Вы тут

Хатняя энцыклапедыя


pixabay.com

Куліч-крафін

Спатрэбіцца: яйкі — 3 шт., журавіны сушаныя — 100 г, мука — 350 г, міндаль — 100 г, апельсінавы сок — 30 мл, цэдра апельсіна (па жаданні), масла — 130 г, малако — 80 мл, дрожджы: сухія — 6 г ці свежыя — 20 г, цукар: (для цеста) — 2,5 ст. л. (для рошчыны) — 1 ч. л., цукровая пудра — на смак, ванільны цукар — на смак.

У невялікай глыбокай місцы робім рошчыну. Змешваем цёплае малако, дрожджы і цукар. Ставім атрыманую сумесь на 20 хвілін у цёплае месца. У асобнай ёмістасці ўзбіваем 2 жаўткі, 1 яйка цалкам і 2,5 ст. л. цукру.

Следам у папярэдне прасеяную муку дадаём рошчыну, сумесь з узбітых яек з цукрам, растопленае масла і апельсінавы сок. Усё старанна перамешваем да аднастайнасці. Добра вымешваем цеста, кладзём у міску і змяшчаем у цёплае месца на 1 гадзіну, накрыўшы зверху ручніком.

Цеста, калі яно ўжо паднялося, раскачваем тонкім пластом і змазваем маслам. Далей прысыпаем яго сухафруктамі, міндалём, ванільным цукрам і пры жаданні невялікай колькасцю цэдры апельсіна. Цяпер згортваем цеста ў рулет і разразаем яго ўпоперак, але не да канца. Скручваем палоўкі рулета ў своеасаблівага «слімака». Выкладваем будучыя крафіны ў формачкі і пакідаем «адпачываць» на 20 хвілін, каб цеста яшчэ злёгку паднялося.

Нарэшце адпраўляем крафіны выпякацца ў разагрэтую да 200 оС духоўку на 15 хвілін. Пасля заканчэння гэтага часу памяншаем тэмпературу да 180 оС і выпякаем яшчэ 25 хвілін. (Аднак перыядычна правяраем гатоўнасць выпечкі, бо духоўкі ва ўсіх розныя.)


Фуршэтная закуска з селядцом

Спатрэбіцца: селядзец — 1 шт., вараныя буракі — 3 шт., вараная морква — 3 шт., плаўлены сырок — 1 шт., варанае яйка — 1 шт., маянэз — на смак, зяленіва — для ўпрыгажэння.

Буракі наразаем на невялікія кружочкі (можна зрабіць хвалістыя краі або формачкай для печыва выразаць фігуркі).

З плаўленага сыру, яйка і маянэзу гатуем сырную масу (усё надзіраем на дробнай тарцы). Вараную моркву надзіраем на буйной тарцы.

Цяпер фарміруем закуску. На круг з бурака выкладваем сырную масу, на яе — пласт яркай морквы і зверху — кавалачак селядца. Засталося толькі дадаць пасмачку зяленіва — і можна падаваць да стала!


Месца для сабак сваімі рукамі

Традыцыйныя будкі для чатырохногіх добрыя для вуліцы, але і ў кватэры сабаку таксама патрэбна сваё месца. Для невялікіх сабак можна зрабіць такую хованку, а бонусам — атрымаць яшчэ і цікавы часопісны столік.

Спатрэбіцца. Фанера 16 мм: на сценкі — ліст 2 500 х 460 мм; верх і ніз — ліст 2 500 x 560 мм; задняя сценка — ліст 1 528 x 460 мм; 2 палоскі 25 x 460 мм і 2 палоскі 25 x 368 мм для «фундамента». Акрамя таго: 8 стальных «вугалкоў» 16 мм або трохі меншых і шрубы да іх; шрубы 4 x 40 мм; шпаклёўка для дрэва, наждачная папера № 120, клей для дрэва або вадкія цвікі, лак ці дэкаратыўнае прамочванне.

Распілоўваем лісты фанеры па ўказаных вышэй памерах — самі ці ў краме. У цэнтры бакавых панэляў, выкарыстоўваючы вялікі цыркуль, лінейку і аловак, малюем
вялікія кругі-акенцы для зручнасці гадаванцаў. Па жаданні можна зрабіць толькі адно акенца.

Выразаем кругі. Для гэтага, крыху адступіўшы ад цэнтра, свідруем 10-міліметровую адтуліну, каб прасунуць пілку лобзіка. Потым рэжам лобзікам па разметцы. Атрымліваем дзве сценкі з акенцамі. Краі апрацоўваем «наждачкай».

Збіраем бакавыя і заднюю сценку разам. Для гэтага насвідроўваем 3-міліметровым свердлам заглыбленні і з дапамогай 4-міліметровых шрубаў сцягваем сценкі.

Стальніца мацуецца на вадкія цвікі ці добры клей. Як варыянт, можна прыбіць яе тонкім цвіком без плешкі наскрозь да сценак.

Аснова таксама збіраецца на 4-міліметровыя шрубы ў папярэдне насвідраваныя адтуліны. Мацуецца на «вугалкі» і шрубы да ніжняй часткі століка.

Шрубы маскіруюцца з дапамогай шпаклёўкі па дрэве.

Столік-ляжанку пакрываем лакам або васковым пакрыццём.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.