Вы тут

Адкрываем сакрэты стварэння праграмы «Агнявы рубеж» на тэлеканале «Беларусь 5»


Кожную сераду ў цэнтры ўвагі аматараў спорту — біятлон, якому прысвечана праграма «Агнявы рубеж» на тэлеканале «Беларусь 5». Гэта не проста біятлонныя звесткі, а эксклюзіўныя інтэрв'ю, якасная аналітыка, рэпартажы з гонак і неверагодныя гісторыі спартсменаў. І ўсё гэта робіць адзін чалавек — аўтар і вядучая праекта Ганна Любянкова. Яна адкрыла «Звяздзе» закуліссе папулярнай праграмы.


— Гадоў пяць таму я прапанавала кіраўніцтву канала «Беларусь 5» ідэю праекта, прысвечанага біятлону. Спорт у краіне папулярны, вынікі ў спартсменаў добрыя, аматарам такая праграма прыйшлася б даспадобы. Але тады мая ідэя не рэалізавалася. Новы кіраўнік канала Павел Булацкі яе падтрымаў, і я прыступіла да стварэння свайго праекта. Гэта было ў пачатку лістапада, а ў канцы месяца мы ўжо выходзілі ў эфір. Першы сезон прайшоў як у тумане — я фактычна жыла на рабоце, ад'язджала дадому на апошнім цягніку метро, а вярталася з самага ранку. І вось ужо чатыры гады зіма для мяне — самы гарачы час. Я жыву ад серады да серады, ад выпуску да выпуску.

«Агнявы рубеж» складаецца з розных блокаў: інфармацыя аб нядаўнім турніры, зараз гэта этапы Кубка свету, дайджэст навін. Раней я збірала праграму цэлы тыдзень, але з часам навучылася выбіраць тое, што мне патрэбна, і аптымізаваць сваю работу. Увесь тыдзень я збіраю інфармацыю, навіны, а ў панядзелак і аўторак складаю новы выпуск. Цяпер, калі праз пандэмію не магу паехаць у камандзіроўку на турніры, узнікаюць цяжкасці з інтэрв'юіраваннем спартсменаў. Выратоўваюць нашы сяброўскія адносіны, біятланісты запісваюць мне відэа, даюць свае каментарыі. Дзякуючы доступу да відэаархіва Міжнароднага саюза біятланістаў, ёсць магчымасць паказаць гледачам цікавыя матэрыялы з месца падзей. Калі еду на спаборніцтвы, прывожу адтуль матэрыялу на год наперад. І ў мяне засталося яшчэ шмат цікавага з мінулага сезона. Выдатныя моманты гонак, жывыя інтэрв'ю са спартсменамі — што ў біятлоне рэдкасць — абавязкова выйдуць у эфір напярэдадні чэмпіянату свету ў лютым, калі будзе зацішша ў Кубку свету і аператыўнай інфармацыі стане мала.

Выпуск тэлевізійнай праграмы на 27 хвілін — вялізная праца, і многія здзіўляюцца, што я раблю ўсё сама. Але гэта так, каманды ў мяне няма. Адзінае, чаго я не ўмею рабіць для праграмы, — гэта манціраваць, астатняму ўсяму навучылася. У мінулым годзе працавала нават без аператара. У нас была ўмова: або я еду адна на два этапы Кубка свету, або — на адзін, але з аператарам. Канешне, я паехала на два этапы самастойна і працавала і за карэспандэнта, і за аператара. Мне дапамагаў фатограф федэрацыі біятлона Дзяніс Касцючэнка, і многае я зняла сама. Гэта быў мой першы аператарска-карэспандэнцкі вопыт, цікавы, неардынарны, але паўтараць яго я не хачу. З аператарам працаваць прасцей, кожны выконвае свае абавязкі і пры неабходнасці дапамагае адзін аднаму. Напрыклад, аператар можа папрасіць спартсмена спыніцца ў мікс-зоне. А так я падчас гонкі брала каментарый у першага, хто фінішаваў, бегла ў прэс-цэнтр, адтуль адпраўляла матэрыял у Мінск і там ужо яго ставілі ў эфір. На першы погляд можа падацца, што працаваць на месцы падзей лёгка — спаборніцтвы, спартсмены. Але гэта цяжка, хоць я і люблю такую работу ўсёй душой.

За чатыры гады ў мяне сабралася некалькі любімых выпускаў «Агнявога рубяжа». Больш за ўсё мне падабаюцца навагоднія праграмы, дзе біят-ланісты віншуюць аматараў, а тыя — біятланістаў. У мяне быў выпуск, калі я па горадзе хадзіла з камерай і мікрафонам і прасіла людзей павіншаваць нашу біятлонную каманду. Атрымалася вельмі душэўна. Самыя любімыя выпускі — з Осла, Цюмені 2018 года, калі Надзея Скардзіна выйграла Малы хрустальны глобус, калі Дар'я Домрачава выйгравала. Гэта былі апошнія гонкі Дашы і Надзі, пра што ніхто не ведаў. Я манціравала іх ноччу, каб паспець раніцай даць у эфір... Я вельмі люблю выпускі праграмы, знятыя на месцы падзей, — яны перадаюць антураж, атмасферу спаборніцтваў. Робячы кожны выпуск «Агнявога рубяжа», стараюся зацікавіць гледачоў, каб яны палюбілі біятлон так, як люблю яго я.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: Сусветны біятлон на пятай кнопцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.

Грамадства

Заснуць за 60 секунд. ​Што рабіць з бяссонніцай?

Заснуць за 60 секунд. ​Што рабіць з бяссонніцай?

Сон — адна з асноўных патрэб чалавечага арганізма.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.