Вы тут

НАК Беларусі — 30 гадоў!


Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту Рэспублікі Беларусь — 30 гадоў. Дзень нараджэння стаў нагодай для важнай падзеі — прэзентацыі экіпіроўкі нацыянальнай алімпійскай каманды Рэспублікі Беларусь. Вядомыя беларускія атлеты і трэнеры, кіраўніцтва спартыўнай галіны, артысты, грамадскія дзеячы сабраліся 22 сакавіка ў спартыўна-забаўляльным комплексе Falcon Club Arena, каб павіншаваць НАК Беларусі і ацаніць новую модную калекцыю. Спартсмены, якія не змаглі прыехаць на свята, накіравалі відэавіншаванні.


Фота НАК Беларусі.

«Юбілей — гэта заўсёды свята. Найлепшым падарункам для Нацыянальнага алімпійскага камітэта стане паспяховае выступленне спартсменаў на Алімпійскіх гульнях. Менавіта такога падарунка мы ад іх і чакаем, і я ўпэўнены, што спартсмены цалкам выкладуцца і пакажуць высокія вынікі. Мы ўжо бачым па выніках кваліфікацыйных спаборніцтваў, што патэнцыял вялікі. За кароткі перыяд незалежнасці, за 30 гадоў для спорту зроблена шмат — інфраструктура, добрыя трэнеры і спартсмены — усё разам гэта дае добрыя вынікі. Многае ўжо зроблена, яшчэ больш трэба зрабіць», — адзначыў прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка. Кіраўнік НАК павіншаваў заслужаных спартсменаў, ветэранаў фізкультуры і спорту, маладых атлетаў, падзякаваў трэнерам, медыкам, тэхнічнаму персаналу, журналістам, якія робяць свой уклад у развіццё спорту. «Дзверы НАК адкрытыя для ўсіх: мы гатовыя да новых ініцыятыў, да рэалізацыі цікавых праектаў, плённай і канструктыўнай работы па ўмацаванні алімпійскага руху. Мы зацікаўлены ў арганізацыі буйных спартыўных форумаў пад эгідай міжнародных федэрацый, якія з'яўляюцца святам для нашага народа», — падкрэсліў Віктар Лукашэнка.

Першым падарункам да юбілею НАК стаў паказ калекцыі спартыўнай экіпіроўкі, у якой беларусы будуць выступаць на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Упершыню беларуская каманда будзе адзетая ў экіпіроўку пад знакам Made іn Belarus. Распрацоўка дызайну і пашыў выкананы спецыялістамі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Сола-Пінск».

«Магчымасць распрацоўкі і пашыву адзення для алімпійцаў — найвышэйшае прызнанне для ўсяго калектыву прадпрыемства «Сола-Пінск». Вельмі рады за наша прадпрыемства, якое змагло выканаць такі важны заказ. Галоўны патэрн на форме алімпійцаў уключае асноўныя ўяўленні аб нашай краіне, яе цудоўнай прыродзе: маляўнічых лясах, палях, рэках і яркім сонцы, а таксама аб сіле духу беларусаў, у якім спалучаюцца іх моц і ў той жа час дабрыня. Работа над калекцыяй ішла больш за год. Выкарыстоўвалі якасныя матэрыялы, аддавалі ўвагу зручнасці і колеравай гаме. У стварэнні формы актыўна ўдзельнічалі як дызайнеры нашага прадпрыемства, так і супрацоўнікі НАК. Пакуль яшчэ няма яснасці па канчатковым аб'ёме прадукцыі. Але як толькі заказ будзе сфарміраваны, усё зробім максімальна аператыўна», — расказаў дырэктар «Сола-Пінск» Васіль Гарагляд.

Упершыню ў гісторыі на Гульнях у Токіа каманда Беларусі выступіць пад брэндам Team BY, які быў прадстаўлены грамадскасці ў канцы 2018 года. Асновай лагатыпа стаў бусел, які з'яўляецца сімвалам Беларусі, — яго графічнае афармленне сімвалізуе імкненне нашай каманды да перамог і заваявання новых вышынь.

Новая форма задаволіла густы беларускіх спартсменаў. «Вельмі прыгожая, дынамічная, мне падабаецца. Шкада, што я не змагу выступаць у гэтай форме», — рэзюмаваў алімпійскі чэмпіён 2008 года Аляксандр Багдановіч.

Святкаванне 30-годдзя Нацыянальнага алімпійскага камітэта на гэтым не заканчваецца. Увесь год будзе працаваць фотавыстаўка «НАК Беларусі — 30 гадоў! Гісторыі нашых перамог!», у эфіры беларускіх тэлеканалаў, сацыяльных сетках будуць паказаны відэасерыі праекта «Правілы жыцця беларускіх спарстменаў», маштабным і запамінальным абяцае стаць спартыўна-фізкультурны фестываль «Вытокі: крок да Алімпа».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.