Вы тут

Якія перамены чакаюць беларускіх кіроўцаў з прыходам вясны?


Новыя Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях будуць уведзены ў дзеянне з 1 сакавіка гэтага года. Змены ў значнай ступені датычацца кіроўцаў транспартных сродкаў: і тых, для каго знаходзіцца за рулём аўтамабіля — гэта работа, і тых, хто на работу (і не толькі) дабіраецца на асабістым аўто.


Перш за ўсё, у новых дакументах адміністрацыйныя правапарушэнні аднесены да адной з трох катэгорый: грубыя, значныя і адміністрацыйныя правіннасці. «Правіннасць» — новае паняцце для нашай краіны. Шэраг парушэнняў Правіл дарожнага руху будуць лічыцца менавіта правіннасцямі і штраф за іх (калі правіна здзейснена ўпершыню) не прадугледжаны. Разгледзім іх з дапамогай спецыялістаў больш падрабязна.

За гэта ўжо не штрафуюць

Пачнём з добрых навін. За што цяпер не будуць штрафаваць? Папярэджанне замест штрафу атрымаюць кіроўцы, якія не прышпіліліся за рулём, ездзяць без тэхагляду, з нечытэльнымі або нестандартнымі нумарамі, — калі ў гэтым былі заўважаны ўпершыню. Таксама штрафаваць па першым разе не будуць за парушэнне правіл буксіроўкі транспартнага сродку і за невыстаўленне знака падчас паломкі. Але папярэджанне будзе ўнесена ў базу даных, і другі раз за тую ж самую правіннасць кіроўца атрымае ўжо штраф. Так, штрафам, у прыватнасці, будуць карацца такія правіннасці, учыненыя паўторна на працягу года, як размова па тэлефоне падчас кіравання транспартным сродкам, парушэнне правіл перавозкі пасажыраў і непрадастаўленне перавагі падчас руху.

— Калі правіннасць здзейснена ўпершыню на працягу года і кіроўца прызнаў сваю віну, яму выносіцца папярэджанне, — адзначае начальнік аддзялення забеспячэння правапрымяняльнай дзейнасці галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Аляксандр Шаўчэнка. — Калі на працягу года ён больш не здзяйсняе такога парушэння, то папярэджанне анулюецца.

Ёсць таксама 17 адміністрацыйных правіннасцяў (адна з іх — безбілетны праезд, астатнія датычацца парушэнняў ПДР), за якія штрафаваць будуць, нават калі яны здзейснены ўпершыню. Гэта ўсе парушэнні хуткаснага рэжыму, правіл праезду чыгуначнага пераезда, невыкананне патрабаванняў святлафора або рэгуліроўшчыка, правіл манеўрыравання. Да такіх правіннасцяў адносяцца таксама парушэнне правіл праезду скрыжаванняў і правіл руху ў жылых зонах. А таксама парушэнне Правіл дарожнага руху веласіпедыстам або асобай, якая ўдзельнічае ў руху і не кіруе транспартным сродкам, што пацягнула за сабой стварэнне аварыйнай абстаноўкі.

«Лістоў шчасця» стане больш

Пашыраны спіс парушэнняў ПДР, за якія будуць штрафаваць па сведчаннях камер, што працуюць у аўтаматычным рэжыме. Цяпер «лісты шчасця» будуць прыходзіць не толькі за перавышэнне хуткасці і парушэнне правіл прыпынку і стаянкі, але і за праезд на чырвоны сігнал святлафора, прыпынак за стоп-лініяй, праезд па паласе, прызначанай для грамадскага транспарту, і шэраг іншых парушэнняў.

Распрацоўваюцца новыя Правілы дарожнага руху, расказалі ў ДАІ. І, у прыватнасці, на вуліцах беларускіх гарадоў хутка з'явіцца новая для нашай краіны разметка (на дарогах суседняй Расіі яна ўжо ёсць). Новая разметка дазволіць скараціць колькасць неправамерных выездаў на скрыжаванне (напрыклад, падчас затораў), лічаць у ДАІ.

— Новая разметка патрэбна для прадухілення блакіравання скрыжавання аўтамабілямі ва ўмовах высокай транспартнай нагрузкі, — пракаментавалі ў Галоўным упраўленні ДАІ МУС. — Прыклад: скрыжаванне Незалежнасці — Энгельса ў Мінску. Тут часта застаецца «хвост» з аўтамабіляў па праспекце Незалежнасці, што блакіруе вуліцу Энгельса. Каб гэтага не адбывалася, наносіцца новая разметка, якая інфармуе кіроўцаў аб неабходнасці спыніцца перад скрыжаваннем. Спыняцца на гэтай разметцы нельга. Калі пры змене сігналаў рэгулявання хтосьці застаўся на ёй, будзе штраф.

Фота: autonews.ru

Градацыя адказнасці

За перавышэнне хуткасці кіроўцаў штрафуюць заўсёды і ўсюды, і да гэтага аўтамабілісты ўжо прывыклі. Новы кодэкс уводзіць дадатковую градацыю перавышэння хуткасці. Так, калі хуткасны рэжым перавышаны на 30-40 км/г, то штраф будзе вар'іравацца ў межах 3-10 базавых велічынь. Калі перавышэнне хуткасці больш значнае, штраф складзе 8-12 базавых велічынь.

— Перавышэнне хуткасці — адна з асноўных прычын ДТЗ з гібеллю і траўматызмам грамадзян, — кажа Аляксандр Шаўчэнка. — І чым вышэйшая хуткасць, тым больш сур'ёзныя могуць быць наступствы. Дэталёвая градацыя адказнасці за перавышэнне хуткасці існуе ў Расіі, у Еўропе наогул штрафуюць літаральна за кожны кіламетр перавышэння хуткаснага рэжыму. Магчыма, у далейшым такая градацыя і ў нашай краіне стане яшчэ больш падрабязнай, — падкрэсліў спецыяліст.

Таксама з'явіцца градацыя пакарання, калі кіроўца нецвярозы. Так, калі пробы паказваюць 0,3-0,8 праміле, штраф складзе 100 базавых велічынь і прадугледжана пазбаўленне правоў на кіраванне транспартным сродкам на тры гады. Пры больш моцным ап'яненні штраф складзе 200 базавых, а правоў пазбавяць на пяць гадоў.

— Мы разлічваем, што гэтыя меры — узмацненне адказнасці за нецвярозае кіраванне і яе дыферэнцыяцыя — дазволяць мінімізаваць верагоднасць з'яўлення падобных фактаў на нашых дарогах, — гаворыць Аляксандр Шаўчэнка.

У ДАІ адзначаюць, што п'яных за рулём у апошнія гады стала значна менш — калі 8-10 гадоў таму ў год фіксавалася да 60 000 такіх выпадкаў, то ў 2020 годзе — 18,5 тысячы.

— Падзейнічалі меры, што прымаліся намі раней, — канстатуе спецыяліст. — Колькасць падобных парушэнняў скарацілася больш чым на дзве трэці, але цяпер мы выйшлі на пэўнае плато ў гэтым пытанні. Таму спатрэбіліся дадатковыя крокі, якія дазволяць яшчэ больш скараціць, а з часам і наогул выкараніць гэтую з'яву на нашых дарогах.

Адзначым, што 0,3 праміле алкаголю адпавядае адной бутэльцы піва, выпітай перад тым, як сесці за руль. Суразмоўца распавёў, што дыферэнцыяцыя адказнасці за нецвярозае кіраванне дазволіць даць шанц тым, хто спатыкнуўся ўпершыню, не паўтараць такое парушэнне.

Яшчэ адно новаўвядзенне — падзел адказнасці за кіраванне транспартным сродкам без тэхагляду і страхоўкі. З 1 сакавіка за тое, што аўто ўдзельнічае ў дарожным руху без ТА і абавязковай страхоўкі, будзе адказваць уладальнік аўтамабіля, а не яго кіроўца. Гэта новаўвядзенне ў першую чаргу датычыцца юрыдычных асоб.

І іншыя новаўвядзенні

У новых КаАП і ПВКаАП цалкам чакана замацавана адказнасць «за парушэнне правіл карыстання гукавымі сігналамі ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў». За гэта цяпер прадугледжаны штраф да 10 базавых велічынь з пазбаўленнем правоў на год (або без пазбаўлення правоў). За наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый пры правядзенні масавых мерапрыемстваў прапісаны штраф ад 6 да 50 базавых велічынь, магчыма таксама пазбаўленне правоў на год ці на два гады. А кіроўцы, што неаднаразова праігнаравалі патрабаванне інспектараў ДАІ аб спыненні, караюцца адміністрацыйным арыштам.

Дзіяна РОНІНА

Загаловак у газеце: За што будуць і не будуць штрафаваць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.