыя партнёры пайшлі на ўвядзенне супраць Беларусі нейкіх абмежаванняў, пашырэнне персанальных санкцыйных спісаў:

— Вядома, мы не можам пакідаць падобныя рэчы без адказу. Таму з нашага боку таксама пашыраныя адпаведныя санкцыйныя спісы з уключэннем туды асоб з усіх краін Еўрасаюза.

Уладзімір Макей таксама паведаміў аб тым, што было прапанавана прыпыніць працу каардынацыйнай групы Беларусь-ЕС, у фармаце якой абмяркоўваліся розныя пытанні ўзаемадзеяння, у тым ліку ў сферы абароны правоў чалавека:

— Мы ніколі не адмаўляліся ад абмеркавання адчувальных пытанняў. Але сёння бачым, што гэтыя пытанні абсалютна палітызаваныя. Таму няма сэнсу ў тым, каб працягваць з ЕС дыялог па правах чалавека. Мы прыпыняем гэты дыялог. Мы бачым, што ёсць спробы таксама палітызаваць рэалізацыю шэрагу інфраструктурных міжрэгіянальных праектаў у рамках ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Таму прынята рашэнне аб паніжэнні ўзроўню ўдзелу Беларусі ў гэтай ініцыятыве да экспертнага.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што беларускі бок заўсёды быў і будзе настроены на тое, каб санкцыйная рыторыка сыходзіла з парадку дня. Але дзеянні партнёраў не пакідаюць нічога іншага, як адэкватна рэагаваць на недружалюбныя крокі ў дачыненні да Беларусі.

— Не мы былі ініцыятарамі гэтых крокаў. Мы толькі адэкватна рэагуем на тыя негатыўныя заявы і канкрэтныя дзеянні нашых заходніх партнёраў, якія звязаныя з умяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі.

Пры беспрэцэдэнтным знешнім ціску асабліва каштоўная тая падтрымка, якую аказалі Беларусі яе традыцыйныя саюзнікі — Расія, Кітай і іншыя краіны, яшчэ раз пацвердзіўшы непарушны прынцып аб тым, як спазнаюцца сапраўдныя сябры. Але, мабыць, не ўсім па душы саюзніцкі характар беларуска-расійскіх адносін. Адсюль і крытыка Беларусі за яе шматвектарную палітыку, якая гучыць у апошні час у асобных СМІ, у прыватнасці расійскіх. Аляксандра Лукашэнку гэта здзіўляе:

— Я не зусім разумею, чаму супраць нашай шматвектарнасці падскочылі нейкія сілы ў Расійскай Федэрацыі? Нам бы хацелася, каб яны сказалі, якія ў сувязі з гэтым маюць да нас прэтэнзіі? Бо мы выразна заявілі аб тым, што наш бліжэйшы саюзнік, родная нам краіна і народ — гэта Расія і расіяне. Яшчэ раз падкрэслю: мы ніколі не адварочваліся ад Расіі. Ніколі!

Сапраўды, нават у тыя часы, калі паміж краінамі ўзнікалі пэўныя спрэчкі, Беларусь заўсёды паводзіла сябе годна. Сёння ж сёй-той спрабуе ўсё перавярнуць з ног на галаву і выдаць шматвектарную палітыку Беларусі як разварот ад Расіі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сёння палова экспарту беларускай прадукцыі прадаецца на знешніх рынках удалечыні ад Расіі, і гэты экспарт трэба забяспечваць палітычна і дыпламатычна:

— Вось і ўся шматвектарнасць. Гэта аксіёма. Любая дзяржава такую палітыку праводзіць. Мы вымушаныя праводзіць шматвектарную палітыку ў сілу таго, што мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, мы суверэнная, незалежная дзяржава, і нас да гэтага падштурхоўвае эканоміка, дабрабыт нашых людзей.

Прэзідэнт звярнуўся да кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў і Урада, каб яны выразна данеслі гэты пункт гледжання да замежных партнёраў.

Тэму шматвектарнасці ў гутарцы з журналістамі закрануў і міністр Уладзімір Макей:

— Такія дзяржавы, як Беларусь, сярэднія па маштабу і патэнцыялу, вымушаныя ўлічваць свае інтарэсы на ўсіх напрамках. Расія адназначна з’яўляецца нашым галоўным, стратэгічным партнёрам і саюзнікам, гэтак жа, як і Кітай. Але гэта не значыць, што мы павінны замыкацца толькі на нейкіх двух кірунках, як бы хто ні папракаў нас у тым, што мы спрабуем праводзіць палітыку шматвектарнасці. Як можна адмовіцца ад узаемавыгадных напрамкаў супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі, еўрапейскімі краінамі, куды ідзе больш за 50 працэнтаў нашага экспарту? Расія для нас галоўны партнёр і саюзнік, мы маем намер і далей паглыбляць наша супрацоўніцтва, але не будзем адмаўляцца ад іншых вектараў.

Што тычыцца сусветнай эканомікі ў цэлым, на яе сёння, сапраўды, аказвае сур’ёзны ўплыў пандэмія каранавіруса. Нанесеную шкоду яшчэ трэба будзе ацаніць. Але ўжо цяпер зразумела галоўнае — пасля крызісу заўсёды надыходзіць ўздым.

— Таму трэба вельмі дакладна ўлавіць момант ажыўлення сусветнай вытворчасці і годна выкарыстоўваць існуючую кан’юнктуру, — звярнуў увагу Прэзідэнт і падкрэсліў, што курс на падтрымку рознабаковых міжнародных кантактаў застаецца нязменным:

— Мы павінны размаўляць з усімі, хто хоча з намі размаўляць і нас паважае. Залогам нашай эканамічнай бяспекі з’яўляецца захаванне традыцыйных і асваенне новых рынкаў. Нам неабходна дакладна разумець, ці маюць патрэбу ў карэкціроўцы падыходы па дыверсіфікацыі экспарту, з якімі мы ўжо вызначыліся.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб неабходнасці з найбольшай выгадай для краіны распарадзіцца тым добрым ураджаем, які атрыманы сёлета, а таксама цікавіўся прагнозам знешнеэканамічнай дзейнасці ў цэлым. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што менавіта знешнеэканамічны напрамак уваходзіць у лік прыярытэтаў дзейнасці Міністэрства замежных спраў:

— Галоўнае для дыпламата за межамі нашай краіны — пасла и пасольства — заключаецца ў тым, каб прасоўваць нашы тавары на ўсіх рынках. Экспарт — галоўнае для працы дыпламатычнага корпуса.

Дарэчы, Беларусь гатовая падвергнуць рэвізіі многія выгадныя ЕС праекты і сферы адносін. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай заяве Міністэрства замежных спраў.

Аднабаковае агрэсіўнае звужэнне поля для дыялогу з суседняй Беларуссю — гістарычная памылка еўрапейскай бюракратыі, заявілі ў МЗС. Там звярнулі ўвагу на тое, што беларускі бок лічыць адзіным перспектыўным шляхам адказны, узважаны і неканфрантацыйны падыход з боку ЕС. У гэтым выпадку Беларусь будзе гатовая працягваць і развіваць дыялог на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове.

Аляксей Фядотаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Як не быць алімпійскім чэмпіёнам, але быць героем спорту.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.

Грамадства

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Яна расказала чытачам «Звязды», ці плануе Беларускі саюз жанчын стаць першай жаночай палітычнай партыяй у краіне і як гэта — сумяшчаць работу ў дзяржапараце з актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Хітра ўладкавана чалавечая памяць. Бывае, нешта ўбачыў-пачуў, а што — хоць забі — назаўтра не ўспомніш, а нешта — якраз наадварот — «ляжыць» там гадамі ці нават дзесяцігоддзямі і ўспамінаецца досыць часта...