Вы тут

Канструкцыя з кантрастаў. Выстаўка Аляксея Астрова «Упарадкаваць хаос»


Мастацтва і эмоцыі — моцны і трывалы сплаў, на якім пабудавана ўспрыманне многіх людзей. Шчырасць, пачуццёвасць, блізкасць да свету чытача, псіхалагізм... Якімі яшчэ рысамі павінен валодаць твор, каб масавая свядомасць магла счытаць яго як «сапраўднае мастацтва»? Здаецца, быццам форма адыгрывае другаснае значэнне ў сучасным мастацтве, але гэта не зусім так.


Можна сказаць, што сёння абвастры ліся кантрасты паміж абсалютнай шчырасцю і адкрытасцю інтэрпрэтацый, дамінантай канцэпцыі і закладзенага сэнсу, дыктатам формы. Часам удаецца ўбачыць нешта, што спалучае ў сабе ўсе гэтыя крайнасці, не аддаўшы заўважнай перавагі ніводнай з іх.

«Упарадкаваць хаос». Гэта назва выстаўкі работ Аляксея Астрова. Яго скульптуры выглядаюць як вынік незвычайнага сугучча нечага ўнутранага, эмацыянальнага і формы тонка апрацаванага матэрыялу.

Скульптура з металу, у якой дакладна і выразна адчуваецца тэкстура нейкага іншага рэчыва, — вынік неверагоднага майстэрства. Выяўленчае мастацтва, асабліва аб’ёмнае, часцей за іншае выступае ў выглядзе, у якім форма сама па сабе абазначае змест.

Работы на выстаўцы выключна канцэптуальныя. Гэта непасрэдная спроба выявіць хаос, зафіксаваць яго, надаць яму форму. Сама канцэпцыя адпавядае аксюмаранічнай назве, бо збудавана на кантрастах. Строгі і няпросты для мастацтва метал і выбух эмоцый. Скульптура, што расцякаецца па плоскасці. Правільныя геаметрычныя формы — кубы, шары — і матэрыя, што паглынае іх. Хаос і спроба яго аформіць.

Увагу прыцягвае абсалютна кожная з выяў. Кампазіцыі зачароўваюць сваёй дынамічнасцю, тонкай прапрацаванасцю і адмысловым пацініраваннем і ў той жа час выклікаюць стабільную асацыяцыю з фільмамі ў жанры хорар.

Мастак перадае, увасабляе хаос праз мноства розных форм: разбурэнне, карозія, расставанне, прарастанне. На пляскатых артэфактах у метале паўстае першасны булён, пачвары, хтанічная сусветная неўпарадкаванасць, разгалінаваныя на кіламетры карані вялізных дрэў. Калі такую структуру праразаюць геаметрычна правільныя кубы, адчувальны рэзкі кантраст. Адзін з галоўных кантрастаў экспазіцыі — барацьба прыроднага пачатку, неўтаймаванай стыхіі з формай, правільнай, рукатворнай. Акрамя гэтых элементаў на выстаўцы прадстаўлены фотакарціны, якія дазваляюць падрабязней разгледзець структуру некаторых скульптур, і зброя — сякеры і нажы, схопленыя «рукамі» хаосу. Пільная дэталізацыя, абсалют метафары ў скульптурах перадаюць моцную, але даволі абстрактную эмоцыю. Што наведвальнік павінен адчуць, паглядзеўшы на работы? Жах? Напружанне? Роспач? Расслабленне ў бескантрольнасці? Анонс экспазіцыі запрашае гледачоў стаць суаўтарамі, разгадаць сэнсы, закладзеныя Аляксеем Кастровым у скульптуры. Таму і назваў у работ няма — каб адкрыць для гледача прастору вольных інтэрпрэтацый, даць магчымасць разгледзець у абстрактных выявах элементы ўласнага свету, мо нават тыя, якія чалавек баяўся пабачыць у сабе і сваім жыцці.

Інтэрпрэтаваць скульптуры з выстаўкі «Упарадкаваць хаос» найпрасцей праз эмацыянальны складнік, праз унутранае, падсвядомае. Але гэта неабавязковая трактоўка. У скульптурах можна ўбачыць і разумовыя працэсы, і грамадскія, заўважыць сталенне, пошук, нават развіццё стасункаў. У пэўным сэнсе, у працяг аксюмаранічнай назвы, скульптуры Аляксея Астрова дазваляюць убачыць працэс іх уласнага стварэння. Уважлівасць і захопленасць, эмацыянальная напоўненасць і тонкая форма — таксама свайго роду кантрасты, спроба ўпарадкаваць хаос.

Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».