Вы тут

Прыватным інвестарам для ўзвядзення арэнднага жылля прапануюць спрыяльныя ўмовы


Зараз у нашай краіне вядзецца работа па актывізацыі будаўніцтва арэнднага жылля за кошт розных крыніц і па прыцягненні прыватных забудоўшчыкаў. Спецыялісты прэс-службы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва паведамляюць, што работа арганізавана па гэтай тэме ў двух кірунках.


Фота: pixabay.com

Па-першае, гэта ўцягванне пустых арэндных жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду і прыватнага жылля фізічных асоб, якія маюць свабодныя кватэры для перадачы ў арэнду па рыначнай цане. Наступным напрамкам стане нарошчванне аб'ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля за кошт стварэння эканамічных умоў і стымулявання прыватных інвестараў на ажыццяўленне такога будаўніцтва. Забяспечвацца арэндным жыллём будуць перш за ўсё тыя людзі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з дзяржаўнай падтрымкай у выглядзе субсідый на частковую кампенсацыю арэндных плацяжоў.

Як адзначылі ў міністэрстве, каб прыцягнуць прыватных забудоўшчыкаў да будаўніцтва арэнднага жылля, плануецца даваць ім без аўкцыённых таргоў адразу некалькі зямельных участкаў для будаўніцтва арэнднага жылля і жылога дома на камерцыйных умовах. Пры гэтым зямельныя ўчасткі павінны быць перададзены без абцяжаранняў, гэта значыць без будынкаў пад знос.

Будаўніцтва інжынерных сетак для арэнднага дома плануецца ажыццяўляць за кошт дзяржавы, а для камерцыйнага дома прадугледжана кампенсацыя за кошт бюджэту ў памеры 50 %. Магчыма, будуць давацца падатковыя льготы, а менавіта вызваленне ад падатку на прыбытак часткі валавога прыбытку, якая накіроўваецца арганізацыяй на будаўніцтва або набыццё арэнднага жылля. Таксама абмяркоўваецца магчымасць атрымання крэдытаў для будаўніцтва такіх дамоў з больш нізкай працэнтнай стаўкай у выпадку, калі вялікую частку сродкаў унясе сам забудоўшчык.

У прэс-службе міністэрства таксама адзначылі, што за першы квартал бягучага года аб'ём агульнага ўводу жылля ў эксплуатацыю склаў 1 млн 127,4 тысячы квадратных метраў, што складае 28,2 % ад гадавога задання. З іх з дзяржаўнай падтрымкай пабудавана 322 тысячы «квадратаў», або 32,2 % ад плана на бягучы год.

Характэрна, што лідзіруючае месца па аб'ёме агульнага ўводу жылля за гэты перыяд займае Мінск, дзе здадзена ў эксплуатацыю 44,1 % ад устаноўленага задання. Далей ідуць Гродзенская і Брэсцкая вобласці, дзе пабудавана адпаведна 33,5 % і 30,7 % ад задання.

Што датычыцца цэн на жыллё, то, паводле інфармацыі спецыялістаў ведамства, у нашай краіне прыняты шэраг мер па рэгуляванні кошту жылля, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай. Так, устаноўлены лімітавы сярэдні кошт 1 квадратнага метра жылля ў памеры 1 тысячы 152,5 рубля.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Зямля без аўкцыёну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.