Вы тут

Выдавецтва «Вышэйшая школа» рыхтуе падручнікі для спецыялістаў-атамшчыкаў


«Атамныя» кнігі, аўдыяпадручнікі і правы на пераклад

Гэтую і іншую літаратуру для навучання айчынных школьнікаў і студэнтаў, а таксама студэнтаў-замежнікаў і выкладчыкаў краіны выпускае выдавецтва «Вышэйшая школа». А адзін з асобных кірункаў работы — падрыхтоўка падручнікаў для спецыялістаў-атамшчыкаў з вышэйшай адукацыяй.


Айчыннае на замежнай

Выдавецтва працуе з 1963 года і выпускае практычна адно толькі вучэбную літаратуру для сярэдняй і вышэйшай адукацыі, а таксама вучэбную літаратуру па замежных мовах (нямецкая, англійская, французская, іспанская, кітайская) для вучняў сярэдняй школы. А яшчэ дае правы на пераклад вучэбнай літаратуры на замежныя мовы, у прыватнасці на ўкраінскую і казахскую.

— Мы выпускаем прыкладна 6—7 кніг у месяц па кірунках ад матэматыкі да філасофіі і сацыялогіі, а таксама літаратуру для вышэйшай школы на замежных мовах, — расказаў Аляксандр НЯЧАЙ, дырэктар выдавецтва «Вышэйшая школа».

У складзе выдавецтва некалькі рэдакцый па падрыхтоўцы літаратуры для прафесійнай адукацыі і рэдакцыя літаратуры на замежных мовах. Згодна з апошнім напрамкам дзейнасці, у выдавецтве развіваецца таксама яшчэ адзін унікальны кірунак для рынку: вывучэнне моў з аудыяматэрыяламі, каб можна было праслухоўваць і напрацоўваць навыкі зносін на замежных мовах.

— З 2008 года мы пачалі выпускаць аўдыякнігі і аўдыяматэрыялы для выкладчыкаў замежных моў сярэдніх школ і навучэнцаў. А з 2010-га стварылі ўласную студыю гуказапісу, дзе за гэты час агучылі амаль усю беларускую класіку ў выглядзе твораў асобных пісьменнікаў і падборак, якія патрэбны для дадатковага засваення па беларускай літаратуры ў межах школьнай бібліятэкі, — дадаў кіраўнік выдавецтва.

Паколькі ў Беларусі вучыцца шмат іншаземных студэнтаў (на мінулы год — больш за 18 тысяч чалавек), з 2019-га выдавецтва пачало выпускаць яшчэ і беларускія падручнікі на англійскай мове. Гэта павінна аблегчыць навучанне замежным студэнтам у Беларусі, тым больш што для многіх замежнікаў англійская мова — не родная.

Спецыяльна для АЭС

Серыя кніг, якія выдаваліся сумесна з Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы ў межах дзяржаўнай праграмы па падрыхтоўцы спецыялістаў для Беларускай АЭС, — асобная задача выдавецтва.

— Выкананне такіх сур'ёзных навуковых задач немагчыма без найсур'ёзнейшага стаўлення да падрыхтоўкі кадраў. А падрыхтоўка вучэбнай літаратуры, дарэчы, распачалася задоўга да пачатку будаўніцтва АЭС. Цяпер па гэтай тэматыцы выпушчана больш за 40 кніг, — абазначыў Аляксандр Нячай.

Першай кнігай у межах праграмы ў 2011-м стала «Фізіка ядзерных рэактараў». Ёсць літаратура і па матэрыялазнаўстве, і па парагенератарах і асноўным абсталяванні, і па ўводзе гідратэхнічных збудаванняў, і па тэматыцы, што датычыцца ліній электраперадачы.

Схема падрыхтоўкі гэтых выданняў была тыповай для выпуску вучэбнай літаратуры для студэнтаў сярэдніх і вышэйшых устаноў, а кадры выдавецтва кваліфікаваныя. Аднак не ўсе тэмы яшчэ ахоплены, а паколькі на другі рэактар таксама спатрэбяцца спецыялісты, якіх трэба будзе рыхтаваць, то работа выдавецтва па стварэнні «атамных» падручнікаў працягнецца, упэўнены дырэктар выдавецтва:

— Спачатку ў нас не хапала сваіх аўтараў на падобную тэматыку. Таму аўтар першай кнігі працуе ў Кіеве. А кніга «Асноўнае абсталяванне АЭС» рыхтавался з прыцягненнем расійскіх аўтараў, і частка тыражу выдання выкарыстоўвалася і ў Расіі.

Цяпер аўтары выдавецтва — гэта ў асноўным выкладчыкі айчынных ВНУ і вучоныя Акадэміі навук. Зараз рыхтуецца да друку кніга «Канструкцыйныя функцыянальныя матэрыялы ядзерных энергетычных установак», якая, як мяркуецца, з'явіцца ў продажы ў сакавіку. З шасці чалавек яе аўтарскага складу чацвёра — выкладчыкі маскоўскіх ВНУ, удакладніла Юлія МІСЮЛЬ, галоўны рэдактар выдавецтва «Вышэйшая школа».

— Спецыялістаў-атамшчыкаў з вышэйшай адукацыяй рыхтуюць у чатырох ВНУ краіны: БДУ, БНТУ, БДУІР і Міжнародным дзяржаўным інстытуце імя Сахарава. У кожнай з ВНУ свой кірунак падрыхтоўкі: фізікі-ядзершчыкі, эколагі, распрацоўшчыкі аўтаматызаваных сістэм для АЭС. Кнігі дапамагаюць у навучанні студэнтам такіх спецыяльнасцяў, як ядзерная фізіка і тэхналогіі, хімія высокіх энергій, будаўніцтва цеплавых атамных электрастанцый, паратурбінныя ўстаноўкі АЭС, электронныя і інфармацыйна-кіравальныя сістэмы фізічных установак, ядзерная і радыяцыйная бяспека.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.