Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Не ласкай, дык хітрасцю

...У тое лета для далейшага праходжання службы мы з прыяцелем Юрам прыбылі ў авіяцыйны знішчальны полк, які дыслацыраваўся на Каўказе, непадалёк ад іранскай граніцы. За Каспіем грымела афганская вайна, на поўдні быў вечна неспакойны Блізкі Усход — карацей, расслабляцца не выпадала. Але якраз тады і там Юру собіла закахацца.

Луіза (Ліза па-нашаму) была мясцовая і падобная — што фігурай, што тварам (яго псаваў хіба аблуплены ад загару носік) — да мадонн Рафаэля... Факт, што было ад чаго страціць розум, але ж каб настолькі, каб на пачастункі-падарункі траціць усю палучку... Прытым што Ліза была непрыступная, як гара Арарат...

Карацей, Юра сох на вачах, а калі недзе пачуў, што яго каханую могуць хоць заўтра аддаць замуж у якое-небудзь горнае паселішча, то і наогул — ледзь з глузду не з'ехаў: не сёння-заўтра магло паўстаць пытанне аб адхіленні яго ад палётаў...

Выйсце падказаў наш камандзір эскадрыллі маёр М., якога ўсе звалі Хахалок, ці то за малы рост, ці то за тое, што родам ён быў з Палтаўшчыны. Гэты зямляк Гогаля лічыў, што падман дзеля святой справы зусім не падман, а ваенная хітрасць. Ён жа прапанаваў і план просты, як venі, vedі, vіcі Юлія Цэзара: падпаіць, ачмурыць і пасватацца. Да таго ж і прыклад прывёў з кінафільма «Пра беднага гусара закіньце слова». Там жа рускія афіцэры і сапраўды маглі страляцца на дуэлях з-за няўдалага жарту, але напаіць паненку лічылі ледзь не за доблесць.

Юра думаў некалькі дзён, але потым...

Сведкам гэтага «подзвігу» я не быў — служба, таму далей з ягоных слоў.

У тую суботу ўсё мелася быць, як звычайна, — кавярня, кіно, танцы. Падчас іх перад Лізай ён хваліў свой самалёт канструкцыі Мікаяна (ім армяне ганарыліся не менш, чым Арно Бабаджанянам, Арменам Джыгарханянам ці Фрунзікам Мктрчанам), потым расказваў пра шкодную сонечную радыяцыю і ультрафіялетавае выпраменьванне, ад якога ў лётчыкаў ёсць, маўляў, сакрэтны эліксір, які прыдумаў той жа Мікаян і для маскіроўкі назваў «Масандрай» — як вядомае крымскае віно.

Прагучала тады і тое, што дзеля Лізы ён, Юра, можа прыадкрыць гэту ваенную тайну і пачаставаць яе цудадзейным напоем, ад якога дакладна перастане лупіцца яе прыгожанькі носік.

Тут Ліза натапырыла вуха і, трохі павагаўшыся, згадзілася зайсці ў афіцэрскую гасцініцу.

На месцы, каб напусціць яшчэ болей тлуму, Юра сказаў, што захоўваецца гэты эліксір у непразрыстых ёмістасцях і што піць яго лепей з рыльца. (Аб тым, што гэта звычайны спірт, моцна разведзены нейкім мясцовым мятным лікёрам ён, вядома ж, змаўчаў). А далей дастаў звычайную армейскую біклажку, паказаў, што піць гэтую «Масандру» лепш на поўным выдыху...

Дзяўчына зрабіла некалькі глыткоў (на што не пойдзеш дзеля ўласнага носіка?), пачаставалася фруктамі. Юра загаварыў пра музыку, і аказалася, што яны абодва любяць Мірэй Мацье і Мусліма Магамаева. Французскіх пласцінак у нас не было, а вось магамаеўскіх — аж дзве. Адну з іх Юра паставіў на прайгравальнік, запрасіў дзяўчыну на танец, пасля якога прычасціліся «Масандрай» яшчэ раз, і яшчэ...

Карацей, калі я вярнуўся з дзяжурства, шчаслівая парачка толькі дапіла распушчальную каву: Юра ззяў, як новенькі юбілейны медаль, Ліза спяшалася дадому.

Далей падзеі развіваліся яшчэ больш імкліва. За тры дні майстар з мясцовага быткамбіната пашыў Юру элегантны касцюм і паліто з тонкага сірыйскага сукна, а шавец-надомнік стварыў такія чаравікі, якіх не было і ў камандзіра палка...

На вяселлі я быў за сведку, камандзір эскадрыллі Хахалок — за свата.

В. Козыраў, г. Мінск.


Вось такія пернікі, альбо Старыя святы на новы лад

Каранавірус — гэта, вядома ж, не жарты. Пры ім сядзі дома, здавалася б, і носа не высоўвай... Вось і не высоўваюць старыя ды малыя. Астатнім — хочаш-не хочаш — мусіш хадзіць альбо ездзіць на работу, кантактаваць з людзьмі — хай з маскамі, з мыццём рук, з антысептыкам, на дыстанцыі... І тым не менш — то адзін, глядзіш, захварэў, то другі... І добра, калі паправіўся...

У сям'і Лагуновічаў, як паўсюль, баяліся гэтай заразы: з раднёй, нават блізкай, толькі па тэлефоне-смартфоне. А так, каб гуртам сабрацца, каб пабачыцца, перакінуцца жартамі — нават думаць не выпадала...

Дык вось неяк раз выйшла на сувязь Каця (яна ў Піцеры вучыцца, дома даўно не была)... І ў гутарцы як бы між іншым сказала, што ў найбліжэйшую суботу хоча напячы пернікаў.

— Гэта якіх? Дай рэцэпт, — «зрабіла стойку» яе мама Валя і потым, пасля размовы, ужо «скінула» яго сваім сёстрам Іры і Надзі. Яны ж памарылі, як добра было б пячы тыя пернікі «талакой», каб у «працэсе» адна адну папраўляць, калі што якое, раіцца... Надзя нават сыну свайму пра гэта сказала.

— Дык давайце тэлемост наладзім, — загарэўся ідэяй Антон (ён айцішнік).

— Тады ў нашу кампанію і Пашу з Кіева трэба ўзяць, — прапанавала Валя, якая лічыла сябе адказнай за нашмат маладзейшага стрыечнага брата (той пасля смерці бацькоў застаўся адзін).

Сёстры прызначылі час. І вось ён наступіў. У пяці розных кухнях напагатове посуд, кухонная тэхніка, патрэбныя прадукты, уключаны ноўтбукі, і ў іх — ну ўсе свае! Не ведаеш, на каго і глядзець — вочы разбягаюцца!

— Прывітанне! — махаюць рукамі. — Дзень добры! Дабрыдзень!

І тут жа ўразнабой:

— Павел, ты што — бародку надумаў адпусціць?

— А чаму ты ў світары? У вас холадна?

— Ого, які фартушок у Каці!

— Ой, гляньце, хто на каленях у Антона!

Адказы таксама ішлі ўразнабой:

— Не, у нас не холадна.

— На каленях яна доўга сядзець не будзе.

(Кошка, і праўда, перайшла з рук на стол і тут жа знікла недзе пад ім).

Павіталіся, паглядзелі ўсе на ўсіх. Для пачатку, як і належыць, паднялі кубкі з глінтвейнам, які кампанія прыгатавала пад «кіраўніцтвам» Каці. Тост быў кароткі, але вельмі актуальны: «За здароўе!»

Усе выпілі. Жанчыны з асалодай, мужчынам — па тварах відаць — хацелася б нечага мацнейшага, але...

Прыступілі да «вытворчасці» пернікаў: рэзалі, малолі, крышылі нажамі-мясарубкамі, пыталіся адна ў адной, як правільна, як лепш? Нарэшце — мясілі цеста, і кожная гаспадыня хвалілася сваім.

...На гэтым тэлемост скончыўся. Гадзіны праз паўтары падвялі вынікі. У неабвешчаным спаборніцтве перамагла Каця. Усіх уразілі акуратнасць і разнастайнасць форм яе пернікаў: зорачкі, елачкі, алені, чалавечкі...

— А вы прыгледзьцеся, прыгледзьцеся да іх! — загадала ўсім Каціна мама. — Яны ж у масачках! Нават гумачкі да вушкаў відаць!

— Гэта ж трэба — і зрабіць, і дадумацца! — захапляліся старэйшыя гаспадыні.

— Каранавірус падказаў, — растлумачыла Каця. — Пра яго ж цяпер нельга забываць.

— Нельга, — пагадзіліся жанчыны і сталі думаць, як будуць адзначыць іншыя святы, бо пандэмія пандэміяй, а жыццё працягваецца.

Галіна Рагавая, пас. Каранёўка, Гомельскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.