Вы тут

Як пераадолець фобію класічнай музыкі?


Арцём Шаплыка, прафесійны піяніст, саліст Белдзяржфілармоніі, некалькі гадоў таму адкрыў прыватную музычную школу «Артгранд». Ён распавёў пра тое, якія новыя веды давялося атрымаць і што галоўнае, калі перадаеш захапленне свайго жыцця іншым.


— Раскажыце, як і чаму з’явілася школа?

— Школа з’явілася адначасова і раптоўна, і з канкрэтным планам, што можна зрабіць у гэтай школе і навошта яна патрэбная. Так атрымалася, што я звярнуўся да юрыста з іншымі пытаннямі, бо працаваў як ІП, а ён мне сказаў: «Арцём, табе трэба адкрыць школу, я ўсе дакументы зраблю». І мы ўсё падрыхтавалі.

Калі казаць пра ідэі, то я разумеў, што трэба даць людзям альтэрнатыву. У нас ёсць дзяржаўныя школы і прыватныя студыі. У дзяржаўнай музычнай школе мне заўсёды не хапала нейкай свабоды, каб дзіця магло выбраць сабе рэпертуар, каб яго не падціскалі па тэрмінах да іспыту, не ставілі адзнакі. Сістэму дзяржаўнай музычнай адукацыі я прайшоў і як вучань, і як выкладчык.

У нашай школе не ставяць адзнак. Я заўсёды думаў, што музыку вельмі складана ацаніць, немагчыма прымусіць яе палюбіць. Таму навучанне павінна быць у першую чаргу праз захапленне і любоў.

Яшчэ мы імкнёмся быць гнуткімі, каб вучні маглі выбіраць, што яны хочуць граць. Вядома, ёсць практыкаванні, якія трэба вывучаць для развіцця тэхнікі, чытання з ліста, але гэта павінна быць у сукупнасці з жаданнем вучня. Мы імкнёмся тлумачыць, для чаго гэта робім, каб жаданне з’яўлялася. Калі дзеці не хочуць іграць, можна з імі пагаварыць — і яны захочуць.

Музыка — гэта тое, што немагчыма палічыць, і тое, што, па вялікім рахунку, неабавязкова ў жыцці. Каб навучыць дзіця музыцы, патрэбны толькі метад перніка. Гэта ідэя, на якой з’явілася школа, яна перадаецца ўсім педагогам і вучням.

— Прыватная школа — не толькі пра музыку, але і пра бізнес. Чаму давялося вучыцца?

— Рэгістрацыя юрыдычнай асобы, пошук памяшкання, пошук супрацоўнікаў — юрыста, бухгалтара, педагогаў, рашэнне ўсіх фінансавых пытанняў... Для музыканта, які не мае ні юрыдычнай, ні эканамічнай адукацыі, ні досведу стварэння кампаніі, гэта была зусім вялікая авантура. Я 25 гадоў граў на фартэпіяна, а цяпер апынуўся ў бізнесе. Толькі цяпер разумею, наколькі вялікая гэта была авантура. Тое, як усё пачалося, працуе і развіваецца да гэтага часу, — на самай справе цуд. Вядома, я вельмі ўдзячны ўсім, хто быў побач і цяпер дапамагае. Гэтых людзей мноства, мы атрымлівалі і фінансавую, і інфармацыйную падтрымку. Нават вучні і іх бацькі, якія цяпер прыходзяць, дапамагаюць школе, проста навучаючыся.

Я таксама развіваюся. Цяпер разумею, што такое бізнес-план, маркетынгавыя планы, як лічыць лічбачкі, як здымаць у арэнду, дамаўляцца, дзе заказваць рэкламу. Хоць нядаўна мне паказалі навучальныя праграмы пачатковага ўзроўню па бізнесе, і я зразумеў, што гэта дзіка складана. Я лепш буду граць на фартэпіяна і раялі.

Але не ўяўляю школу як бізнес. Наша галоўная мэта — адукацыйная, а не фінансавая, не атрыманне прыбытку. І тое, што па форме ўласнасці мы — установа адукацыі, значыць, што не маем права атрымліваць дывідэнды, падзяляць на долі. Усе грошы, якія атрымлівае школа, застаюцца ў школе.

— Складваецца ўражанне, што ў сваёй школе вы пастараліся выправіць усё, што замінала вам на музычным шляху. Якім быў яго пачатак?

— У мяне быў дваякі вопыт. Першыя два гады мяне вучыла Таццяна Аўрамаўна Чарнаморац, якая цяпер выкладае ў маёй школе. З ёй я палюбіў музыку яшчэ больш. Такі пачатак музычнага падарожжа патрэбны ўсім дзецям. Першыя два гады навучання самыя важныя. Калі педагог крычыць, гэта псіхалагічная траўма на ўсё жыццё. Так у мяне здарылася з другім педагогам. Тады я цалкам мог сказаць «хопіць».

Тыя, хто цяпер прыходзіць у дарослым узросце вучыцца, — людзі савецкага выхавання, і я ў тым ліку. І першае пытанне, якое яны задаюць: «У вас добрыя педагогі, яны не крычаць?» Для мяне дзікунства: як можа дарослы чалавек падумаць, што іншы дарослы чалавек будзе на яго крычаць?

Грамадства напалохана класічнай музыкай, таму ў нас паўпустыя залы ў філармоніі. Музыка — гэта цэлы свет, і людзі, якія пачынаюць вучыцца, заглыбляюцца не толькі ў выканальніцкае майстэрства. У нас ёсць музычная літаратура, гісторыя, разбіраем, што такое музыка ў філасофскім плане. Музыка суправаджае чалавека ўсё жыццё, у ёй адлюстроўваецца гісторыя. І нават у паўсядзённым жыцці — у любым кафэ — іграе музыка. Таму музычны слых ёсць амаль ва ўсіх, яго адсутнасць — наступствы рэдкай хваробы.

Далучаючы да культуры, да музыкі, мы павінны разумець, што гэта дапамагае, развівае духоўна. Я ўпэўнены, што калі б усе ў свеце вучыліся музыцы так сама, як вучацца чытаць, канфліктаў было б значна менш.

Гутарыла Дар’я СМІРНОВА

Фота з сайта Беларускай дзяржаўнай філармоніі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.