Вы тут

У Дамачаўскім сельсавеце надзвычай беражліва ставяцца да багатай гісторыі пасёлка і яго ваколіц


Многія, калі не ўсе, памежныя населеныя пункты Прыбужжа маюць багатую, насычаную падзеямі, гісторыю апошніх стагоддзяў. На мяжы заўсёды асабліва трагічную адзнаку пакідаюць войны. Тут і самі межы мяняліся шмат разоў, перасоўвалі цэлыя вёскі, пераносілі або зносілі пад гэтую кампанію храмы, высялялі людзей па нацыянальнай прыкмеце. І Дамачава ў шэрагу такіх населеных пунктаў бадай што на перадавых пазіцыях.


Старшыня сельскага Савета Анатоль Струк і краязнавец Мікалай Ганчароў.

Калонія перасяленцаў з Галандыі

Штуршком для напісання гэтага матэрыялу, не паверыце, паслужыла рэклама аднаго буйнога вытворцы малочных прадуктаў. Можа, чулі па тэлебачанні, як расхвальваюць «Галандскі» сыр: маўляў, мы робім яго па традыцыі сыравараў з Галандыі, якія 400 гадоў таму жылі ў Брэсце і навучылі тутэйшых майстроў? Думала адразу, што гэта такая вобразная метафара, удалы маркетынгавы ход. Аказалася, што рэкламная версія можа быць блізкай да праўды. Праўда, перасяленцы з Галандыі жылі не ў Брэсце, а за 50 кіламетраў на поўдзень — у Дамачаве.

З мясцовым краязнаўцам, настаўнікам-гісторыкам на пенсіі Мікалаем Ганчаровым разглядаем старыя здымкі і дакументы. У Мікалая Рыгоравіча некалькі сшыткаў нарысаў па гісторыі мястэчка, якое ў 50-я гады паспела пабыць і раённым цэнтрам.

— Пасяленне Нэйдорф—Нэйбраў па абодва бакі Буга было заснавана нямецкамоўнымі пасяленцамі, як іх называлі «галендрамі» ў ХVІІ стагоддзі, — расказвае гісторык. — Лютэранскі прыход быў заснаваны ў 1617 годзе, аб тым ёсць дакументы, таму менавіта згаданы час лічыцца пачаткам гісторыі галендраў на гэтай зямлі.

Мікалай Ганчароў знайшоў звесткі аб тым, што Мікалай Радзівіл Чорны на сто гадоў раней за ўказаную дату пасяліў тут 12 сямействаў з Галандыі, якія і паклалі пачатак калоніі. Аб гэтым, дарэчы, згадваецца ў нарысе Міхаіла Крывецкага, надрукаваным у 1898 годзе ў расійскім часопісе «Сельский вестник». Аўтар цікава апісвае жыццё і звычаі прадстаўнікоў розных канфесій — жыхароў Дамачава.

Дык вось пра дамачаўскіх галендраў ён піша, як пра эфектыўных земляробаў і жывёлаводаў: «...Зямлю яны апрацоўваюць жалезнымі прыладамі працы. Сеюць палепшанымі сартамі насення, у іх садах растуць, акрамя груш, сліў, яблынь, таксама агрэст, маліны, парэчкі, ёсць вінаград і клубніцы, яны атрымліваюць добрыя ўраджаі агародніны і прадаюць лішкі. Жывёла ў іх буйная і малочная, выраб сыроў і масла прыносіць добры даход (ну і сыраварная школа ў прыдачу. — Аўт.)». Сказана яшчэ, што галендры ахвотна займаюцца цяслярнымі і землянымі работамі, многія працуюць на будоўлі. Падрадчыкі вельмі ахвотна бяруць з калоніі майстроў і рабочых. Некалькі дзясяткаў чалавек каля трох гадоў працуюць на сібірскай чыгунцы. За лета на будоўлі работнік зарабляе ад 70 да 100 рублёў, таму жывуць яны багацей за суседзяў-сялян... Дамы каланістаў даволі прасторныя, светлыя, высокія, каля кожнага дома — сады і кветнікі.

Яшчэ цікавыя звесткі датычылі моўных пераваг былых перасяленцаў. Адразу пасля іх пераезду яны, вядома, карысталіся роднай нямецкай мовай, праз стагоддзе-другое гаварылі на польскай, а вось на пачатак ХХ стагоддзя аўтар так іх апісвае: «У сваім хатнім побыце яны гавораць па-беларуску, ёсць толькі 2-3 старыя, якія ведаюць сваю ранейшую нямецкую мову. Амаль усе і дарослыя, і дзеці пісьменныя, у кожнага ў доме ёсць Біблія і іншыя кнігі. Большасць ведае рускую грамату. Яны падтрымліваюць матэрыяльна народнае вучылішча. Першымі адгукнуліся, калі было прапанавана заснаваць у мястэчку паштовае аддзяленне». Адным словам, перадавыя людзі свайго часу.

Старшыня сельскага Савета Анатоль СТРУК, які родам з тутэйшых мясцін, сказаў, што бацька не раз згадваў успаміны дзеда пра суседзяў. Прадзед старшыні адзначаў, што галандцы былі спецыялістамі ў кавальскай справе, і ў сферы меліярацыі ім роўных не было. Меліярацыю яны праводзілі ўручную. Дарэчы, рэшткі каналаў можна знайсці ў ваколіцы і цяпер. Адным словам, пра сябе перасяленцы з Еўропы пакінулі добрую памяць.

Нашчадкі дамачаўскіх галендраў

Памяць, таму што з амаль чатырох тысяч насельніцтва калоніі Нэйдорф, столькі налічвалася ў 1911 годзе, зараз у пасёлку не засталося нікога. Няма ніводнага іх дома, не захавалася нават рэшткаў прыгожай кірхі. Некаторыя галендры выехалі на Урал і ў Сібір яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, там былі падобныя калоніі. Частка людзей пакінула родныя мясціны пасля 1939 года. Ну а тыя, хто перажыў вайну, былі рэпрэсіраваныя, іх адправілі ў працоўныя лагеры на 8-9 гадоў, у асноўным на лесапавал. У сшытках Мікалая Ганчарова ёсць успаміны сталай жыхаркі Дамачава, якая расказала пра жанчыну па прозвішчы Бытава з галендраў. Юзэфа Густаваўна працавала адразу пасля вайны ў дзіцячым садку. За сваё паходжанне атрымала 10 гадоў лагераў. Такая вось сумная гісторыя працавітых і мірных дамачаўскіх галендраў. Нашчадкі іх жывуць цяпер у многіх краінах свету, ёсць у Германіі, Польшчы, у Сібіры.

Адзін з іх — Зігфрыд Людвіг, які жыве ў Германіі, заняўся пошукам былых землякоў. На яго радзіме такіх знайшлося нямала, яны аб'ядналіся ў грамадскую арганізацыю. Упершыню Зігфрыд наведаў Дамачава ў 2008 годзе. Потым візіты і стасункі сталі рэгулярнымі. У выніку ў 2017 годзе на месцы былых могілак з'явіўся памятны знак у гонар калоніі пасялення галендраў.

У 2019 годзе нямецкая дэлегацыя прыняла ўдзел у раённым фальклорным свяце на дзень Пятра і Паўла. Тады прыязджалі таксама нашчадкі землякоў з Расіі, Польшчы, Украіны. Быў прафесар Луцкага ўніверсітэта, які займаецца вывучэннем гэтай тэмы. Дамовіліся сустрэцца ў больш шырокім складзе праз год. Але пандэмія памяняла планы.

Памяць пра вайну

Вялікія страты панёс пасёлак у час Другой сусветнай вайны. Дарэчы, немцы займалі Дамачава на кароткі час і ў 1939 годзе, потым пакінулі, бо сюды ўвайшлі часці Чырвонай Арміі. Побач прайшла мяжа, былі абсталяваны заставы. І 22 чэрвеня 1941 года пагранічнікі першыя прынялі на сябе ўдар захопнікаў. Большасць з іх загінула. Ужо 23 чэрвеня акупанты расстралялі некалькі дзясяткаў яўрэяў з пасёлка. Астатніх сагналі ў гета. 20 верасня 1942 года гета было знішчана, 2700 чалавек яўрэйскага насельніцтва пазбавілі жыцця. Так знікла яшчэ адна дамачаўская дыяспара. У нататніку Мікалая Ганчарова ёсць запіс расказаў старых людзей, якія згадвалі той расстрэл і пахаванне тысяч цел у адным месцы: «Траншэю засыпалі высока, нібы курган, з якога сцякалі рэкі крыві».

Праз тры дні пасля ліквідацыі гета нацысты расправіліся з выхаванцамі дзіцячага дома. Іх вывезлі ў лес, 54 хлопчыкаў і дзяўчынак разам з юнай выхавальніцай Палінай Грахольскай расстралялі. Так было вырашана пытанне памяшкання дзетдома, якое спатрэбілася акупацыйнай уладзе.

Памяць усіх названых трагічных падзей годна ўвекавечана. На месцы расстрэлаў, на брацкіх магілах воінаў стаяць помнікі, якія падтрымліваюцца ў парадку намаганнямі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый.

Памяць важна падтрымліваць і ў выглядзе музейнай экспазіцыі. Музей баявой славы ў свой час стварыў настаўнік Мікалай Ганчароў. Разам з вучнямі яны запісалі ўспаміны ветэранаў, сваякоў загінулых франтавікоў, сабралі дакументы. У 1987 годзе ў Дамачаве праходзіла сустрэча ветэранаў 28-га палка, які вызваляў пасёлак. Потым школа вяла з некаторымі з іх перапіску. Апошняя стала асобнай часткай музейных матэрыялаў. Мікалай Рыгоравіч збіраў іх з 1973 года. Музей функцыянаваў у школе з 1985 года. Але пасля капітальнага рамонту школы... музей не адкрылі. Бо старыя стэлажы і стэнды не пасуюць да новых інтэр'ераў, ды і самім экспанатам неабходна мадэрнізацыя. На гэта патрэбны немалыя грошы. Але ж усё сабранае беражліва і надзейна захоўваецца. Былы настаўнік і яго цяперашнія калегі спадзяюцца, што з часам знойдуцца спонсары, каб аднавіць Музей баявой славы на новым сучасным узроўні.

На электронным і папяровым носьбітах

У сельскім Савеце працуюць над тым, каб выдаць запісанае і сістэматызаванае Мікалаем Ганчаровым асобнай брашурай. Як нядаўна ўбачыў свет нарыс пра гісторыю вёскі Чэрск, напісаны Вольгай Стаднік. Былая вясковая настаўніца, як і яе калега ў Дамачаве, шмат гадоў збірала матэрыялы пра родную вёску Чэрск і яе людзей. Вольга Дзмітрыеўна не гісторык, а філолаг, яна зрабіла найбольшы ўпор на ўспаміны. Запісала сведчанні аднавяскоўцаў пра падзеі пачынаючы з Першай сусветнай вайны. Найвялікшы раздзел прысвечаны трагічным старонкам Вялікай Айчыннай, ну і пасляваенная гісторыя вёскі адлюстроўваецца ў лёсах канкрэтных людзей.

Грунтоўным унёскам у шанаванне сваёй гісторыі можна лічыць і сайт, прысвечаны Дамачаву, які стварыў вучань Мікалая Ганчарова Іван Пракапюк. Там сабрана вельмі многа матэрыялаў, дакументаў, архіўных фотаздымкаў. Гістарычныя звесткі ахопліваюць перыяд ад глыбокай старажытнасці і да нашага часу.

Старшыня Дамачаўскага сельскага Савета Анатоль Струк лічыць работу па захаванні гісторыі не другараднай справай мясцовай улады:

— Мяне ў гэтым аднадушна падтрымліваюць дэпутаты. Наша мястэчка было некалі разнастайным і шматканфесіянальным. Людзі жылі побач у згодзе і добрасуседстве. І цяпер вось гэта наладжванне кантактаў паміж нашчадкамі землякоў спрыяе дружбе паміж народамі, стварае масток узаемаразумення, адзінства.

Ну а для справы выхавання маладога пакалення веданне сваёй гісторыі, пашана да мінулага малой радзімы становяцца ўрокам, які цалкам не здольная замяніць тэорыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Брэсцкі раён

Загаловак у газеце: Масток узаемаразумення і адзінства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.