Вы тут

У Мінску адкрылася выстаўка аб’яднання «Бубновы валет», творчай групоўкі рускага авангарду


Здабыткі розных культур і плыняў таго часу бесперапынна прыцягваюць увагу даследчыкаў і аматараў прыгожага, розныя з’явы атрымліваюць новыя пераасэнсаванні. Тое, як яны перапляталіся паміж сабой, мастакі адной краіны ўплывалі на мастакоў іншай, кожныя некалькі гадоў на месцы адной плыні ўзнікала іншая. 17 ліпеня ў Мінску адкрылася выстаўка аб’яднання «Бубновы валет», найбуйнейшай творчай групоўкі ранняга рускага авангарду. Яно існавала ў 1911—1917 гадах. Мэта мастакоў заключалася ў «распаўсюджанні сучасных паняццяў па пытаннях выяўленчага мастацтва».


Ілья Машкоў «Нацюрморт з глушцом і рыбамі», 1917 г.

Маляўнічасць і жывапіс

Гісторыя аб’яднання пачалася з аднайменнай выстаўкі, удзельнікі якой пасля сфарміравалі «Бубновы валет». «Назва падабалася большасці ўдзельнікаў гэтай выстаўкі тым, што яна выклікала ў тагачасным маскоўскім сытым мяшчанстве, купецтве і дваранстве пачуццё здзіўлення, гідлівасці», — сведчыў Ілья Машкоў.

У хуткім часе, у 1912-м адбыўся раскол групы: тыя, хто імкнуўся да тэндэнцый кубафутурызму і прымітывізму, спляцення еўрапейскіх форм выяўлення і рускага народнага, наіўнага мастацтва, аддзяліліся ад тых, хто арыентаваўся на новы французскі жывапіс.

Сярод першых былі Уладзімір і Давід Бурлюкі, Казімір Малевіч, Наталля Ганчарова, Міхаіл Ларыёнаў ды іншыя.

Для другіх характэрны рашэнні фавізму, кубізму і сезанаўскага стылю, постімпрэсіянізму. Зліццё прасторы і форм, што яе напаўняюць, яскрава праяўляецца ў пейзажных работах «бубнавалетаўцаў», постімпрэсіянісцкае адлюстраванне сутнаснага стану асабліва заўважаецца ў нацюрмортах Ільі Машкова і эцюдах Пятра Канчалоўскага. Геаметрычнасць і рэзкі контур колеру характэрны працам Арыстарха Лянтулава.

Назва выстаўкі — «Маляўнічы жывапіс» («Живописная живопись») — метафара Роберта Фалька, якая апісвае творчы метад «Бубновага валета»: выкарыстоўваць жывапісную пластыку, не дапускаючы яе падмены сродкамі іншых відаў творчасці. Гэта карціны без наратыву, складаных сімвалічных вобразаў, без эмацыйных пластоў. Аб’яднанне — нашчадкі рэакцыі на рэалізм і імпрэсіянізм.

Арыстарх Лянтулаў «Партрэт М.П. Лянтулавай з ружамі», 1913 г.

Экспазіцыя ў Нацыянальным мастацкім музеі падрыхтавана сумесна з Дзяржаўным гісторыка-мастацкім і літаратурным музеем-запаведнікам «Абрамцава».

Абрамцава — маёнтак пісьменніка Сяргея Аксакава, пазней — прамыслоўца і мецэната Савы Мамантава.

Своеасаблівая творчая рэзідэнцыя, якая збірала мноства выбітных мастакоў, пісьменнікаў, акцёраў, навукоўцаў, музыкантаў таго часу. У розныя гады гасцямі Абрамцава былі Тургенеў, Цютчаў, Гогаль, Рэпін, Васняцоў, Левітан, Сяроў, Урубель. Удзельнікі «Бубновага валета» таксама наведвалі маёнтак, стваралі тут свае работы ў 1910—1920-я гады. Тут сучасны французскі жывапіс непазбежна змешваўся са спрадвечным рускім мастацкім мысленнем.


«Гучныя» і «ціхія»

На выстаўцы прадстаўлена не менш за 50 прац удзельнікаў «Бубновага валета». Некаторыя з іх — больш познія, створаныя пасля распаду аб’яднання.

Буйны моцны мазок Пятра Канчалоўскага, выразная каларыстыка яго работ праводзяць яскравыя паралелі з тым, на што арыентаваліся «бубнавалетаўцы», але выяўляе і характар мастака — шырокі, які не баіцца грубасці і неахайнасці, запаўняе ўсю прастору колерам. На палотнах шчыльны аднародны фон: калі важны мост, не відаць ракі. Канчалоўскі канкрэтна і відавочна вылучае, якія аб’екты на выяве важныя, а якія не. Такі падыход да экспазіцыі найбольш цікавы на станковых пано, створаных цыклам у 1909 годзе. На іх яскрава праступаюць уражанні ад Ван Гога і Сезана, палотны кідаюцца ў вочы сваёй мастацкай шчыльнасцю і насычанасцю.

Ілья Машкоў — таксама адзін з заснавальнікаў аб’яднання. Яго працы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, адрозніваюцца выразным колерам і нетрывіяльнай перадачай адценняў.

Больш мяккія цені, плоская кампазіцыя без перспектывы, строгія межы колераў і аб’ектаў. У яго працах шмат натуры, і яна выяўлена найбольш рэалістычна, але нават у дынамічных, амаль сюжэтных творах адчуваецца больш стану, зафіксаванага, застылага пачуцця, чым наратыву і ўпрыгожанняў. Сярод ранніх работ выдзяляецца «Жаночы партрэт (на фоне шпалер)». Але адной з найважнейшых карцін у экспазіцыі з’яўляецца «Нацюрморт з глушцом і рыбамі». Гэтае палатно — пераход ад эксперыментаў да выкарыстання вынікаў эксперыментаў, да пластычнай, колеравай і кампазіцыйнай цэласнасці.

Арыстарх Лянтулаў больш, чым астатнія мастакі, працуе з прасторай, а не з аб’ектамі. Яго жывапісу характэрны стрыманасць нават у яркіх колерах, недакладныя межы аб’ектаў, але яскравыя межы колеру, рэзкі цень. Прычым колер нярэдка вырашае кампазіцыйныя задачы. Самая буйная яго работа на выстаўцы — «Партрэт М. П. Лянтулавай з ружамі». Гэта абстрактна-кубічная выява жанчыны, сабраная быццам з аскепкаў шкла, з парушанымі прапорцыямі. Па ёй найбольш заўважна, як бачанне мастака запаўняе, затапляе аб’екты.

Роберт Фальк на гэтай выстаўцы прадстаўлены ўсяго толькі дзвюма карцінамі. Але і на іх заўважна пэўная дынаміка і ў колеры, і ў кампазіцыі.

Каларыстыка значна больш стрыманая, калі не сказаць, змрочная.

Пётр Канчалоўскі «Дом у Абрамцаве», 1909 г.

Васіль Раждзественскі таксама адрозніваецца спакойным мастацкім метадам, але яго бачанне далёка не змрочнае. Ён карыстаецца пастаральнай палітрай, абазначае мяккія, крыху размытыя межы. На выстаўцы прадстаўлены цыкл паўночных работ, некалькі яго «рыбных» сюжэтаў, якія заўважныя кампазіцыйным збегам нацюрмортаў з пейзажамі.

У куратарскай анатацыі да выстаўкі пазначана: «Мастакоў аб’яднання «Бубновы валет» з вялікай доляй умоўнасці можна падзяліць на «гучных» і «ціхіх». Да першых адносяцца Канчалоўскі, Машкоў і Лянтулаў, да другіх — Фальк і Раждзественскі. «Дзяленне» вызначалася выключна мастацкім тэмпераментам мастакоў».

Мікалай Кузняцоў адрозніваецца лакальнасцю ў стылі адлюстравання колеру. Майстар выбірае шчыльнае запаўненне фона, мяккі контур, традыцыйныя тэмы для адлюстравання, статычныя аб’екты.

Аляксандр Асьмёркін — вучань Ільі Машкова, ён таксама часта працуе з нацюрмортам, але найбольш з раслінным, кветкавым. Перайманне таксама прасочваецца ў падыходзе да колеру. Строгія межы ў канкрэтных аб’ектаў і размытая, абстрактная прамалёўка расліннай масы — контур фізічных рукатворных прадметаў утрымлівае хаатычную прыродную энергію.

Нягледзячы на адны і тыя ж карані, крыніцы натхнення, няпроста выявіць падабенства ў творчых метадах мастакоў «Бубновага валета». Кожны з іх мае своеасаблівы падыход і да прадметаў, і да спосабаў адлюстравання. Кожны з аўтараў канцэнтруе свой мастацкі досвед, уласныя ўяўленні пра сучасны і пазачасавы падыход да творчасці і мастацтва.

У канцы куратарскай анатацыі да выстаўкі прыводзяцца словы Роберта Фалька: «Мы ўсе — людзі звычкі, і мы ўсе забываем нашы першапачатковыя жывыя, свежыя адчуванні. Цыбуля, бульба — амаль кожны дзень мы бачым гэтыя прадметы і ведаем, што іх можна з’есці і г. д. Людзі — лянівыя, сонныя істоты, мы не любім кожны дзень зарабляць сабе жыццёвыя адчуванні наноў, любім жыць звыклымі ўяўленнямі. Трэба прачнуцца. Толькі тады пачынаецца мастацтва». Мастакі «Бубновага валета» выбіралі метады, што ўступалі ў супрацьстаянне і з рэалістычнай пляскатасцю, і з імпрэсіянісцкай хуткаплыннасцю моманту. Іх стыль фіксуецца паміж гэтымі двума станамі. Выходзіць з межаў простага, непасрэднага адлюстравання рэчаіснасці і ў той жа час бачыць нагоду для мастацкага асэнсавання ў нечым больш грунтоўным, чым вокамгненны, мімалётны момант прыгажосці. Адна з найбольш комплексных задач мастацтва — выцягваць са звычайных рэчаў выявы душы прадметаў, іх грунтоўнае глыбокае значэнне, выварочваць прастору рэальнасці, спыняць і фіксаваць адчуванні ў іх паўнаце. Часам статыка патрэбна дынаміцы, каб прымусіць чалавека прыгледзецца да нязвыклага і нарэшце прачнуцца.

Дар’я СМІРНОВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках

Грамадства

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

22 чэрвеня 1943 года партызаны атрада «Бальшавік» здзейснілі нападзенне на фашысцкі гарнізон у былым саўгасе «Косіна».

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.