Вы тут

Ваяўнічы аптымізм і далікатнае свавольства


Прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння Мая Данцыга праект планаваўся ў Нацыянальным мастацкім музеі яшчэ летась, але па зразумелай прычыне яго правядзенне вырашылі перанесці на гэты год. Экспазіцыя, якую нядаўна прадставілі ў сценах будынка на вуліцы Леніна, уключае работы, узятыя з фонду музея і калекцыі сям’і сусветна вядомага майстра. Маштабныя па памеры творы вырашылі не выстаўляць, каб прадставіць большую колькасць тэматычна і жанрава розных палоцен.


Май Данцыг.

Каштоўнасць Нацыянальнага мастацкага музея — дыпломная работа Мая Данцыга «Насустрач жыццю» (1958), створаная напрыканцы вучобы ў Маскоўскім мастацкім інстытуце імя В. Сурыкава. Аптымістычны твор напоўнены эмоцыямі, а імі, лічыў творца, мастак заўсёды павінен дзяліцца. Каб намаляваць карціну, Май Данцыг, які, дарэчы, называў сябе «ваяўнічым аптымістам», хадзіў са школьнікамі ўсю ноч і сустракаў з імі усход сонца. Момант надзеі, адчуванне дасягальнасці шчасця, зведванне розных адценняў пачуццяў — усё гэта творцу ўдалося перанесці на сваё палатно, у якім, як адзначаюць мастацтвазнаўцы, счытваецца відавочны ўплыў маскоўскай жывапіснай школы таго часу. Манахромнасць, уласцівая гэтаму вельмі традыцыйнаму для савецкага часу сюжэту, у далейшым не характэрная для работ Мая Данцыга.

«І памятае свет выратаваны…» 1985-1995

Адна з асноўных тэм народнага мастака ваенная: нездарма адкрывае выстаўку карціна «Спадчына» (1973). Мастак лічыў 9 Мая найважнейшым днём года, але вайну адлюстраваў па-свойму, доўга абдумваючы кожны сюжэт. Ён ніводнага разу не ўвасобіў поле бітвы (за гэта, дарэчы, шмат крытыкавалі), магчыма, таму, што не мог бачыць яго на свае вочы: вайну сям’я будучага мастака перачакала ў эвакуацыі, і на момант яе завяршэння Маю Данцыгу было 15 гадоў. Вось і сюжэт «Спадчыны» даволі мірны: ідзе збор ураджаю, і калгаснікі кладуць першы сноп каля помніка загінуламу салдату. «Вайной працятая вясна» (1985) — яшчэ адно рашэнне тэмы. Аднойчы гуляючы па Мінску, мастак убачыў, як разбуралі стары квартал з драўлянымі домікамі: але іх не зносілі, а спальвалі. Гэты кантраст квітнеючых садоў і хаты, што гарыць, натхніў Мая Данцыга на палатно, прысвечанае вайне. Маштабны варыянт работы захоўваецца ў калекцыі Беларускага саюза мастакоў.

Рамантык па светаадчуванні, мастак адзначаў, што не так важна знайсці арыгінальную тэму, як ужо знаёмую многім адлюстраваць па-новаму. Так, адзін з найважнейшых матываў творчасці — жыццё працаўнікоў (такім Май Данцыг лічыў і сябе, бо працаваў, як і многія мастакі, без выхадных) — ён адлюстраваў у шматлікіх далёка не другарадных творах, у тым ліку ў трыпціху «На варце міру». Яго цэнтральная частка «Стваральнікі» (1964), прадстаўленая ў Мастацкім музеі, паказвае жыццялюбства чалавека, шчаслівага працаўніка, будаўніка новага жыцця. Адзін з незвычайных на той час прыёмаў заключаецца ў ракурсе: аўтар намаляваў вельмі нізкую лінію гарызонта. Час ад часу звяртаўся Данцыг і да мастацкай спадчыны Беларусі. Гульня з авангардам 1920-х — падобная да плаката карціна «Рабочы» (1971). Глядач бачыць выразны эмацыянальны момант, калі працаўнік прыкурвае ад распаленага металу.

«Мой горад старажытны, малады» (1972).

Як падкрэслівае куратар выстаўкі Вольга Архіпава, мастаку з такім талентам неабавязкова маляваць чалавека, каб паказаць яго характар. Гэта пацвярджаюць такія творы, як «Лазенька» (1980), «Вечны агонь» (1974), «На дачы» (1967), у дэталях якіх заключаны асаблівыя вобразы і сімвалы. Шмат зрабіўшы для жанру нацюрморта, Май Данцыг адлюстроўваў неадушаўлёныя прадметы не дзеля іх эстэтычнай прыгажосці, а захоўваў рэчы, што нясуць сімвалічны сэнс. Адзін са знакамітых нацюрмортаў з нетыповай тэмай — «Аб Вялікай Айчыннай» (1968). Усе дэталі карціны — пішучая машынка з чыстым лістом паперы, наручны гадзіннік, гільза ад снарада — у якасці вазы — з засохлай галінкай чырвонай рабіны, поўная недакуркаў з непатушанай цыгарэтай попельніца, змятыя лісты паперы, акно з відам на вокны і дахі зімовага горада — кажуць пра перажыванні чалавека, які піша сваю гісторыю. Лічыцца, што Май Данцыг прысвяціў карціну народнаму пісьменніку БССР Васілю Быкаву. Дарэчы, на пішучай машынцы можна заўважыць надпіс «Данцыг», а на пачку цыгарэт — «Беларусь». Натуральна, ні машынак, ні маркі цыгарэт з такімі назвамі не існавала. Гільзу разарванага артылерыйскага снарада, намаляваную на карціне, мастак знайшоў падчас сваіх падарожжаў па пасляваенным Мінску.

Яркі і заўважны нацюрморт — «Палітра новабудоўлі» (1979). Гэта таксама вынік пошукаў новых ракурсаў, але рашэнне даволі незвычайнае: бляшанкі і вёдры з фарбамі ў якасці галоўных герояў твора прадставіць адважыўся б не кожны мастак. Нацюрморт як упрыгажэнне інтэр’ера тут «не працуе», да таго ж вялікі памер палатна нібы падказвае: твор прызначаўся для вялікіх выставачных памяшканняў. Дарэчы, калі ў 2015 годзе Май Вольфавіч рыхтаваў выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі, то адзначаў, што музей вельмі маленькі і не падыходзіць для яго буйных палоцен (некаторыя ён ствараў на працягу дзесяцігоддзя).

Май Данцыг па праве лічыцца партрэтыстам Мінска. Адна з першых замалёвак на гэтую тэму — «Мінск абуджаецца» (1960). Тут бачыцца імкненне мастака перадаць і рамантыку, і рэалізм дня простага працаўніка. Сапраўды, для творцы было важна аб’яднаць рэалізм і экспрэсіянізм. Калі на карце Беларусі з’явіўся Салігорск, то цэлая мастацкая экспедыцыя наведала гэтую мясцовасць, каб расказаць пра будоўлі Савецкага Саюза і іх будаўнікоў. Май Вольфавіч стварыў тады серыю работ, у іх ліку «Дарога на шахты. Салігорск» (1962). Прыкладна з гэтага перыяду мастака ўжо безумоўна можна лічыць урбаністам.

Сонечны кантынент (1977).

Праз дзесяць гадоў з’яўляецца вельмі пазнавальны сёння твор — «Мой горад старажытны, малады» (1972), дзе аўтар аб’яднаў розныя эпохі і стылі. Наогул, мастак вельмі доўга шукаў тыя кампазіцыю і ракурс, з якога можна было б глядзець на сталіцу, і знаходзіў — незвычайныя і розныя. Аднак часта прызнаваўся: людзі не пазнавалі Мінск у яго работах, бо атрымліваўся горад, у які быў закаханы творца. На карціне «Мой горад старажытны, малады» глядач бачыць сэрца сталіцы — Нямігу, з якой пачыналася яе гісторыя. Халоднай сінагогі XVI ст., што знаходзіцца ў ніжнім правым кутку, у час стварэння работы ўжо не было. Дарэчы, многія будынкі XVII—XIX стагоддзяў на Нямізе цудам уцалелі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, але ўжо пазней, падчас будаўніцтва праспекта Пераможцаў, гэтыя сапраўдныя помнікі архітэктуры былі знішчаны. Такім чынам Май Данцыг па памяці ўзнаўляў гісторыю. Дарэчы, некаторыя аб’екты павялічаны, некаторыя паменшаны, адлегласць паміж імі вельмі ўмоўная, ды і ўвогуле Мінск з пэўнага дома на Нямізе такім чынам не выглядаў, то-бок рэалізму аўтар не прытрымліваўся. Самазвалаў, якія знаходяцца на плошчы 8 Сакавіка (яе фактычна няма), у рэальнасці не існуе — аўто такіх колераў ніколі не стваралі, Май Данцыг іх проста размаляваў. Такое свавольства, прытым далікатнае, мастак дазваляў сабе не вельмі часта.

У творы «Мой горад старажытны, малады» Май Данцыг выкарыстаў вельмі цікавы мастацкі метад, да якога ў беларускім жывапісе ніхто не звяртаўся, — калаж. Калі пільна ўгледзецца ў шчыты, размешчаныя ўздоўж лесвіцы, можна заўважыць, што непасрэдна ў жывапісную паверхню ўклеены сапраўдныя фрагменты афіш (1960—1970-я гады — перыяд росквіту тэатральнага жыцця і кінематографа).

Дамінанта карціны — чырвоны колер жыцця, любімы для мастака. Май Данцыг лічыў, што з яго дапамогай можна «запаліць» любы твор, хаця ў розных работах гэты колер нясе розную сэнсавую нагрузку.

Напрыклад, у карціне «Мінск. Вясна 1944 год» (1975) чырвоны мае трагічнае адценне. Стылістычна і сюжэтна падобны да яе «Мінск. Папялішча Нямігі (Тут было гета)» (1955).

— Мастак часта згадваў, што пры маляванні архітэктуры горада любіў працаваць з лінейкай. Але ў той жа час ён спалучаў гэтую геаметрыю з буянствам пэндзля, перагружаючы святло і раствараючы цені. Гэтыя заўважныя прыёмы ён распрацаваў сам, каб ствараць асаблівы эмацыянальны і дынамічны эфект кантрасту. Для нас такія работы, у тым ліку знакавая «Мой Мінск», сталі класічнымі, але для свайго часу гэтыя сюжэты былі наватарскія. Мастакі на выстаўках захапляліся такімі рашэннямі, вучыліся ў Мая Данцыга таму, як нечакана можна гаварыць пра знаёмыя рэчы, — адзначае Вольга Архіпава.

«Партызанскае вяселле» (1968).

Адна з найзнакаміцейшых работ 1960-х — «Навасельцы» (1962). Перш чым стварыць карціну, з якой і пачаліся эксперыменты ў прыёмах і падыходах, Май Данцыг вывучыў усіх «навасельцаў» у гісторыі выяўленчага мастацтва. У выніку ён імкнуўся пазбавіцца ад усяго лішняга і адлюстраваць абсалютна пусты пакой, бо навасельцы — людзі, якія пачынаюць новае жыццё. Тады твор не задаволіў камісію: пустэча, чамадан, пару якому складае маленькая сумачка, людзі з босымі нагамі… За адну ноч мастак намаляваў на прасторы свежапафарбаванай падлогі лакіраваныя туфлікі, каб работу прынялі. Калі мэта была дасягнута, Данцыг замаляваў абутак на карціне.

У нашчадкаў захавалася вялікая колькасць эскізаў і эцюдаў. Сярод прадстаўленых на выстаўцы — аўтапартрэт 1950 года. Яшчэ адзін аўтапартрэт, намаляваны ў 1976 годзе, захоўваецца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Ці былі яшчэ творы такога жанру, пакуль не вядома, але своеасаблівым рашэннем тэмы можна назваць работу «На эцюдах» (1987), дзе адлюстраваны аўтамабіль, мастак каля эцюдніка, а побач — цікаўны хлопчык.

— Эцюды і эскізы Мая Данцыга — гэта, як правіла, замалёўкі свету вакол яго, — адзначае куратар выстаўкі Вольга Архіпава. — Мастак вельмі натхняўся натурай, але неаднаразова казаў аб тым, што карціна — гэта ніколі не работа з натуры, а заўсёды задума мастака. Кожны раз вельмі цікава ўбачыць свет, які адлюстроўваў Май Данцыг у сваіх эскізах і замалёўках. Яны далёка не заўжды станавіліся знакамітымі маштабнымі палотнамі, часта ідэя захоўвалася ў маленькіх работах. Сярод такіх — «Германія. Год 1945», зробленая не з натуры, спыненая на палатне і не ўвасобленая ў буйным фармаце.

Сёння ўсе творы, акрамя тых, што знаходзяцца ў зборах розных музеяў і прыватных калекцыях, захоўвае дачка мастака Ала Данцыг. Пасля сыходу Мая Данцыга ў іншы свет узнікла ідэя стварэння персанальнага музея ў Мінску, але памяшкання, дзе было б магчыма экспанаваць манументальныя палотны, на жаль, пакуль не знайшлося.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.