Вы тут

Жалезнае братэрства. Як развіваецца супрацоўніцтва Беларусі і Кітая?


Студзень — асаблівы час для беларуска-кітайскіх узаемаадносін. Менавіта ў гэтым месяцы 29 гадоў таму — у пачатку 1992-га — былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж нашымі краінамі. З той пары многае змянілася, аднак нязменным застаецца вектар плённага ўзаемадзеяння паміж Мінскам і Пекінам. Кітай з'яўляецца стратэгічным партнёрам Беларусі. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва развіваецца па многіх кірунках, рэалізуецца шэраг важных праектаў. 31 жніўня 2015 года была падпісана ключавая прэзідэнцкая Дырэктыва № 5 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай». Чым адметнае супрацоўніцтва краін?


Шчырая дружба

Як расказалі карэспандэнту БелТА ў пасольстве Беларусі ў КНР, мінулы год быў напоўнены падзеямі, што ўмацавалі двухбаковыя адносіны і вывелі іх на больш высокі ўзровень. «Нягледзячы на пандэмію каранавіруса і запаволенне дзелавой актыўнасці ва ўсім свеце, супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай развівалася ўсебакова і дынамічна, забяспечана актыўнае падтрыманне беларуска-кітайскіх палітычных, эканамічных, гуманітарных кантактаў», — адзначылі ў пасольстве.

«Беларусь і Кітай актыўна падтрымліваюць адзін аднаго па розных пытаннях на міжнароднай арэне, з'яўляючыся надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі», — падкрэслілі ў дыпмісіі. «Рэальным сведчаннем шчырай дружбы і ўзаемадапамогі стала накіраванне гуманітарнай дапамогі адно аднаму ў цяжкія часы барацьбы з COVІD-19. Беларусь 30 студзеня і 6 лютага мінулага года (фактычна першая ў свеце. — Рэд.) прыйшла на дапамогу Кітаю, накіраваўшы па рашэнні кіраўніка дзяржавы два самалёты з гуманітарным грузам для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса. А ў красавіку, маі, снежні 2020 года з Кітая ў Беларусь былі дастаўлены сродкі медыцынскага прызначэння, уключаючы дапамогу ад урада, 21 рэгіёна і многіх суб'ектаў гаспадарання КНР», — адзначылі ў пасольстве.

Адметна, што першы Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах павіншаваў менавіта старшыня КНР Сі Цзіньпін. Паводле яго слоў, Беларусь і Кітай — «жалезныя браты і ўсепагодныя партнёры». «Я надаю вялікае значэнне развіццю кітайска-беларускіх адносін і шаную добрыя рабочыя адносіны і асабістую дружбу з Вамі», — адзначыў у пасланні старшыня КНР.

Пляцоўка для доступу

У мінулым месяцы Беларусь і КНР стварылі пляцоўку для адпрацоўкі пытанняў доступу на кітайскі рынак. Першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў пракаментаваў вынікі праведзенага ў рэжыме відэаканферэнцыі ў сярэдзіне снежня пасяджэння Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, паведамілі ў прэс-службе ўрада. Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, прынятыя ў ходзе пасяджэння рашэнні носяць глыбокі стратэгічны характар, які раскрывае патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння. «Эксклюзіўным з'яўляецца стварэнне ў рамках міжурадавага камітэта Камісіі па мытным і каранцінным супрацоўніцтве. Гэта практычная пляцоўка для адпрацоўкі ўсіх пытанняў доступу на рынкі КНР, ветэрынарнага, каранціннага нагляду і лагістычных ланцужкоў», — адзначыў Мікалай Снапкоў.

Старшыня кітайскай часткі міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве Го Шэнкунь пацвердзіў прыярытэтнасць і безумоўную якасць рэалізацыі ў Беларусі за кошт тэхніка-эканамічнай дапамогі КНР двух спартыўных аб'ектаў — нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту. «Бакі абмеркавалі таксама неабходнасць найхутчэйшага прыцягнення ў эканамічны абарот у Беларусі рэшткаў крэдытных ліній КНР у аб'ёме каля $4 млрд на канкрэтныя праекты па развіцці сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры ў мэтах няўхільнага павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі», — адзначылі ў прэс-службе ўрада.

Драйвер росту

Беларусь разглядае пастаўкі сельгаспрадукцыі ў Кітай як новы драйвер экспарту, заявіў падчас пасяджэння міжурадавага камітэта Мікалай Снапкоў. «У гандлёвым супрацоўніцтве з Кітаем адзначу станоўчую дынаміку, звязаную са зменай структуры беларускага экспарту: пашыраецца таварная наменклатура, зніжаецца залежнасць ад экспарту калійных угнаенняў. Паступальна павялічваецца аб'ём паставак у Кітай беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі», — сказаў Мікалай Снапкоў. Паводле інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, аб'ём паставак у Паднябесную на працягу студзеня—лістапада мінулага года склаў 238,7 мільёна долараў.

У развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва краін на найбліжэйшую перспектыву першы віцэ-прэм'ер акрэсліў шэраг прыярытэтаў, сярод якіх актыўнае прасоўванне экспарту беларускай прадукцыі ў Кітай, пашырэнне допуску на рынак КНР новых катэгорый беларускай ялавічыны, больш хуткая акрэдытацыя беларускага сухога дзіцячага харчавання, павелічэнне квоты на пастаўку цукру ў Кітай.

У якасці ключавых момантаў разглядаюцца выкарыстанне электронных гандлёвых пляцовак як перспектыўнага механізму двухбаковага гандлю, уключэнне беларускай прадукцыі ў дзяржрэзерв КНР, стварэнне на тэрыторыі Кітая сумесных вытворчасцяў для перапрацоўкі беларускай сыравіны, спрашчэнне гандлёвых працэдур і ліквідацыя гандлёвых бар'ераў, аптымізацыя механізмаў фінансавых разлікаў.

Рэкордны тавараабарот

«КНР працягвае захоўваць статус трэцяга па велічыні гандлёвага партнёра Беларусі. Згодна з нашай статыстыкай, аб'ём тавараабароту паміж Кітаем і Беларуссю па выніках 2019 года дасягнуў рэкорднага паказчыка, павялічыўшыся на 58 %. Нягледзячы на ўплыў пандэміі і іншых негатыўных сусветных фактараў, са студзеня да канца лістапада 2020 года маштаб двухбаковага гандлю вырас на 9,2 працэнта. Гадавы аб'ём тавараабароту дасягне новага гістарычнага рэкорду», — расказала БелТА саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях пасольства КНР у Беларусі Чжаа Цюянь.

На яе думку, гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй паміж Кітаем і Беларуссю стаў новым яркім момантам двухбаковага абмену таварамі ў новых умовах. Са студзеня да канца лістапада 2020 года аб'ём гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй паміж дзвюма краінамі павялічыўся на 61,6 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га. Пры гэтым беларускі экспарт вырас на 83,2 працэнта, а імпарт з Кітая скараціўся на 12,6 %.

Чжаа Цюянь звярнула ўвагу, што Кітайская міжнародная імпартная выстаўка паступова становіцца важнай пляцоўкай для павышэння пазнавальнасці беларускай прадукцыі на кітайскім рынку. Так, у лістападзе мінулага года беларускія прадпрыемствы, якія працуюць у сферах гандлю паслугамі і харчовай прамысловасці, заключылі пагадненні аб намерах куплі тавараў і паслуг на суму больш чым 31 мільён долараў.

«Паміж дзвюма краінамі супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы таксама дасягнула добрых вынікаў. Паводле статыстыкі кітайскага боку, са студзеня да лістапада 2020-га аб'ём прамых інвестыцый кітайскіх кампаній у беларускую эканоміку павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года на 40 працэнтаў», — паведаміла саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях.

Узорны праект

Адзін з найважнейшых сумесных праектаў — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», які старшыня КНР ахарактарызаваў як узорны. Як заўважыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, нягледзячы на складаную сітуацыю, абумоўленую пандэміяй каранавіруса, у мінулым годзе парк працаваў вельмі паспяхова. «Вынікі з'яўляюцца даволі высокімі на фоне нават усёй астатняй эканомікі: $75 млн экспарту, $300 млн ужо асвоеных інвестыцый, практычна тысяча створаных працоўных месцаў, Br2,5 тыс. — сярэдняя заработная плата», — паведаміў Дзмітрый Крутой, перадае БелТА.

«З 68 рэзідэнтаў парка, якія на сёння зарэгістраваныя, 12 адносяцца менавіта да сферы навукі, інавацый, новых, абсалютна ўнікальных распрацовак. Гэта амаль 20 %. Калі б у структуры інвестыцый нашай эканомікі выконвалася такая прапорцыя, я думаю, мы мелі б зусім іншую аддачу і іншую якасць інвестыцыйнага працэсу ў рэспубліцы. Парк ствараўся для рэалізацыі праектаў пераважна пятага і шостага ўкладаў, самых найноўшых распрацовак і інавацый, і ён выконвае сваю місію», — лічыць Дзмітрый Крутой.

Ад аўто да біятэхналогій

«СЗАТ «БелДжы» — прадпрыемства, створанае кітайскай кампаніяй Zhejіang Geely Holdіng Group, беларускім БелАЗам і іншымі партнёрамі, запоўніць прабел у вытворчасці легкавых аўтамабіляў у Беларусі. Праект добра развіваецца, усяго летась «БелДжы» прадала 23 тысячы аўтамабіляў, з якіх 9,2 тысячы ў Беларусі і каля 15 тысяч — у іншыя краіны», — паведаміла Чжаа Цюянь.

Яна звярнула ўвагу і на тое, што кітайская карпарацыя Mіdea Group і беларуская кампанія «Гарызонт» стварылі сумеснае прадпрыемства па зборцы бытавой тэхнікі ў свабоднай эканамічнай зоне беларускай сталіцы. Сетка продажаў іх прадукцыі ахоплівае Еўразійскі эканамічны саюз і краіны СНД, частка тавараў таксама прадаецца ў Еўропе. За мінулы год аб'ём рэалізацыі кампаніі склаў $21 млн.

Поўным ходам вядуцца будаўнічыя работы па праекце «Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу», інвестарам і генеральным падрадчыкам якога з'яўляецца кітайская кампанія. «Пасля завяршэння будаўніцтва ён стане першым заводам па вытворчасці амінакіслот у Беларусі. Гэта важны стратэгічны праект у біятэхналагічнай галіне ў Беларусі, увод яго ў эксплуатацыю чакаецца ўжо ў першай палове гэтага года», — падкрэсліла саветнік пасольства КНР.

Чжаа Цюянь таксама распавяла, што Кітай і Беларусь у найбліжэйшы час маюць намер абмяняцца нотамі паміж урадамі для падпісання трэцяга этапу будаўніцтва сацыяльнага жылля ў Беларусі з выкарыстаннем бязвыплатнай дапамогі Кітая. «Будаўніцтва пачнецца ў першай палове гэтага года. 20 дамоў на 1166 кватэр будуць узведзены ў шасці рэгіёнах Беларусі на працягу двух гадоў», — растлумачыла яна. На першых двух этапах рэалізацыі праекта ў шасці абласцях і Мінску было пабудавана 38 дамоў на 3286 кватэр, што дазволіла палепшыць жыллёвыя ўмовы больш чым дзесяці тысячам чалавек.


Даслоўна

Разам супраць пагроз

Днямі адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам

Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся віншаваннямі з нагоды чарговай гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем (пад знакам гэтай даты і прайшла размова), падрабязна абмеркавалі розныя сферы супрацоўніцтва, як паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў старшыні КНР за падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне. Як адзначыў у дадзеным кантэксце кітайскі лідар, толькі народ можа вырашаць і вызначаць будучыню сваёй краіны. У цэлым жа стратэгічныя партнёры Беларусь і Кітай будуць разам супрацьстаяць знешнім пагрозам. Беларусь таксама працягне аказваць Кітаю падтрымку па ўсіх ключавых пытаннях.

Значная ўвага ў размове была ўдзелена сітуацыі з пандэміяй COVІD-19. Бакі абмяняліся інфармацыяй аб мерах па супрацьдзеянні распаўсюджванню інфекцыі, якія прымаюцца. Як адзначыў кітайскі лідар, прычын супакойвацца пакуль няма. КНР пацвердзіла гатоўнасць паставіць у Беларусь вакцыну ад COVІD-19 у патрэбным аб'ёме.

Як безумоўна пазітыўны факт Прэзідэнт Беларусі і Старшыня КНР адзначылі рост двухбаковага гандлю. Яны з задавальненнем канстатавалі, што спаду ўдалося не дапусціць нават у складаных умовах пандэміі і зніжэння дзелавой актыўнасці. У якасці прыкладу ў дадзеным выпадку былі прыведзены пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на кітайскі рынак. Асноўнымі пунктамі росту ў цэлым застаюцца прадукты харчавання і прадукцыя дрэваапрацоўкі. Паспяхова праведзена работа па напаўненні беларускай экспартнай заяўкі, у якую ўвайшлі 88 пазіцый сельскай гаспадаркі, машынабудавання, хімічнай прамысловасці. Таксама лідары абмеркавалі тэму павелічэння аб'ёмаў закупкі КНР у Беларусі калійных угнаенняў. На адпаведную просьбу беларускага боку кітайскія партнёры адказалі гатоўнасцю актыўна прапрацаваць гэтае пытанне.

У цэнтры ўвагі былі і пытанні далейшага развіцця і рэалізацыі патэнцыялу індустрыяльнага парка «Вялікі камень», які з'яўляецца ключавым элементам удзелу Беларусі ў ініцыятыве «Пояс і шлях». Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь традыцыйна будзе дзейным удзельнікам ініцыятывы.

З мэтай развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва прапанавана абвясціць Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая і правесці яго на працягу трох гадоў, з 2021-га да 2023-га. Прэзідэнт Беларусі і Старшыня КНР абмеркавалі і пытанне найбліжэйшай асабістай сустрэчы. З гэтай нагоды пазіцыі таксама цалкам супадаюць: як толькі крыху палепшыцца сітуацыя з пандэміяй, такая сустрэча для абмеркавання ўсіх пытанняў адбудзецца.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Шчаслівыя разам, або Формула кахання ад маці шасцярых сыноў

Крысціна Пасечнік вырасла ў сям’і цыркавых артыстаў. Дзяцей у такіх сем’ях звычайна раз, два і ўсё. Але ў Бога на яе конт былі іншыя планы.

Грамадства

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Жанчыны «Нашай раніцы» на АНТ: лэдзі-бос, жанчына-агонь і дзяўчына-мара

Аб тэлебачанні, сям'і, сакрэтах прыгажосці, здароўя і добрага настрою.

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу.