Вы тут

Вучоба анлайн і афлайн. Як лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць спраўляцца з выклікамі часу?


Пасля пандэміі каранавіруса адукацыя ўжо ніколі не будзе ранейшая. З гэтай думкай сёння пагаджаюцца ўсе. Калі год назад большасць еўрапейскіх краін аб'явілі каранцін, ніхто не ведаў, як доўга ён працягнецца, але хутка стала зразумела, што дыстанцыйны фармат — сур'ёзны выклік для ўсёй сістэмы адукацыі. Нягледзячы на складаную эпідэмічную сітуацыю, вучэбны працэс павінен быў працягвацца. Пераход навучання ў анлайн стаў сапраўдным выпрабаваннем і для выкладчыкаў, і для студэнтаў. А ў другую хвалю каранавіруса нават тыя ўніверсітэты, якія ў пачатку навучальнага года анансавалі вочную і гібрыдную формы навучання, былі вымушаны перайсці цалкам на дыстанцыйны фармат.

 

Як паўплываў пераход у анлайн на якасць адукацыі? Што такое лічбавыя кампетэнцыі сёння? Наколькі эфектыўна змяшанае навучанне? Якія сусветныя трэнды ў трансфармацыі адукацыі нельга ігнараваць? Пра ўсё гэта мы гутарым з прарэктарам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі (РІПА) па вучэбнай рабоце Аленай КАСЬЯНІК, начальнікам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі РІПА Вольгай БЯЛОЦКАЙ і дырэктарам Інстытута анлайн-адукацыі Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі Галінай МАЖАЕВАЙ.


Алена КАСЬЯНІК: — З 2018 года ў нашай краіне рэалізуецца праект Еўрапейскага Саюза "Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі". Яго мэта дастаткова амбіцыёзная — гэта пашырэнне магчымасцей для працаўладкавання моладзі і фарміраванне кампетэнцый, якія павышаюць яе канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Пандэмічны год яскрава паказаў нам, што без лічбавых кампетэнцый абысціся ўжо немагчыма. Але лічбавае асяроддзе вельмі разнастайнае і шматграннае, таму, каб разабрацца ва ўсім, мы імкнемся прыцягнуць у нашу краіну найлепшых спецыялістаў-практыкаў. Галіна Мажаева, дырэктар Інстытута анлайн-адукацыі Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі, якраз і стала для нас такім правадыром, які расказаў прафесійнай супольнасці, што і дзе мы можам знайсці ў віртуальнай прасторы і, самае галоўнае, як гэта можна выкарыстоўваць у навучальным працэсе.

Чаканні пакалення Z

— На працягу апошніх дваццаці гадоў сродкі навучання моцна эвалюцыяніравалі. Сёння для таго, каб навучацца, зусім не абавязкова наведваць лекцыі. Ёсць меркаванне, што праз 10-15 гадоў анлайн-навучанне (як мінімум на ўзроўнях вышэйшай і дадатковай адукацыі) стане дамінаваць, а забяспечваць адукацыйны працэс ва ўмовах усеагульнай глабалізацыі будзе ўсяго некалькі сотняў (максімум — тысяч) універсітэтаў. Фактычна, сёння ідзе барацьба за "месца пад сонцам". Хтосьці праз дзясятак гадоў застанецца дзеючым гульцом на рынку адукацыйных паслуг, а хтосьці будзе вымушаны саступіць сваё месца іншым...

Галіна МАЖАЕВА: — Я ў такі прагноз не веру. Сёння пад уплывам глабалізацыі адбываецца расслаенне сістэмы адукацыі. З аднаго боку, узмацняецца сегмент масавай адукацыі: гэта назіраецца ў прафесійнай, сярэдняй і дадатковай адукацыі. Там анлайн-тэхналогіі становяцца вядучым трэндам. Такія адукацыйныя анлайн-платформы, як Сoursera ці FutureLearn, маюць аўдыторыю ў дзясяткі мільёнаў чалавек. Але пры гэтым ёсць і элітная вышэйшая адукацыя: яна заўсёды застанецца ў кампусе, але, вядома, таксама зменіцца. Асабліва пад уплывам пандэміі элітная адукацыя становіцца гібрыднай, калі традыцыйныя заняткі ў аўдыторыі дапаўняюца анлайн-тэхналогіямі. Таму, на мой погляд, проста трэба вызначыцца: або вы прапануеце паслугі для масавага спажыўца з масавым коштам, або спрабуеце заняць вядучае месца ў свеце. Тады гэта будзе ўжо іншы спектр адукацыйных паслуг, якія працуюць на апярэджанне. Магчыма, яны не ўсім будуць зразумелыя, але ў такія навучальныя ўстановы прыйдзе эліта.

Дарэчы, менавіта ў пандэмічны перыяд анлайн-тэхналогіі паказалі, што яны жыццяздольныя для вырашэння пэўных педагагічных задач. Таму сёння, праз год пасля першага лакдаўну, можна з упэўненасцю казаць, што сістэма адукацыі ўжо не вернецца ў тое "пракрустава ложа", у якім яна была раней.

— Як вы думаеце, ці трэба вышэйшай школе ўлічваць асаблівасці пакалення Z, прадстаўнікі якога пошук інфармацыі ў інтэрнэце засвоілі раней, чым лічбы і літары? Для лічбавага пакалення характэрныя кліпавае мысленне і немагчымасць сканцэнтравацца на лекцыях, дзе ўвага студэнтаў вельмі хутка пераключаецца на гаджэты...

Галіна МАЖАЕВА: — Тэорыя пакаленняў працавала заўсёды, але сёння мы маем справу з лічбавымі абарыгенамі (нашымі навучэнцамі і студэнтамі) і лічбавымі імігрантамі (іх настаўнікамі і выкладчыкамі). Калі мы кажам пра пакаленне Z, якое зараз прыходзіць у ВНУ, то, зразумела, павінны ўлічваць псіхолага-педагагічныя асаблівасці яго прадстаўнікоў. Калі ў нашых патэнцыяльных спажыўцоў адукацыйных паслуг кліпавае ўспрыманне інфармацыі, калі яны няздольныя канцэнтраваць увагу больш як 15-20 хвілін, мы паінны перабудоўваць адукацыйную дзейнасць такім чынам, каб яна адпавядала іх чаканням, пры гэтым мы не павінны страчваць якасць адукацыі. Вось тут на дапамогу якраз і прыходзяць лічбавыя тэхналогіі і сэрвісы, якія могуць працаваць і на ўцягванне ў навучальны працэс, і на павышэнне матывацыі.

Напрыклад, з дапамогай гейміфікацыі можна актывізаваць пазнавальную дзейнасць. І сёння мы навучаем гэтаму нашых выкладчыкаў. Чытаючы лекцыі, можна разбіваць іх рознымі інтэрактыўнымі сюжэтамі, якія вельмі лёгка стварыць, выбраўшы падыходзячы сэрвіс у "воблаку". А для выкарыстання ў вучэбнай аўдыторыі падыходзяць звычайныя смартфоны, для гэтага нават камп'ютарны клас не патрэбны. Да таго ж гейміфікацыя дазваляе ўносіць элементы спаборніцтва ў адукацыйны працэс, параўнаць свае вынікі з вынікамі іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Нарэшце, нельга не згадаць і такую форму кааперацыі студэнтаў, як калектыўнае выкананне заданняў, праектаў у складзе віртуальных камандаў, спаборніцтвы паміж такімі камандамі і гэтак далей.

Трэнажоры і віртуальныя сімулятары — увогуле асобная гісторыя, я лічу, што за імі будучыня. Яны маюць адаптыўны інтэрфейс, усё для прадстаўнікоў лічбавага пакалення адбываецца інтуітыўна і камфортна. Калі мы заводзім нашых навучэнцаў у гульнявую сітуацыю, але прапаноўваем ім адукацыйны кантэнт, гэта вельмі добра працуе. А, з іншага боку, такія ўкрапванні ў вучэбны працэс дазваляюць змяняць віды дзейнасці, што заўсёды станоўча ўплывае на пазнавальную актыўнасць. Лічу, што лічбавыя тэхналогіі дапамагаюць педагогам крыху наблізіцца да "лічбавых" дзяцей. Калі выкладчык ці настаўнік прыходзіць у аўдыторыю і сутыкаецца з чымсьці не вельмі яму зразумелым, вучні могуць яго навучыць. І гэтага не трэба баяцца, гэта нармальная гісторыя. Затое выкладчык валодае прадметнай галіной ведаў і здольны спалучыць яе з лічбавымі тэхналогіямі, што яго навучэнцам пакуль недаступна. Так, настаўнік і выкладчык прызвычаіліся быць велічынёй нумар адзін, асабліва калі гэта "вузаўскі" прафесар, заснавальнік навуковай школы. А трэба проста прызнаць, што ты чагосьці не ведаеш, і сказаць: "Дапамажыце мне..." Гэта новы трэнд — сумеснае навучанне, сумесная дзейнасць.

Маёй мэтай было не проста навучыць беларускіх выкладчыкаў выкарыстанню асобных сэрвісаў, а стварыць праслойку прафесіяналаў з прыкладна аднолькавымі ўстаноўкамі на ўспрыманне лічбавых тэхналогій у адукацыі, каб далей гэтыя людзі станавіліся трэнерамі ці мультыплікатарамі, якія будуць тыражаваць свой досвед і дапамагаць калегам.

Індывідуалізацыя навучання

— Некаторыя лічаць, што адукацыя можа быць альбо вочная, альбо анлайн. Але пандэмія прымусіла ўсіх камбінаваць розныя формы...

Вольга БЯЛОЦКАЯ: — У нас цяпер у рамках інавацыйных пляцовак практыкуецца праектная дзейнасць, калі выкладчыкі разам з навучэнцамі, выкарыстоўваючы ІКТ, разнастайныя анлайн-рэсурсы, ствараюць адукацыйныя прадукты. Вельмі шмат навучальных устаноў уцягнута ў такую дзейнасць. З пачатку гэтага года пачаў працаваць Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які напаўняўся кантэнтам для сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў, а наступным этапам будзе напаўненне платформы рэсурсамі для прафесійнай адукацыі — там з'явіцца адпаведны раздзел. Распрацоўшчыкам трэба ўлічваць нашу спецыфіку. У нас, у адрозненне ад школы, вялікі набор спецдысцыплін, які пастаянна абнаўляецца і дапаўняецца ў залежнасці ад патрэб часу і эканомікі. Для нас вельмі істотнае значэнне мае візуалізацыя (кожны сучасны станок трэба візуалізаваць) і стварэнне трэнажораў і сімулятараў.

Галіна МАЖАЕВА: — Я з'яўляюся прыхільніцай гібрыднага, або змяшанага навучання, калі сур'ёзнае класічнае навучанне ў аўдыторыі дапаўняецца тымі магчымасцямі, якіх няма ў рэальным жыцці. Цяпер нават падручнікі суправаджаюцца дапоўненай рэальнасцю, калі пры навядзенні смартфона на QR-код пераходзіш па спасылцы на відэа ці на сайт з больш падрабязным апісаннем прадмета, што вывучаецца. Але прымяняць тэхналогіі толькі дзеля тэхналогій не варта, а вось калі тэхналогія цягне за сабой нейкі новы эфект, стварае дадатковыя магчымасці, у гэтым выпадку яна пачынае працаваць на педагогіку. Насамрэч, ёсць магчымасць камбінаваць розныя формы і спалучаць тэхналогіі ў залежнасці ад пастаўленых задач. Хоць, канешне, ёсць сітуацыі, калі без анлайну ніяк не абысціся.

Вельмі перспектыўны трэнд — анлайн-курсы, у тым ліку масавыя адкрытыя анлайн- курсы, якія дазваляюць "дарошчваць" і індывідуалізаваць навучанне. Іх выкарыстанне ў вучэбным працэсе істотна павышае яго гібкасць. Скажам, дзе навучальнай установе знайсці спецыяліста па суперновай тэматыцы? Можна зайсці на анлайн-платформу і ўзяць рэсурс адтуль. Платформаў такога тыпу налічваецца ўжо некалькі дзясяткаў (сярод іх Coursera, Udacіty, EdX і іншыя) і пастаянна з'яўляюцца новыя. Немалаважна, што адкрытыя анлайн-курсы праходзяць вельмі сур'ёзную экспертызу і ствараюцца вядучымі спецыялістамі ў пэўных сферах. Яны мабільныя і хутка абнаўляюцца з улікам новых тэндэнцый. А калі казаць пра неперарыўную адукацыю праз усё жыцце і самаразвіццё, то тут электронныя рэсурсы і анлайн-тэхналогіі ўвогуле незаменныя. Гэта раней адукацыя атрымлівалася "раз і назаўжды", а цяпер набыты ў ВНУ набор кампетэнцый "згарае" на працягу трох-чатырох гадоў. Такім чынам колькасць людзей, якія на розных жыццёвых этапах будуць мець патрэбу ў той ці іншай адукацыі, тых ці іншых ведах, узрасце шматразова. Гэта вельмі сур'ёзны выклік сістэме адукацыі ў цэлым, і без выкарыстання новых эфектыўных метадаў навучання немагчыма абысціся.

Адным са спосабаў пераадолення такога разрыву з'яўляецца выкарыстанне дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, якія дазваляюць маштабіраваць працэс навучання.

Стрэс-тэст для педагогаў

— Ніхто не спрачаецца з тым, што дыстанцыйныя тэхналогіі сталі выратавальнай саломінкай у пандэмію. Але сёння хапае прыхільнікаў поўнага вяртання ў афлайн і адмовы ад анлайну, у тым ліку і сярод студэнтаў. Што гэта: стомленасць ад кругласутачных камунікацый, уцёкі ад самаацэнкі, якая патрабуе самаразвіцця і асваення новых тэхналогій, разуменне пагрозы страціць якасць адукацыі ці нешта іншае?

Галіна МАЖАЕВА: — Тое, што адбывалася ва ўсім свеце, не было дыстанцыйным навучаннем. І педагогі аказаліся непадрыхтаваныя, і методык распрацаваных не было. Проста выкладчыкаў і настаўнікаў пасадзілі перад камп'ютарам і пакінулі сам-насам з неабходнасцю неяк наладжваць працэс навучання. У найлепшым выпадку яны яшчэ паспявалі зрабіць прэзентацыю, але часцей за ўсё проста трансліравалі інфармацыю, спрабавалі афлайн-занятак уціснуць у анлайн. І гэта быў магутны стрэс-тэст, новы досвед абсалютна для ўсіх, які цяпер спрабуюць асэнсаваць. Затое ўсе нарэшце зразумелі, што дыстанцыйнае навучанне — гэта нешта іншае, што нельга "ў натуральную велічыню" перанесці змест, формы і метады вочнага навучання ў "дыстант".

Трэба прызнаць, што мы ўсе вельмі стаміліся ад неарганізаванага анлайну. Давайце не забываць, што гэта быў не наш выбар. Я асабіста займаюся анлайн-навучаннем ужо 25 гадоў, але і для мяне дадзеная сітуацыя аказалася нечаканай з-за яе маштабаў. Калі мы разважаем пра такія наступствы пандэміі, то думаю, што пратэст быў звязаны, хутчэй за ўсё, з негатыўным вопытам. Не ва ўсіх быў добры інтэрнэт, у сем'ях не хапала тэхнікі для анлайн-навучання. Я лічу, што толькі ў спакойных абставінах можа сфармірацца добрае стаўленне да анлайну. Так, напрыклад, у Інстытуце анлайн-адукацыі Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі сёння каля 3 тысяч студэнтаў дыстанцыйна вывучаюць эканоміку, менеджмент, юрыспрудэнцыю, фінансы і гэтак далей. Яны прыязджаюць у Маскву толькі адзін раз на абарону выпускных кваліфікацыйных работ і здачу дзяржаўнага экзамену. Але гэта іх выбар, і стартавыя ўмовы ім былі вядомыя загадзя. Для іх гэта магчымасць атрымаць добрую адукацыю у адным з вядучых універсітэтаў, не пакідаючы сваіх рэгіёнаў. Для сем'яў — так навучаць дзіця танней, чым адпраўляць яго ў сталіцу. А для дарослых, зацікаўленых у кар'ерным і асобасным росце, — увогуле выдатны шанц. Такі рэжым навучання дазваляе паралельна працаваць, рабіць кар'еру і неперарыўна развівацца.

Мы адразу папярэджваем, што ўсе заняткі будуць адбывацца ў інтэрнэце, вэбінары ў нас праходзяць толькі па суботах, па чатыры-пяць пар на дзень. І людзі ведаюць, на што яны ідуць. Мы арганізоўваем дыстанцыйнае навучанне з выкарыстаннем анлайн-платформаў і сістэм кіравання вучэбным працэсам, рознымі формамі кантэнту, інтэрактыўнасцю і гэтак далей. Гэта зусім іншая гісторыя, якая адрозніваецца ад таго, што адбывалася ў перыяд пандэмічнага "дыстанту"...

Формула поспеху

— Магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю дома, не ўстаючы з-за камп'ютара, як выглядае, прыцягальная, але ў дыстанцыйнай формы ёсць не толькі плюсы, але і мінусы...

Галіна МАЖАЕВА: — На мой погляд, плюсаў усё ж такі больш. Адзін з іх — гэта свабода выбару месца і часу навучання. Навучанне адбываецца ў зручны для студэнта час, у зручным месцы, з захаваннем камфортнага для яго тэмпу. Ён сам можа планаваць працягласць заняткаў і вырашаць, колькі часу яму спатрэбіцца для засваення вучэбнага матэрыялу.

Дыстанцыйнае навучанне часта выбіраюць тыя, хто хоча атрымаць якасную вышэйшую адукацыю без адрыву ад работы, другую вышэйшую адукацыю паралельна з першай, і людзі, якім з прычыны іх фізічных асаблівасцяў складана перамяшчацца. Дыстанцыйнае навучанне больш таннае, таму што, напрыклад, у нашым інстытуце ўжо створана ўся метадычная база, ёсць неабходнае абсталяванне, рэсурсы, падрыхтаваныя выкладчыкі.

А сёлета мы адкрылі магістарскую праграму "Лічбавыя адукацыйныя практыкі і тэхналогіі" для педагогаў каледжаў, універсітэтаў і школ. Праграма — міжнародная, накіравана на падрыхтоўку адукацыйных тэхнолагаў, лічбавых куратараў і лідараў для сістэмы адукацыі. Яна развівае ідэі, закладзеныя ў праект Еўрапейскага Саюза "Занятасць, прафесійная адуацыя і навучанне ў Беларусі".

Калі казаць пра мінусы, то галоўная цяжкасць заключаецца ў тым, што працаваць даводзіцца 24 гадзіны сем дзён на тыдзень. Таму што дыстанцыйныя студэнты вучацца тады, калі ім гэта больш зручна, а адказу ад цябе яны чакаюць імгненна. У дыстанцыйным фармаце самастойнае навучанне можа займаць 50-60 працэнтаў часу і нават больш. Для адукацыі на адлегласці патрабуецца добра развітая самадысцыпліна. Але культура самаадукацыі не сфарміравана ў нас ні ва ўчарашніх школьнікаў, ні ў больш "сталых" студэнтаў. І гэта адбіваецца на якасці ведаў. Якасць дыстанцыйнага навучання залежыць не толькі ад якасці аказанай адукацыйнай паслугі, але і ад асобасных характарыстык тых, хто прыходзіць вучыцца.

Праблемай з'яўляецца і нізкі ўзровень лічбавых кампетэнцый, прычым гэта адносіцца не толькі да выкладчыкаў, але і да студэнтаў. Распаўсюджана памылковае меркаванне, што ўсе нашы студэнты вельмі добра разбіраюцца ў "лічбе". У сацыяльных сетках яны насамрэч адчуваюць сябе ўпэўнена, а вось спецыяльнымі праграмнымі прадуктамі часта не валодаюць. І ў гэтым плане выкладчык будзе выглядаць больш "моцна", чым студэнт, які "завісае" "УКантакце" ці ў ТіКTок. Сярод дыстанцыйных студэнтаў ёсць як сапраўдныя "зоркі" (у лютым у нас быў выпуск і чырвоныя дыпломы атрымалі больш за 30 чалавек), так і "двоечнікі". Але такія ж "двоечнікі" ёсць і на вочнай форме навучання ва ўсіх ВНУ. Да мінусаў дыстанцыйнага фармату можна аднесці таксама дэфіцыт сацыяльных зносін.

Алена КАСЬЯНІК: — Мы ў РІПА рэалізоўваем адукацыйныя праграмы па псіхолага-педагагічнай падрыхтоўцы выкладчыкаў, напрыклад, па спецыяльнасці "Прафесійнае навучанне". Гэтая праграма рэалізуецца ў змяшаным фармаце з прымяненнем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій і ў завочнай форме.

Калі ўкаранялі дыстанцыйны фармат, нас, безумоўна, хвалявала пытанне якасці. На працягу двух гадоў праводзілі зрэзы выніковай атэстацыі выпускнікоў. І, як ні дзіўна, пры аднолькавым узроўні падрыхтоўкі "на ўваходзе" (а мы праводзілі адпаведнае тэсціраванне), "на выхадзе" больш высокі вынік дэманстравалі слухачы, якія навучаліся дыстанцыйна. Экзамены, заўважу, прымалі адны і тыя ж камісіі. Мы цікавіліся ў педагогаў, што спрыяла якасці іх навучання ў дыстанцыйнай форме. Адказ большасці з іх — уменне вучыцца і самаарганізаванасць. Да таго ж, калі ты працуеш у аўдыторыіі, ёсць магчымасць адсядзецца за спінай у кагосьці, а пры дыстанцыйнай форме гэта ў прынцыпе немагчыма.

Галіна МАЖАЕВА: — Я дадала б яшчэ і матывацыю. Калі дарослыя людзі прыходзяць на дыстанцыйнае навучанне, яны гэта робяць свядома, таму што ад атрыманых ведаў, навыкаў і кампетэнцый залежаць іх далейшая кар'ера, заробак, паспяховасць і, як цяпер модна казаць, узровень шчасця. А ўчарашнія выпускнікі — самая складаная катэгорыя для дыстанцыйнага навучання, таму ў нас працуюць куратары, якія нагадваць, дапамагаюць, заходзяць у электронныя курсы, глядзяць аналітыку (якая актыўнасць, па якой дысцыпліне і г. д). Пры дыстанцыйным навучанні павялічваецца роля арганізацыйнага кампанента.

— Падобна, што каранавірус не спяшаецца нас пакідаць. Нягледзячы на шэраг складанасцяў, напэўна, былі ў гэтай стрэсавай сітуацыі і станоўчыя моманты?

Галіна МАЖАЕВА: — Сёння мы канстатуем больш спакойнае стаўленне грамадства ўвогуле да лічбавізацыі, назіраем з'яўленне вялікай колькасці новых сэрвісаў і новых магчымасцей, якія робяць нашу прафесійную дзейнасць больш разнастайнай. Пандэмія паказала, што навучаць дыстанцыйна можна практычна ўсяму, а гэта значыць, што сістэма адукацыі будзе менш баяцца асаблівых дзяцей, яна будзе з імі працаваць.

Алена КАСЬЯНІК: — Мне здаецца, што пандэмія стала драйверам развіцця лічбавізацыі ў адукацыі. З-за страху за сваё здароўе (а адмоўныя эмоцыі з'яўляюцца найлепшымі драйверамі) усе пачалі больш актыўна асвойваць і выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі, хоць раней у педагагічнай супольнасці пастаянна адчувалася супраціўленне гэтаму працэсу. У нашым інстытуце, напрыклад, мы сфарміравалі экспартаарыентаваныя праграмы павышэння кваліфікацыі, якія рэалізоўваюцца ў дыстанцыйным фармаце. Гэта дазволіла дыверсіфікаваць нашы адукацыйныя прадукты і маштабіраваць іх для шырокіх слаёў насельніцтва. Пандэмія падштурхунла нас да пошуку новых рынкаў і стварэння новых адукацыйных прадуктаў. Таксама ў РІПА адкрыта новая спецыяльнасць для педагагічных работнікаў "Інфармацыйныя тэхналогіі дыстанцыйнага навучання" з прысваеннем кваліфікацыі "Спецыяліст па дыстанцыйным навучанні".

Галіна МАЖАЕВА: — А яшчэ мы сталі больш уважліва ставіцца адзін да аднаго, а радасць ад сустрэч у афлайне стала больш яркай і вострай.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. 

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.