Вы тут

Эскіз да будучай карціны


Мастак Леанід Данэлія, які нарадзіўся ў Брэсце пасля Перамогі, задумаў карціну з вобразамі бацькоў: яны ў ваенную пару былі падпольшчыкамі ў прыгранічным горадзе.


Леанід Данэлія. Пачатак вясны на Палессі. 1921.

У сакавіку мастаку споўнілася 75 гадоў. І сёлета яшчэ адзін юбілей, важны для сына ветэрана: 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай. Вайна, як мы расказвалі, закруціла ў віхуры яго будучага бацьку, Пятра Данэлію, апякла полымем баёў у чэрвені-жніўні 1941-га, выпрабоўвала палонамі ды на ўсё жыццё закінула ўраджэнца Махачкалы ў прыгранічны Брэст (гл.: «Грузінска-беларуская палітра лёсу». — ГР, 10.05.2018). Згадваў Леанід Пятровіч пра таямніцы роду — па лініі Біцюцкіх, па махачкалінскай бабулі: «Мне тое расказвала бабуля Алена Рыгораўна, ці пані Хелена, як называлі яе ў Брэсце, куды яна прыязджала з Краснага Яра, з-пад Царыцына. (Пазней Сталінград, цяпер Валгаград. — Аўт.). А якраз туды, казала, у 1831-м і быў сасланы род Біцюцкіх». То можа родзічы мастака мелі дачыненне да Польска-беларускага паўстання 1831-га года? З часам род Біцюцкіх, пісалі мы, парадніўся з грузінскім родам Данэлія, нашчадкі ад таго шлюбу жылі ў Махачкале, потым сіла лёсу закінула Пятра Данэлію ў Беларусь — і ўжо не адпусціла.

З 2004 года Леанід Данэлія не проста мастак — ён і педагог: старшы выкладчык кафедры мастацкай ды педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка. Дарэчы, і бацька ягоны ў Брэсце доўгі час кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва. На адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў гонар майстра ў 2018-м ягоны калега, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў Леў Алімаў казаў: «То былі 20 гадоў бесперапыннай, практычна бязвыплатнай працы. Два дзесяцігоддзі энтузіязму, падзвіжніцтва, любові да прадмета. Пётр Данэлія паўплываў на многія дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак. Няхай не ўсе з іх сталі прафесійнымі мастакамі, але ж кожны з іх збярог памяць пра свайго настаўніка».

У творчасці Леаніда Данэліі калегі бачаць спалучэнне традыцый рэалізму з абстракцыянізмам. І што ўмее Леанід Пятровіч гарманічна выкарыстоўваць яркія фарбы й рэзкія лініі, заўважае адметнае ў простых рэчах і тое адлюстроўвае на палатне. Для самога ж спадара Леаніда жывапіс — гэта і творчасць, і спосаб шукаць і знаходзіць адказы на нейкія асабістыя пытанні, магчымасць глядзець на жыццё з боку ды пераасэнсоўваць яго каштоўнасці.

Як усё тое ўвасабляецца на паперы — бачна і ў ілюстрацыях, якія зрабілі Валянцін Лойка й Леанід Данэлія да рамана «Цар» Уладзіміра Ліпскага: твор выйшаў асобнай кнігай у Мінску (2020) у выдавецтве «Адукацыя і выхаванне». Каб пагаварыць пра жыццё і творчасць, сустрэліся мы ўтрох — ва Уладзіміра Сцяпанавіча, у рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Кіруе выданнем 80-гадовы журналіст, пісьменнік, грамадскі деяч з 1978 года, і блаславіў яго тады на пасаду народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Падпісваючы мне ў падарунак раман, Уладзімір Сцяпанавіч казаў пра сябра Леаніда: «Многа што сімпатычнае мне ў гэтым чалавеку. Ён разу­мее гумар, ён ведае, чым жыве сёння наша зямля, наш народ і шмат робіць у мастацтве на карысць Бацькаўшчыны».

Леанід Данэлія і Уладзімір Ліпскі.

Стаўшы сведкам цёплай сустрэчы сяброў (Ліпскі яшчэ й падарунак уручаў мастаку з нагоды юбілею), прапанаваў я ім сфатаграфавацца. «Вось тут, з „Царом“, у намоленым месцы...» — Уладзімір Сцяпанавіч мякка ды ўпэўнена выбірае пазіцыю з Леанідам Пятровічам ля партрэтаў папярэднікаў на «вясёлкаўскай пасадзе». І святло аж перапаўняе кадр: дзве яркія асобы сышліся разам у асвечанай талентамі культурнай прасторы «Вясёлкі». Калі ж мастак прызнаўся, што марыць стварыць выставу, ілюстрацыі да «Цара» ў ёй выкарыстаць — Уладзімір Сцяпанавіч жыва яго падтрымаў: «Здорава! Хай жыве ваша творчасць! Хай крылы творчасці высока ўзносяць вас — над роднаю беларускай зямлёй. Вялікаю. Божаю. Не ўсе пакуль пра нас ведаюць у свеце, пра назапашаныя беларусамі духоўныя скарбы — і нам трэба ўсім старацца, каб ведалі больш. А якраз талентамі й слаўная зямля».

Уладзімір Сцяпанавіч узяўся гатаваць каву, а Леанід Пятровіч згадваў дэталі свайго радаводу. Казаў: па ліні бацькі таленавітыя былі ўсе. Дзед Аляксей — цудоўны майстар, першы ў Махачкале шавец (сапожник): «Яго там і Вано звалі: „традыцыйнае“ імя ў грузінаў. А якія ён туфелькі на драўляных цвічках зрабіў апошнія маёй маме, і мне малому, і бацьку!.. Сам усё, нават скуру сам вырабіў. Бабуля ж, хоць мела толькі два класы царкоўна-прыхадскія, выдатнай швачкай была, і пісала вершы! Усе пісьмы нам у Брэст ад яе — вершаваныя. Вось і я вершы пішу, паэма ёсць. А экспромтаў сяброўскіх і не злічыць!»

Леанід Пятровіч, маючы «інтэрнацыянал» у крыві, бацьку-грузіна ды маці-беларуску (а яшчэ й гены з роду Біцюцкіх...) услед за бацькам стаў мастаком. І абодва — прыклад патрыятызму для іншых. Прыклад таго, як зберагаць духоўныя повязі з зямлёй продкаў, шанаваць і род, і народ. І як нават з выгнання (як род Біцюцкіх...) можна вярнуцца праз пакаленні — і знайсці сваё месца пад сонцам Бацькаўшчыны. Між тым будучы дзед мастака трапіў у Махачкалу — дзякуючы лёсаносным абставінам: вайна, раненне, каханне. «Гісторыя там — амаль як у рамане Хэмінгуэя „Бывай, зброя!“, толькі шчаслівы працяг у яе, — інтрыгуе Леанід Пятровіч. — Аляксей у першую сусветную быў паранены, і Алена Рыгораўна — Хэлена — даглядала яго ў ваенным эшалоне. Далей — каханне, вяселле, Махачкала. Там пабачыў свет мой будучы бацька». Нагадаем: нарадзіўся Пётр Аляксеевіч у Махачкале (цяпер Дагестан, Расія) у 1920 годзе, памёр у Брэсце ў 2012-м. Гэта вядомы творца, заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі (1995), быў ушанаваны медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве».

Але што цікава: і ў лёсе будучых таты з мамай Леаніда Данэліі таксама быў эшалон! Вёз ён савецкіх людзей, вязняў, з Брэста на працу ў Германію. Людзей, у асноўным моладзь, пахапалі ў часе аблавы, калі пачалася ў 1944-м аперацыя «Баграціён». Дзякуючы аповедам бацькоў мастак добра ўяўляе сабе, як пад Варшавай эшалон бамбавалі англійскія самалёты, і выбуховай хваляй знесла дах у іх таварняка. «Спачатку перапалохаліся ўсе, разгубіліся: ніхто не асмельваўся ўцякаць. А будучы мой тата сцяміў адразу: раз ёсць магчымасць — трэба спрабаваць! Ён жа й з палона тры разы ўцякаў. Немцы ловяць, б’юць, кідаюць за калючы дрот — а ноччу ён уцякае. Вось такая прага свабоды й жыцця. Тата здзіўляўся: многія, трапіўшы за дрот, баязліва сябе паводзілі. А ён — не, такі па характары быў: рашучы, хуткі, рухавы. Крыкнуў маці: «Усё, Паліна, давай!.. „Але як?..“ Падсадзіў яе спачатку, а потым яна зверху яму дапамагла выбрацца. І збеглі яны ў нейкую вёску. Трохі ж умелі, пажыўшы ў Брэсце, гаварыць па-польску, і там іх прынялі як сваіх: ніхто не выдаў, хоць уся вёска ведала пра ўцекачоў. Яны там жылі, працавалі ў людзей з паўгода, пакуль Чырвоная армія мясцовасць не вызваліла. Потым энквэдзісты доўга вялі допыты. А ўрэшце ўсё закончылася добра: бо мой жа бацька належаў да брэсцкага падполля, і мама побач з ім была».

На пытанне, ці ёсць у яго працы, прысвечаныя бацьку, Леанід Пятровіч патлумачыў: «Яго працы ў мяне ёсць, а працы-прысвячэння пакуль няма, хоць я над такой тэмай працую: бо сёлета ж 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У мяне цяпер такі перыяд настальгіі па Брэсце. Перабіраю ў памяці былое. Звычайна так робіш, калі праходзіш нейкі знакавы этап у жыцці — а ў мяне 75-годдзе. Я прысвяціў працы, паспрабаваў выявіць дух мінулага Брэста праз жаночыя вобразы. Гэта і дзве бяспечныя прыгажуні году 1939-га. І ёсць суровая карціна пра 1942 год: Халакост у Брэсце. Хачу й вобраз бацькі стварыць — над тым працую, зрабіў шмат эскізаў. Не хочацца вырашаць тэму проста партрэтам. Магчыма, буду ўводзіць у твор абрысы Брэсцкай крэпасці, дзе бацька часта бываў з эцюднікам. Мне будучы твор бачыцца трохі нават сюррэалістычнай карцінай. Хочацца й вобраз маладой мамы ў яго ўключыць: яна ж была вельмі прыгожая».

У часе размовы мы згадалі запамінальны, ярка-сонечны твор Леаніда Пятровіча: дзіцячы аўтапартрэт з трохколавым роварам, да якога прымацаваны чырвоны флажок. Гэта «фрагмент» з яго дзяцінства ў брэсцкім двары, таксама з «Брэсцкага цыкла». «Прычым вобраз я ўзяў з адной бацькавай карціны, па-свойму інтэрпрэтаваў», — згадвае мастак. І такім чынам, разважаем далей, ладзіцца пераклічка пакаленняў, повязь часоў: новы твор убірае ў сябе «мастацкае зерне» з іншых часавых прастораў. «Мне й хочацца сабраць у адзін вобраз нас, пасляваенных: тату, маму і мяне. Карціна, відаць, будзе калажаваная, шматслойная. А гэта, паверце мне, складаны працэс: гарманічна ўсё скампанаваць, сумясціць. У мяне ўвесь час ідзе творчы пошук».

Мемарыяльная дошка ў Брэсце.

І сямейная гісторыя пра эшалон, знесены дах вагона — вельмі глыбокая па вобразнай сутнасці. З разбурэння, са смерці — бо чаго ж іншага чакаць ад выбухаў?.. — вязням раптам адкрываецца Неба Свабоды. І яны, хоць і ў шокавай сітуацыі, здольныя выкарыстаць мізэрны шанец, які падараваў ім лёс — бо самі ўнутрана зараджаныя на Перамогу, маюць нязломны дух.

І на самой жа справе: у творах мастацтва неба ёсць вобраз вечнасці, свабоды, вышыні духу. Мы згадваем, што ў тэлефільме «Фарбы памяці» (2020) пра мастака-ветэрана Пятра Данэлію яго калегі гавораць пра вобразы неба ды аблокаў, у якіх ён выяўляе свае думкі, пачуцці. «Так, і мастацтвазнаўцы пра тое часта пішуць: што бацька менавіта праз нябёсы паказваў усё жыццё: і цяжкія, крывава-чорныя ўспаміны пра ваенную пару, і трывожнасць пасляваеннага часу», — адзначыў Леанід Пятровіч.

Якім будзе будучы твор, прысвечаны бацьку? Час пакажа. Маем надзею расказаць пра тое нашым чытачам. І да рамана Уладзіміра Ліпскага «Цар», ілюстрацый да яго, якія зрабілі Валянцін Лойка і Леанід Данэлія, мы яшчэ звернемся. Бо тэма — надзвычай цікавая, заслугоўвае асобнага разгляду.

Іван ЖДАНОВІЧ

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.