У Мінскай вобласці — асаблівае стаўленне да сацыяльных праектаў. І адно з пацвярджэнняў таму — дзіцячая бібліятэка, якая адкрылася ў 2021 годзе ў Капылі. За тры гады яе высокапрафесійны калектыў здолеў зрабіць дзіцячую бібліятэку цэнтрам прыцягнення як юных гараджан, так і іх бацькоў.
Новы будынак дзіцячай бібліятэкі стаў падарункам капылянам на Дажынкі і Дзень пісьменства. А раней 16 гадоў працавала дзіцячая бібліятэка ў чытальнай зале Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі. Зразумела, было гэта нязручна: не хапала месца, каб змясціць фонды (у дзіцячай бібліятэцы Капыля яны складаюць больш за 30 тысяч кніг). Сёння ў распараджэнні маленькіх чытачоў, падлеткаў і старшакласнікаў — цэлы будынак. Утульная і пры гэтым прасторная чытальная зала падзелена на зоны, каб тут было камфортна і маленькім аматарам кніг, і старэйшым дзецям. З улікам спецыфікі чытацкай аўдыторыі размяшчаюцца кнігі і на стэлажах: для малых — ніжэй, для падлеткаў і старшакласнікаў — на больш высокіх паліцах. Дацягнуцца да ведаў могуць усе!
— Сёння ў юных чытачоў запатрабаваны аўтары, якія выдаваліся ў 1970–1980-я гады, — расказвае Валянціна Камінская, загадчыца дзіцячай бібліятэкі Капыля. — Яны ўключаны ў школьную праграму. Гэта і Максім Лужанін, і Юрась Свірка, і Пятро Рунец, і Уладзімір Карызна, і Валянцін Лукша, і Міхаіл Пазнякоў.
У падлеткаў запатрабаваны Янка Маўр, Іван Навуменка. З рускай літаратуры цікавяцца Гайдарам — як ні дзіўна, сучасным дзецям зразумела тое, пра што ён піша. І, зноў жа, гэты аўтар ёсць у школьнай праграме.
Па-за праграмай карыстаюцца цікавасцю маленькіх чытачоў, напрыклад кнігі Таццяны Аляксандравай пра дамавіка Кузю. Падлеткам цікавыя кнігі Ліны Багданавай (серыя «Тусоўка»), актыўна чытаюць яны таксама беларускае і расійскае фэнтэзі.
— У старшакласнікаў нязменны хіт — кнігі Асі Лаўрыновіч, — дадае суразмоўніца. — Гэта малады расійскі аўтар, і з цяперашнімі 16—18-гадовымі яна на адной хвалі. Але, што самае цікавае, гэтага аўтара з задавальненнем чытаюць і бабулі!
Будынак дзіцячай бібліятэкі знаходзіцца ў самым пачатку вуліцы Цімкавіцкай, у густанаселеным мікрараёне Капыля. Ведаючы гэта, супрацоўнікі яшчэ да наваселля сталі фарміраваць і дарослы фонд. І сёння, гавораць яны, у іх пачалі чытаць нават тыя мамы і таты, дзядулі і бабулі, якія раней ніколі не сябравалі з літаратурай: прыводзяць дзяцей і самі адчуваюць цікавасць да кнігі.
Для гэтага ў бібліятэкараў ёсць свае прыёмы. Напрыклад, кніжныя міні-выставы — тэматычныя, з новымі паступленнямі, мерапрыемствы да юбілеяў пісьменнікаў і адукацыйныя сустрэчы для чытачоў.
— Напрыклад, у нас прайшла адукацыйная віктарына «Дзецям аб законе» для чацвёртых класаў. Школьнікі з задавальненнем прымалі ў ёй удзел, — дзеліцца загадчыца дзіцячай бібліятэкі. — Цяпер яны разумеюць: і ў дарослых, і ў дзяцей ёсць не толькі правы перад законам, але і абавязкі. І гэта дапаможа ім вырасці дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Дзіяна РОНІНА
Фота Лізаветы ГОЛАД
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».