Вы тут

Аматарам цёплага надвор'я трэба пачакаць яшчэ


У выхадныя ўначы пры праясненнях да 12 марозу, а ўдзень — на 1—3 градусы халадней, чым звычайна.


Быццам бы сярэдзіна сакавіка і павінна актыўна і беспаваротна цяплець, але да нас зноў прыносіць халоднае паветра з боку паўночных шырот. І — так, радасны спеў птушак адмяняецца. Да канца тыдня — зноў снег і істотны мінус на дварэ, бо ў Беларусі стане халадней, паведамілі рэдакцыі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У аўторак на тэрыторыі краіны стане крыху халадней. У гэты дзень да нас прыйдзе актыўны франтальны раздзел, які перамяшчаецца з боку Украіны. Павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць. На большай частцы краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, месцамі моцныя, у асноўным мокры снег. У асобных раёнах магчыма наліпанне мокрага снегу.

У сераду будзе пераважаць воблачнае надвор'е. На большай частцы краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымыя слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны, паўночна-ўсходні ўмераны, у дзённыя гадзіны месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, удзень — 1—7 цяпла.

Радыкальная змена надвор'я пачнецца ўжо ў чацвер. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег. Уначы і раніцай на асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 да плюс 2 градусаў, удзень — ад мінус 1 да 5 цяпла.

І ў пятніцу паўночны вецер працягне прыносіць нам халоднае паветра. Месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег. Вецер прагназуецца пераменных напрамкаў, слабы. Уначы і раніцай на асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Тэмпература паветра панізіцца. У начныя гадзіны чакаецца 1—8 марозу. Тэмпература ў сярэдзіне дня складзе ад трох градусаў марозу да чатырох цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у выхадныя дні атмасферны ціск вырасце. Толькі ў асобных раёнах краіны магчымы невялікі кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы складзе 2—8 марозу, пры праясненнях — да мінус 12 градусаў. Удзень у суботу будзе ад мінус 3 да плюс 4 градусаў, у нядзелю — ад мінус 1 да 6 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: І зноў ідзе холад

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.