Вы тут

Той, хто размарозіць душу. Што яднае Рэчыцу і Крайнюю Поўнач?


На Гомельшчыне ў пачатку новага культурнага года — «фотакатарсіс». Работы ашаламляльнай прыгажосці і шчырасці душы, якія яднаюць беларускае Палессе і паўночную частку паўвострава Камчатка. Прадстаўленыя ўнікальныя здымкі — гэта не толькі «пра мастацтва», а яшчэ і гісторыя лёсу незвычайнага чалавека, ураджэнца Рэчыцы Аляксандра Ключнікава.


Фотамастак, музыкант, даследчык, а яшчэ беларускі «нафтавік». Ён нарадзіўся ў Рэчыцы ў 1947-м, з дзяцінства захапляўся музыкай. Скончыў музычную школу, пасля — вучылішча імя Сакалоўскага. Выкладаў у музшколе ў Рэчыцы, быў канцэртмайстрам ансамбля танца «Дняпро», удзельнікам мясцовага вакальна-інструментальнага ансамбля. У 1972 годзе разам з жонкай Нэлі вырашаецца на кардынальныя змены: яго вабяць прыгоды ўдалечыні ад родных мясцін, цягне на Поўнач неабсяжнага СССР. Так, даслаўшы лісты ў некалькі месцаў, Ключнікавы атрымалі першае запрашэнне на Камчатку. Новым домам для маладой беларускай сям'і стаў гарадок у Каракскай акрузе.

Аляксандр працаваў у школе мастацтваў і Доме культуры, стварыў вакальна-інструментальны ансамбль. У складзе культагітбрыгад часта наведваў паселішчы аленяводаў у самых аддаленых кутках паўночнага краю. Ён здымаў на плёнку ўнікальныя кадры аб жыцці каракаў, чукчаў, ітэльменаў, эвенаў... На фота і відэахроніках — побыт, прырода, традыцыі паўночных народаў. Ён умеў убачыць і зафіксаваць тое, што іншым здавалася звычайным. Фотамастак заваяваў асаблівы давер: яму дазвалялася здымаць тое, што ад іншых хавалася.

Захапленне фатаграфіяй неўзабаве перарасло ў работу. Аляксандр Уладзіміравіч — аўтар унікальных дакументальных відэафільмаў, якія дэманстраваліся на шматлікіх выстаўках. Яны расказваюць аб самабытных мастаках, таленавітых настаўніках, стваральніках нацыянальнага адзення.

Пасля 14 гадоў жыцця на Камчатцы Аляксандр Ключнікаў з сям'ёй вярнуўся назад у Беларусь.

— Прыехалі ў Рэчыцу ў 1985 годзе, пачалі ўсё з чыстага ліста, — згадвае жонка фотамастака Нэлі Сяргееўна. — Я пайшла працаваць у мясцовы музей, Саша — на завод «Рытм», хоць шукаў работу па спецыяльнасці. Аднак гэта на Поўначы Ключнікава ведалі як таленавітага фатографа, тут для мясцовых ён быў нікім. І ўсведамленне гэтага давалася нялёгка. Да таго ж на Камчатцы ён як карэспандэнт прывык да свабоднага графіка. Тое, што яму тут дрэнна, я разумела і па яго фатаграфіях. Другое дыханне ў Сашы адкрылася, калі ён уладкаваўся працаваць на «Беларуснафту». З 1986 года працаваў з нашымі нафтавікамі ў Заходняй Сібіры. Тады ён літаральна ажыў.

У 80-90-я гады мінулага стагоддзя выдатныя фатаграфіі Ключнікава, пазаштатнага аўтара газеты «Нафтавік», публікаваліся не толькі ў карпаратыўным выданні, але і ў многіх іншых. Сярод іх — «Звязда», «Знамя юности», «Правда». Серыя фатаграфій «Мінус 49 градусаў», зробленая на радовішчы Навагодняе ў 1987 годзе, абляцела краіну. Работы фотамастака таксама сталі ілюстрацыямі да кнігі «Нафтавая жамчужына Беларусі», а здымкі, зробленыя на радовішчах, сёння — увогуле фоталетапісы нафтаздабычы ў Заходняй Сібіры.

— Работу ў экспедыцыі глыбокага эксплуатацыйнага свідравання ў Заходняй Сібіры, ён спалучаў са сваім хобі — фатаграфіяй. На яго здымках адлюстравана прыгажосць Крайняй Поўначы, народнасцяў, якія пражываюць у гэтых шыротах, і, вядома, працоўныя будні нафтавікоў ва ўмовах суровага клімату. Аляксандр Ключнікаў пакінуў багатую спадчыну ў выглядзе фотаздымкаў, слайдаў, апісальных дзённікаў. Гэта вялікая каштоўнасць для нашага прадпрыемства, — падкрэслівае старшыня Савета ветэранаў ВА «Беларуснафта» Уладзімір Гошкіс.

Нягледзячы на тую аддушыну, якую фотамастак знайшоў у Сібіры, як успамінае яго ўдава, Аляксандра Уладзіміравіча не пакідала думка аб вяртанні на Камчатку, у Каракскую акругу. Ён неаднойчы ўгаворваў Нэлі Сяргееўну зноў паехаць на Поўнач. Сышліся на тым, што галава сям'і паедзе адзін...

— Вярнуўшыся на Камчатку, ён зноў здымаў. Браў апаратуру, заплечнік і ляцеў па новыя гісторыі. У нейкі момант алічбаваў усе свае работы, прывёў у парадак архіў, быццам адчуваў, што хутка сыдзе, — разважае Нэлі Сяргееўна.

У 2009 годзе Аляксандра Уладзіміравіча Ключнікава не стала. Але памяць аб ім жыве не толькі ў сэрцах родных і блізкіх, калег і знаёмых. Ён працягвае жыць і ў сваіх творах. За апошнія гады на Камчатцы былі выпушчаны два фотаальбомы, прысвечаныя творчасці беларуса. Цяпер плануецца трэці.

На Гомельшчыне выстаўку ўнікальных работ фотамастака арганізавалі прадпрыемства «Беларуснафта» і Музей гісторыі горада Гомеля. Экспазіцыя «Ключнікаў. Вяртанне» адкрыта да 12 лютага. Гэта 40 работ аўтара, сярод якіх як знакамітыя фотасюжэты, так і тыя, якія раней нідзе не дэманстраваліся. Ёсць і ўнікальныя чорна-белыя кадры, надрукаваныя самім майстрам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.