Вы тут

Фестываль «Нефільтраванае кіно» прайшоў у Мінску ў сёмы раз


Мастацтва, якое сёння трапляе пад увагу і прафесійнай супольнасці, і звычайнай глядацкай аўдыторыі, часта бывае напоўнена шматлікімі кантэкстамі знутры і абвешана імі звонку. Аналізаваць твор часцей за ўсё даводзіцца менавіта так: праз прызму падзначэнняў, падпрычын, па якіх гэтае мастацтва з’явілася. У пэўным сэнсе такі падыход дазваляе аналізаваць глыбей, літаральна на ўзроўні «чаму гэта напісана, знята, пастаўлена». Але за гэтым «чаму» нярэдка губляецца «як».


Фестываль «Нефільтраванае кіно», які ў мінулыя выхадныя прайшоў у Мінску ўжо сёмы раз, мае цікавую канцэпцыю, што спалучае гэтыя два найважнейшыя пытанні, якія задаюцца мастацтву ў спробах яго зразумець.

«Асноўнай ідэяй фестывалю “Нефільтраванае кіно” з’яўляецца вера ў тое, што ўсведамленне фільтраў у сферы экранных выказванняў і медыйных зносін дае магчымасць вызваліцца ад залішняй апекі, пасрэдніцтва і маніпуляцый у чалавечай камунікацыі. Тым часам фестываль не адмаўляецца поўнасцю ад фільтраў, але ставіць пытанне аб тым, дзе, кім і чаму яны ўсталёўваюцца. Фестываль надае ўвагу ўнутраным фільтрам або самацэнзуры.

На першы план выходзіць не фестываль як індустрыяльна-рынкавая інстытуцыя, функцыя якой — пазначыць, які фільм, рэжысёр вартыя кіназнаўчых альманахаў і інвестыцый, а самі фільмы (усё роўна, добрыя ці дрэнныя), яго аўтары, а таксама глядач (усё роўна, кінаман або выпадковы мінак)», — пазначана на сайце кінафестывалю ў раздзеле «Канцэпт». Нягледзячы на такія небанальныя фармулёўкі, правядзенне мерапрыемства застаецца даволі класічным: паказы, пытанні рэжысёрам, праграмы нішавага кіно, якое амаль заўсёды можна пабачыць толькі на фестывалях.

Кадр з фільма «Межы».

14 сакавіка ў межах «Нефільтраванага кіно» паказалі беларускую праграму, у якую ўвайшлі восем абсалютна розных кароткаметражных стужак працягласцю ад дзвюх да трыццаці хвілін.

Назіранне за плынню

Адкрыў праграму самы доўгі, трыццаціхвілінны фільм рэжысёркі Юліі Шатун пад назвай «Межы». Кінаэсэ было прадстаўлена на мінулагоднім фестывалі «Паўночнае ззянне». У анатацыі да гэтага паказу фільм быў абазначаны як «паэтычная медытацыя рэжысёркі на тэму важнасці і паўсюднасці межаў». Вобразны відэашэраг стрыманы. Усё знята не толькі ў ч/б, але і з дакументальнай, натуральнай выпадковасцю кадра. Здымка праз акно трамвая, які моцна трасецца, асветленыя вокны ў поўнай цемры, проста гарадскія пейзажы, крыжы на могілках. Дарэчы, вокны — адзін з асноўных візуальных вобразаў, што добра падмацоўвае разважанне пра межы. Закадравы тэкст цяжка ўспрымаць як паўнавартасны верш — і справа далёка не ў адсутнасці фармальных прыкмет, але ў тым, што без візуальнай падтрымкі ён не спрацоўвае. Стужка зманціравана з уключэннем кадраў з сямейнага архіва, знятага бацькамі рэжысёркі. У фільме паказаны чатыры гарады, хутчэй за ўсё, яны з’яўляюцца біяграфічнымі этапамі для аўтаркі. «Межы» — гэта цікавы кінадосвед, але ён, мякка кажучы, стамляе. Яго можна глядзець як медытацыю, але мала хто здольны без трэніровак уключыцца ў трыццаціхвілінную медытацыю з манатоннымі кадрамі і абсалютна фонавым тэкстам. Калі б тэмп апавядання быў хутчэйшым або само апавяданне — больш насычаным, гледачу было б прасцей. Ёсць падазрэнні, што гэтая работа для рэжысёркі — найперш асабістае даследаванне.

Падобным паглыбленнем ва ўнутранае адзначыліся два самыя кароткія фільмы ў праграме. «Псі мша» — чатыроххвілінная імправізацыя рэжысёра Сяргея Паяркова. «Цела, страх, запал, амбіцыі, воля, імкненне вырвацца за межы і пакора — вось прастора гэтага відэа», — пазначана ў анатацыі. Гэтую карціну хочацца супрацьпаставіць «Межам» Юліі Шатун, бо яна, нягледзячы на таксама медытатыўнасць і таксама ч/б, палярная па ўсіх астатніх пунктах. Па-першае, тэкст тут цалкам заменены пластыкай цела і твару і пабудовай кадра — кінатэкстам. Па-другое, эмацыянальная канцэнтрацыя настолькі ж моцная, наколькі аднародным здаецца настрой у «Межах». Па-трэцяе, тут абсалютна адсутнічае канкрэтная фармулёўка праблематыкі, карціна працуе толькі з эмацыянальным полем гледача.

Двуххвілінная карціна «Роля», якая закрывала праграму, засяроджана на спробах чалавека ўступіць у дыялог, на простым увасабленні імкнення да самапазнання і нават самарасшыфроўкі.

Кадр з фільма «Across the wishes».

Як надвор’е ўплывае на смак вады

Ігравое кіно — з пастаўленай прыдуманай гісторыяй — і гульня ў кіно далёка не заўсёды аказваюцца побач. А калі такое адбываецца, то ў выніку можа атрымацца як нешта абсалютна эксперыментальнае, так і абсалютна будзённае.

У праграме «Нефільтраванага» знайшлося месца і анімацыі. Адзін фільм анімацыйны напалову, другі — паўнавартасны мультфільм. «Across the wishes» Арсенія Алейніка — гэта якраз чысты эксперымент з кінамовай, у якім гульня перамагае гісторыю. У жывыя кадры ўпаўзаюць анімацыйныя элементы, падмацоўваючы нейкую простую магічнасць сюжэта. Калі падбіраць словы для апісання гэтага фільма, найбольш падыдуць банальныя «светлы» і «радасны». Музыка, смех, сонца, дынамічны кадр. Фільм стаяў у праграме паказу другім, адразу пасля «Межаў» Юліі Шатун, і кантраст быў аглушальны.

А вось цалкам мультыплікацыйны «Калі я быў Генерал» Юрыя Сямашкі, наадварот, стварае вельмі трывожную атмасферу. Мульцік з казачным сюжэтам расказвае абсалютна невясёлую гісторыю — кантраст паміж метадам апавядання і сюжэтам абвастрае напружанасць. Да гэтага ж падключаецца і сам стыль анімацыі. Аўтар жангліруе безнадзейнасцю, каб у выніку пераўтварыць яе ў надзею.

Трэці фільм з праграмы, які варта згадаць, гаворачы пра гульні ў кіно, гэта «Вампір Петра» Аляксандра Максімава. Абсалютна камедыйны фільм, што апавядае пра паўсядзённае жыццё вампіркі, якая засталася ў Беларусі праз пандэмію і зачыненыя межы і вымушана трываць выклікі самаізаляцыі. Карыкатурны вобраз, карыкатурны акцэнт, побытавыя замалёўкі. «Вампір Петра» — лёгкае рэжысёрскае і акцёрскае кінахуліганства на злабадзённую тэму — моцна выбіваецца па настроі з праграмы складанага і аўтарскага кіно.

Паглыбленне

Калі кіно пачынае дакладна адлюстроўваць жыццё, ёсць пагроза небяспечнай сітуацыі для стваральнікаў. Яны рызыкуюць зрабіць або нешта нецікавае ў сваёй побытавасці, або нешта занадта дыдактычнае, калі паўсядзённае жыццё і актуальная тэма аказваюцца ў адной плоскасці. У беларускай праграме «Нефільтраванага кіно» падобных фільмаў два. Адзін — ігравы, другі — дакументальны.

Кадр з фільма «Сойка».

Фільм «Сойка» рэжысёркі Анастасіі Сергіені, у якім галоўную ролю выконвае расійская актрыса Лянка Грыу, паказвае дзень з жыцця дзяўчыны-эмігранткі. Мастачка, якая жыве ў маленькім здымным пакоі і шукае сродкі для існавання, час ад часу размаўляе з бабуляй, упэўніваючы, што ў яе ўсё добра і на працы, і ў асабістым жыцці. Але насамрэч на экране разгортваецца зусім іншае. Сюжэт мог бы атрымацца абсалютна банальным, асабліва калі б пераўтварыўся ў поўнаметражны фільм пра жанчыну, якая зрабіла сябе сама. Але фармат кароткага метра не дае ніякіх шансаў на вырашэнне праблем, і гэтая монаэмацыянальнасць глыбокай стомленасці і адчаю прыцягвае ўвагу гледача. Акрамя гэтага, вельмі якасная карцінка і пэўны сімвалізм у пабудове кадра дазваляюць несвядома яшчэ больш наблізіцца да пачуццяў галоўнай гераіні. Фільм цікавы поўнай свабодай ад кантэкстаў. Пытанні, чаму, як і навошта дзяўчына аказалася ў такім становішчы і ці здолее з яго выйсці, застаюцца па-за кадрам. Гэта насычае той сюжэт, які мы бачым, большым напружаннем і сэнсам.

Другі фільм, дакументальны, мае назву «Крыху слоў пра маю маці і яе сабаку». Гэта карціна Таццяны Свірэпы, знятая ў родным горадзе падчас пандэміі. Рэжысёрка назірала за паўсядзённым жыццём сваёй мамы на працы, у краме, дома і на вуліцы, падчас прагулак з сабакам. Карціна адлюстроўвае, як змяняецца настрой жанчыны, тэмы для размоў і паводзіны, калі яе адпускае мітусня. Спакой і цеплыня, якія насычаюць фільм нават у колерах і пабудове кадраў, дазваляюць адчуць сапраўдную радасць, калі ў апошніх кадрах з’яўляецца надпіс пра тое, што ў канцы 2020 года жанчына кінула нелюбімую працу і пайшла вучыцца, каб здзейсніць мару дзяцінства. Абедзве карціны так ці інакш прыцягваюць увагу па банальнай прычыне: яны даюць гледачу не толькі гісторыю канкрэтнага чалавека, але і люстэрка, прызму, праз якую звычайнаму чалавеку вельмі лёгка ўбачыць сябе, свой адчай і надзею, стомленасць і адпачынак, паўсядзённасць, якая паглынае ўсё: і добрае, і дрэннае, і спробы яе перамагчы.

Нефільтраванае мастацтва пазбаўлена кантэкстуальнага атачэння, прывязанасці да актуальных тэм часу і ўнутраных спроб самапродажу. Галоўная вартасць сёлетняй беларускай праграмы «Нефільтраванага кіно» ў тым, што яна стала зборнікам імпульсаў, жаданняў. У кожным фільме адчуваецца, што рэжысёр хацеў яго зняць.

Часам свядомасць творчага чалавека падобная да хуткай плыні, у якой бывае цяжка разгледзець і выхапіць нешта, што можна ўтрымаць у руках. Калі доўга сядзець на беразе ракі, аднойчы заўважыш, што вада ў ёй стала неверагодна чыстай або што рака высахла зусім.

Дар’я СМІРНОВА

Загаловак у газеце: Адбітак на вадзе і плямы на плёнцы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.