Вы тут

У Магілёве абмеркавалі праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку


Магілёўскую вобласць на Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўляць 310 дэлегатаў. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падкрэсліў, што гэта дасведчаныя людзі, якія карыстаюцца аўтарытэтам у працоўных калектывах і вельмі добра ўяўляюць перспектывы развіцця як рэгіёна, так і краіны ў цэлым. Магілёўшчына актыўна ўдзельнічала ў абмеркаванні надзённых пытанняў на дыскусійных пляцоўках, у аргкамітэт сходу было накіравана больш чым 270 прапаноў. Некаторыя з іх ляглі ў аснову праекта праграмы.


Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў адразу ж папярэдзіў, што праект — пакуль толькі контуры той канчатковай праграмы, якая будзе прынята пасля Усебеларускага народнага сходу з улікам заўваг і прапаноў з рэгіёнаў. Ён таксама падкрэсліў, што над распрацоўкай гэтага ўсёабдымнага дакумента на працягу двух апошніх гадоў працавала шмат экспертаў, у тым ліку больш чым сто профільных. Пры распрацоўцы праграмы вызначаліся яе стартавыя ўмо-
вы — тое, што было дасягнута за папярэднія пяць гадоў.

Дзяржава працягне захоўваць сацыяльную накіраванасць, у рамках якой галоўная мэта — рост дабрабыту людзей. Асноўная ўвага будзе ўдзяляцца даходу і занятасці насельніцтва, даступнасці жылля, высокатэхналагічным паслугам у ахове здароўя і адукацыі. Акцэнт робіцца на развіццё новых тэхналагічных галін і прадпрыемстваў, лічбавізацыю, развіццё навукі, падтрымку вынаходніцтва і рацыяналізатарства, раскрыццё творчага патэнцыялу.

У медыцыне плануецца рэалізацыя трох асноўных кірункаў: зніжэнне ўзроўню захваральнасці сярод насельніцтва і ўзмацненне эпідбяспекі. Асноўныя меры — правядзенне прафілактыкі, медыцынскія скрынінгі і дыспансерызацыя. Другі кірунак звязаны са стварэннем высокатэхналагічнай медыцыны ў рэгіёнах. За пяцігодку плануецца пабудаваць 12 міжрэгіянальных цэнтраў для аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. У Магілёўскай вобласці іх будзе два — у Касцюковічах і Бабруйску. Цэнтры плануецца аснасціць сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем. «Лічбавізацыя медыцыны дапаможа ўкараніць адзіную тэлекамунікацыйную інфраструктуру аховы здароўя на базе 5G, — падкрэсліў міністр. — Гэта дасць магчымасць дыстанцыйна маніторыць здароўе і праводзіць высокатэхналагічныя аперацыі».

У будучай пяцігодцы стаўка робіцца таксама на ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу і лічбавізацыю галін народнай гаспадаркі. Гэта будзе адбывацца за кошт росту даходаў насельніцтва, рэалізацыі дзяржпраграм і стымулявання набыцця тавараў айчыннай вытворчасці. Новы інвестыцыйны цыкл будзе садзейнічаць росту вытворчасці працы, павелічэнню канкурэнтаздольнасці і экспартных магчымасцяў. Змены ў знешніх умовах і ўзмацненне канкурэнцыі патрабуюць новых бізнес-мадэляў, узаемадзеяння бізнесу і прадпрыемстваў. Прапануецца аб'яднаць намаганні магутных кампаній, бізнесу, навукі і стварыць 13 кластараў у найбольш перспектыўных сферах. Яны будуць нацэлены на стварэнне новых прадуктаў і прасоўванне іх на рынак. У Магілёўскай вобласці такіх кластараў з'явіцца два — у сферы біятэхналогій на базе тэхнапарка ў Горках і Беларускай сельгасакадэміі. Другі — ІТ-кластар, каардынатарам яго стане Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця. Гэты кластар аб'яднае Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, якія размяшчаюцца на тэрыторыі вобласці, прадпрыемствы і спецыялізаваныя лабараторыі.

Плануецца рэалізаваць шмат амбіцыйных планаў па развіцці ўсіх галін народнай гаспадаркі. Напрыклад, на плошчах філіяла «Магілёўліфтмаша» — прадпрыемства «Электрарухавік» — плануецца стварыць высокатэхналагічную вытворчасць па выпуску электрарухавікоў для электратранспарту і пад'ёмна-транспартных механізмаў.

У праграму закладзены вялікі сацыяльны складальнік. З падрабязнасцямі гэтай часткі праграмы азнаёміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. У прыярытэце — шчаслівая сям'я, у аснове якой традыцыйныя адносіны, здароўе, падтрымка маладых, клопат аб старэйшым пакаленні. Шмат увагі аддаецца шматдзетным сем'ям. Гэта і паляпшэнне іх жыллёвых умоў, пытанні працаўладкавання, павелічэнне дапамогі па доглядзе за малымі дзецьмі. У праграме запланавана будаўніцтва школ, дзіцячых садкоў. Так, за пяць наступных гадоў у Магілёўскай вобласці будзе ўзведзена 12 дзіцячых садкоў.

Са сваімі прапановамі выступілі і дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Генеральны дырэктар «Магілёўхімвалакно» Пётр Руднік прапанаваў зрабіць у вобласці яшчэ адзін кластар — хімічны. У Магілёве ёсць спецыяльныя навучальныя ўстановы, здольныя забяспечыць галіну кваліфікаванымі кадрамі, як з вышэйшай адукацыяй, так і з прафесійна-тэхнічнай.

Словы ўдзячнасці кіраўніцтву краіны выказаў старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта. Праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна, дзеянне якой распаўсюджваецца і на Слаўгарад, дапамагла раёну прыцягнуць да сябе ўвагу такіх буйных інвестараў, як бабруйскі «Чырвоны харчавік», Магілёўскі мясакамбінат. І планы на будучую пяцігодку тут вялікія.

— Вельмі добра, што сёлетні год прысвечаны адзінству ўсяго грамадства. Гэта добры пасыл на будучую пяцігодку, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. — Калі народ адзіны, ён аднолькава падыходзіць да вырашэння праблем. Для Магілёўскай вобласці вельмі важна дасягнуць тых эканамічных паказчыкаў, якія забяспечылі б дабрабыт нашых людзей. Мы бачым нашы рэзервы ў прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, усе недахопы, якія ёсць. Усё гэта мы выкарыстаем як платформу для павышэння эфектыўнасці работы. Дакумент, што абмяркоўваўся сёння, людзі падтрымалі аднагалосна, паколькі бачаць, што гэта — наша будучае, перспектыва развіцця краіны.

— У мяне вялікае задавальненне ад Магілёва. Убачыўшы такую салідарнасць, я адчуў, што жыццё зменіцца, стане лепшым, — рэзюмаваў кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергеенка. — У аснову ўсёй сацыяльнай палітыкі дзяржавы пакладзены інтарэс звычайнага чалавека. Гэта пытанні, якія датычацца адукацыі, аховы здароўя, развіцця інтэлектуальных магчымасцяў, даходаў. Падрыхтаваная праграма ўсёабдымная. Гэта сур'ёзны дакумент, у якім закладзены добрыя перспектывы для развіцця і Магілёўскай вобласці. Яны выклікаюць аптымізм. Дастаткова сказаць, што Магілёўшчына на працягу апошніх двух гадоў дэманструе поспехі і ў эканоміцы, і ў ахове здароўя, і ў стварэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Размова ішла аб захаванні чалавечых і гістарычных каштоўнасцяў, грамадства ў цэлым. Прыемна было бачыць, што ў зале сабраліся неабыякавыя людзі. Размова атрымалася вельмі канструктыўная. І кіраўнікі прадпрыемстваў, і педагогі, і простыя рабочыя выказалі сваю салідарнасць. Прагучалі і дзелавыя прапановы, якія патрабуюць рашэння на цэнтральным узроўні, і тыя, якія носяць рэгіянальны характар і будуць вырашацца на ўзроўні Магілёўскага аблвыканкама. Наогул мне спадабаліся канструктывізм, дзелавітасць і патрыятычнасць сходу.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Канструктывізм, дзелавітасць і патрыятычнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.