Вы тут

Маразы пратрымаюцца да чацвярга, а далей — хлюпота


У апошнія гады надвор'е ў нас усё часцей прыносіць нечаканыя сюрпрызы: то халодны сезон без зімы (як у мінулым годзе), то завоблачны «мінус» да 30 градусаў ужо сёлета. Добра яшчэ, што сур'ёзныя маразы ў нас істотна аслабеюць, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Мінулы тыдзень студзеня прымусіў успомніць нават пра валёнкі, бо ў апошні час іх у Мінску практычна не было відаць... А вось у выхадныя яны б спатрэбіліся, тым больш што ў гэтыя дні ў сярэднім адзначалася на 10—15 градусаў ніжэй за кліматычную норму. З 16 да 18 студзеня ўначы тэмпература на большай частцы тэрыторыі краіны апускалася ніжэй за 20 градусаў марозу. Мінімальнае значэнне тэмпературы паветра адзначана ў ноч на 17 студзеня на метэастанцыі Слуцк — мінус 28,7 градуса.

У трэці тыдзень года чакаецца змена ўмоў надвор'я. У пачатку тыдня яшчэ захаваецца марознае надвор'е, але пачынаючы з серады па паўднёвым захадзе, а ў далейшым па ўсёй тэрыторыі краіны будзе адбывацца павышэнне тэмпературнага фону. Затым да канца тыдня тэмпература паветра будзе ў асноўным вагацца ад слабаадмоўных да слабастаноўчых значэнняў, толькі ўначы на чацвер па ўсходзе краіны яшчэ падмарозіць да мінус 13—15 градусаў. Пры павышэнні тэмпературы паветра з сярэдзіны тыдня ападкі будуць ісці ў выглядзе мокрага снегу і дажджу.

Вось так, а пакуль... Сёння ў аўторак раніцай месцамі па краіне пройдзе невялікі снег, удзень будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўдзень 10—16 градусаў ніжэй за нуль.

Затым, пачынаючы з паўднёва-заходніх раёнаў Беларусі, чакаецца аслабленне маразоў. У сераду ўначы па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег, слабая завіруха. Удзень па паўднёвым захадзе прагназуецца мокры снег, магчымы дождж, месцамі галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу на сераду па краіне будзе розная і складзе 16—23 марозу, пры праясненнях — да мінус 26 градусаў, па паўднёвым захадзе — мінус 9—15 градусаў, у крайніх паўднёва-заходніх раёнах Брэсцкай вобласці — толькі 6—8 марозу. Удзень будзе 6—13 градусаў ніжэй за нуль, па паўднёвым захадзе — ад мінус 5 да плюс 1 градуса.

Далей маразы будуць слабець па ўсёй краіне. У чацвер уначы на большай частцы тэрыторыі, удзень месцамі, пераважна па паўночным усходзе, пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, які будзе пераходзіць у дождж. Месцамі чакаюцца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля па паўднёвым захадзе краіны да 13—15 марозу па ўсходзе краіны, удзень будзе ад мінус 2 градусаў да 4 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу будзе пераважна без ападкаў. Месцамі чакаюцца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 градусаў да 2 цяпла, удзень будзе ад 2 марозу да плюс 4 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.