Вы тут

Навошта манастыру студыя выяўленчага мастацтва?


У вёсцы Гнесічы Навагрудскага раёна адраджаецца адзін з самых старажытных духоўных цэнтраў Беларусі — Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. Ён быў заснаваны ў 1225 годзе, дзейнічаў да ваеннага 1915 года і быў адноўлены ў 2007-м. Манастыр хутка вяртае сваю вядомасць: акрамя аказання духоўнай дапамогі ўсім, хто мае патрэбу, тут вядзецца вялікая асветніцкая і сацыяльная работа — дзейнічаюць нядзельная школа, брацтва, паломніцкая служба, прытулак, аграсядзіба, гасцявы дом; асаблівая дапамога аказваецца сем'ям, якія ўсынавілі дзяцей... Вось ужо пяты год пры манастыры існуе студыя выяўленчага мастацтва «Сугучча». Гэта не зусім звычайнае месца, дзе малююць. Ды і малююць тут не зусім звычайна.


І тое адразу відаць па работах удзельнікаў. Ёсць меркаванне, што ў іх адлюстроўваецца духоўная энергія гэтага месца. Яшчэ адна асаблівасць «Сугучча» — тут малююць ўсе: і дзеці, і дарослыя, і насельнікі манастыра, і паломнікі, і нават сам ігумен.

Любы манастыр — гэта своеасаблівая лякарня, куды прыязджаюць людзі, якія маюць патрэбу ў духоўнай дапамозе. Па словах ігумена Яўсевія (Цюхлова), працэс малявання дапамагае чалавеку выліць свой боль, які назапашваўся доўгія гады, вызваліцца ад лішняга грузу, пазбавіцца ад перашкод на шляху да светлага жыцця. Гэта адна з прычын стварэння студыі на манастырскім падворку.

— Другая — наяўнасць нядзельнай школы пры манастыры, — распавядае айцец Яўсевій.

Пры навучэнні дзяцей маляванню студыя дае магчымасць развіваць іх творчы пачатак. Такога ж прынцыпу прытрымліваўся ў ХVІІІ стагоддзі палітычны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, ураджэнец гэтых мясцін Антоній Тызенгаўз. Ён стварыў у Гродне музычна-тэатральную школу, куды запрашаў майстроў для навучання дзяцей рамёствам і адначасова грамаце. Цікава, што ў тыя часы матэматыцы аддавалася ў два разы менш часу, чым маляванню. Найперш трэба развіваць асобу і толькі потым пачынаць канкрэтнае навучанне, лічыў Антоній Тызенгаўз. Без унутранага развіцця можна разабрацца ў вышэйшай матэматыцы і ў выніку стаць пасрэдным спецыялістам, бо веды будуць абмежаваныя толькі тым, чаму цябе навучылі, аргументаваў ён.

Маляванне дапамагае раскрываць і іншыя таленты чалавека, перакананы ігумен Яўсевій.

— Яшчэ адной падставай для адкрыцця студыі паслужыла назіранне за дзецьмі, — распавёў ён. — Падчас малявання на занятках у нядзельнай школе дзеці да хрышчэння выкарыстоўвалі цёмныя тоны фарбаў, а пасля таінства хрышчэння — светлыя.

Паслушнік Аляксей жыве ў Лаўрышаўскім манастыры з 2014 года, служыць на клірасе і ў алтары. У вольны час з задавальненнем бярэцца за пэндзлі.

— У дзяцінстве я маляваў. Гэта было некалькі дзесяцігоддзяў таму, — расказаў ён. — Ізноў вярнуўся да любімага занятку тут. Незвычайна, што менавіта пад аховай манастыра ёсць магчымасць засяродзіцца за мальбертам. Мне падабаецца, што даецца поўная свабода: ніякай тэмы! Малюй што хочаш, слухай духоўныя песнапенні ці класічную музыку.

Нярэдка ў манастыр прыязджаюць маладыя людзі, якія з цяжкасцю ўпісваюцца ў соцыум. Яны маюць магчымасць жыць на тэрыторыі манастыра, наведваць Літургію, удзельнічаць у царкоўных таінствах і сваёй работай дапамагаць адраджэнню святыні. Студыя выяўленчага мастацтва — яшчэ адна магчымасць для іх знайсці сябе.

Маляванне пад аховай манастыра дазваляе выказаць на паперы ўсё — ад дзіцячых мар да сур'ёзных духоўных перажыванняў.

— У наш час людзі раз'яднаныя, некаторыя адчуваюць сябе некамфортна ў грамадстве. Маляванне дапамагае разняволіцца, — лічыць Аляксей. — Гэта своеасаблівая арт-тэрапія.

Звычайна ён малюе прыроду. Асабліва яму падабаецца маляваць неба, але аднойчы на яго палатне з'явіўся касмічны карабель у форме храма.

«Таму што Царква — гэта, вобразна кажучы, карабель, дзе сам Хрыстос — рулявы, — растлумачыў Аляксей. — Яшчэ гэта мара аб перамозе веры».

Гісторыя іераманаха Яўціхія ў частцы, якая датычыцца ролі выяўленчага мастацтва, падобная. Да служэння ў Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім манастыры яму таксама не ўдавалася реалізаваць сваё даўнейшае жаданне маляваць. Тут шматгадовае імкненне ажыццявілася праз мноства работ.

— Маляванне ў сценах манастыра дае своеасаблівую духоўную ахову і магчымасць выказаць свой унутраны свет, — лічыць іераманах. — Аднойчы на Светлым тыдні, калі душа радуецца, узносіцца, захацелася стварыць кампазіцыю, у якой ёсць вобраз манаха. Памятаю натхненне і светлыя пачуцці, якія ахапілі мяне падчас гэтай работы...

Студыя «Сугучча» дае ўнутраны штуршок чалавеку, які шукае адказы на адвечныя пытанні, паказвае кірунак і дапамагае не збіцца са шляху, лічаць яе ўдзельнікі.

Паліна ДЗІСКО

Загаловак у газеце: Палатно як люстэрка душы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.