Нехта губляе, нехта знаходзіць
Што было, — было. За святочным сталом (трэба ж музыкам даць адпачыць?) госці сталі жартаваць ды «травіць» анекдоты. Адзін, помню, быў пра каўказца, які ў рэстаране ўбачыў у сваёй талерцы нешта падазронае і гучна прамовіў: «Ой, мух!» — «Не мух, а муха», — тут жа паправіў яго афіцыянт. — «Вау! Які ў цябе добры зрок!» — пазайздросціў каўказец.
Мы, госці, досыць дружна пасмяяліся з гэтых двух мужчын, а трэці, пажылы палкоўнік, які быў сярод нас, раптам дадаў, што жыццё яшчэ і не такія анекдоты падкідвае.
«Памятаю, былі мы тут, у Беларусі, на вайсковых вучэннях, — стаў расказваць ён, — праходзілі з салдатамі па невялікай вёсцы, і ў адным з двароў убачылі вельмі прыгожую дзяўчыну, якая развешвала па вяроўках бялізну. Я — тады малады афіцэр і зайздросны жаніх — не вытрымаў: пакіраваў да яе, папрасіў вады. Дзяўчына страшэнна сумелася, мігам сарвала з вяроўкі нейкую сваю драбязу (я толькі белы ліфчык убачыў) і хуценька «нырнула» ў сенцы. Я застаўся чакаць, аднак... Не з маім шчасцем: замест дзяўчыны з хаты выйшла... бабуля, падала мне поўны збанок ды кажа:
— Пі, саколік, квасок, вады і з крынічкі нап'ешся...
Гэта было і нечакана для мяне, і прыемна (у нас, на Разаншчыне, кваску чужым не падавалі), і надзіва смачна!
Я шчыра падзякаваў жанчыне і на тым, відаць, назаўсёды развітаўся б, але ж праз дзень дзяжурны далажыў, што да яго падыходзіла тая самая бабуля, скардзілася, што ў яе прапалі панталоны, аж дзесяць штук...
Я нічога не разумеў, аднак падумаў, што яны, мусіць, з гардэроба той прыгажуні і нейкія вельмі адмысловыя, дарагія — іначай бабуля сюды не прыйшла б...
Давялося сабраць салдат, правесці невялікае «следства» і ў час яго пачуць хіба рогат: маўляў, хто ж гэта ў нас так баіцца ўзрываў, што для падстрахоўкі ажно панталонаў накраў?..
Смех смехам, а падазрэнне з салдат мне трэба было адвесці. Гэта — раз, а два — хацелася зноў убачыць дзяўчыну. Карацей, я сабраўся ісці ў вёску, як раптам пачуў:
— Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца!
Я, вядома ж, дазваляю, а салдацік раптам дакладвае, што ў бабулі прапалі зусім не панталоны, а трусы.
— Якая розніца? — пытаю ў яго.
— Вялікая: панталоны — гэта бялізна, а трусы — гэта кролики.
— Што?!
— Кролики... Я тутэйшы, з Беларусі, і чуў размову з дзяжурным: бабуля па-нашаму, па-беларуску казала, што ў яе было дзесяць трусоў...
У мяне і камень з душы: кроликов салдаты дакладна не бралі...
Але ж да бабулі я тады ўсё роўна схадзіў, паспачуваў, пагутарыў, а заадно — пабачыўся з прыгажуняй унучкай і абедзвюм паабяцаў, што трусоў (у сэнсе кроликов) абавязкова ім прывязу — адразу ж пасля вучэнняў...»
На гэтым палкоўнік завяршыў свой расказ.
— А як жа дзяўчына? — спыталі мы, слухачы. — Вы тады пазнаёміліся з ёй, абмяняліся адрасамі?
— А як жа! — засмяяўся мужчына. — Я нават ажаніўся! Вунь яна, мая каханенькая-родненькая, з цёткамі на лаўцы сядзіць.
...Эдзіта П'еха некалі спявала: «Так уж бывает, так уж выходит, кто-то теряет, кто-то находит...»
У гэтым выпадку знайшлі, як выглядае, усе.
Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён
Сыны былі Іванавы...
Яшчэ класік пісаў, што імя чалавеку даюць тады, калі невядома яшчэ, які ён будзе, а вось мянушку — толькі па заслугах.
Дык вось. Выйшла адна дзеўка замуж, колькі там часу пражыла, пагаспадарыла, і здалося ёй, што муж працуе куды менш. Ва ўсякім разе, дома яго работы, можна сказаць, няма, а вось жаночай — без канца і краю...
Не спадабалася маладзіцы такое размеркаванне, захацела яна адпачынкі сабе рабіць. Зранку ежы якой згатуе, мужа пакорміць, сёе-тое ў торбачку яму пакладзе — хіба чарвячка замарыць, а заадно не праміне паскардзіцца, як жа ёй нездаровіцца...
Маладая жонка, прыгожая, муж, бедны, шкадуе: кажа, каб яна паляжала, а сам лётам і на работу, і з работы ляціць: спяшаецца, каб скаціну ўсю агледзець, каб жонцы дапамагчы...
Вось так і павялося ў іх: паціху-памалу ледзь не ўся жаночая работа па гаспадарцы стала мужчынскай. Муж не пярэчыць, ён неяк спраўляецца...
Аднойчы ранічкай збіраецца на касьбу, акідвае ўсё гаспадарскім вокам і бачыць, што на ступе рэшата ляжыць, што кот па ім топчацца ды круціць хвастом... «Яўна нешта ўнюхаў, — думае гаспадар. — Не іначай мыш увалілася? Трэба злавіць, дапамагчы мурлыку».
Скінуў ён рэшата, разам з катом зірк у ступу. Бачаць, нешта бялее там.
Іван за скрутак, разгарнуў — ладны кавалак варанага бачка! І такі ад яго смачны водар, што ў мужчыны аж галава закружылася ды слінкі пацяклі! А тут яшчэ і кот каля локця трэцца — узнагароды просіць...
Гаспадар быў чалавек справядлівы — пачаставаў ката. І сам здагадаўся, як тое салка ў ступу трапіла, адрэзаў кавалачак, да цыбулі з агуркамі ўзяў з сабой. Рэшту паклаў на месца, накрыў, як было, і пайшоў на работу.
Паўдня касою махаў і сам сабе думаў: «Вось дык жонка ў мяне! Вось дык малайчына! Хвароба ад работы, апетыт ад ляноты». Ката яшчэ ўспамінаў...
Яму весела працавалася, хіба смажыла крыху — піць хацелася — асабліва пад'еўшы...
А там і вечар надышоў, муж дадому вярнуўся. Бачыць, жонка ў ложку ляжыць, стогне, бедная, просіць вады.
Ён поўны кубак набраў — і сам прылажыўся, і ёй падаў.
— Хоць з бяды напілася вады, — плачацца маладзіца.
Муж у адказ:
— Я з яе таксама цэлы глячок сёння выпіў.
...Невядома, як яны там паразумеліся, але ж гісторыя гэта выйшла з хаты — стала вядомая ўсім вяскоўцам.
У выніку Маня стала не проста Маняй, а Маняй-Бядой.
Адметна, што гэтая мянушка перайшла потым да яе дачок: у вёсцы з'явіліся Таня-Бяда і Надзя-Бяда. А вось сыны раслі Іванавы, без Бяды.
Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў
Дурны двойчы ходзіць, скупы двойчы плоціць
Каля нашага Варапаева ў 60-я гады мінулага стагоддзя на ўсю моц ішла меліярацыя, асушалася балота, што цягнулася ад Свініцы аж да Навасёлак, працавала шмат рознай тэхнікі, у прыватнасці, на трактары з прычэпам ззаду і адвалам-сувачом наперадзе — вядомы ў акрузе «чудзіла», якога звалі Зэнусь.
Дык вось. Неяк раз яго, таго Зэнуся, адзін з вяскоўцаў папрасіў прывезці дровы. Мужчыны абгаварылі «цану пытання», ударылі па руках, і ў хуткім часе трактар ужо быў каля падворка: развярнуўся там, падняў прычэп — высыпаў дровы. Гэта азначала адно: Зэнусь сваю работу выканаў.
Тое ж самае час быў зрабіць і гаспадару, аднак яго раптам жаба заела: грошай стала шкада. Падалося, што трактарыст за сваю работу лішняе «дзярэ»... Да таго ж — прыкінуў гаспадар — дровы ўжо на двары, прывезеныя... То хопіць з трактарыста і паловы той сумы...
Як падумаў, так і зрабіў: адлічыў грошы, падаў Зэнусю. Той паглядзеў на іх і спытаў:
— А чаму так мала?
— Дык малавата ж прывёз... І дровы не з лепшых. Бяроза хіба месцамі трапляецца...
Хацеў яшчэ нешта сказаць — ды не меў каму, бо Зэнусь, злосна плюнуўшы, ускочыў у кабіну, развярнуў свой трактар і тым адвалам-сувачом... папхнуў дровы ў сажалку.
Гаспадар за ім і ў крык:
— Стой!.. Што ты надумаўся? Не рабі так! Я ўсё заплачу!
— Позна... Раней трэба было! — адказаў яму Зэнусь. І не толькі сапхнуў дровы ў сажалку, а яшчэ і «пакатаўся» па іх.
— Пустадомак! Вар'ят! Чым жа я ў печы буду паліць? — пытаў гаспадар, але трактар ужо грукатаў па вуліцы.
...Не, нездарма людзі кажуць, што дурны двойчы ходзіць, а скупы двойчы плоціць. Праверана: так яно ўсё і ёсць.
Ігар Пракаповіч, г. Паставы
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?