Вы тут

Жэўжык, Ёўнік, чараўніца Свіцязянка...


Нашы продкі ніколі не ведалі адзіноты. Побач з імі заўсёды нехта знаходзіўся: у лесе ды ў жыце, у дрыгве ды пад снапом, у гумне ды ў кутку запрыпечка… Схаваныя ад чалавечага вока звышнатуральныя сілы дапамагалі pacтлyмaчыць i нeйкiм чынaм yпapaдкаваць з’явы нaвaкoльнага cвeту. Беларускія міфічныя істоты і казачныя персанажы 15 красавіка да канца мая “прапісаліся” ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.


Усе, хто жадае бліжэй пазнаёміцца з Жэўжыкам і Ёўнікам, зазірнуць у вочы таямнічаму Купальскаму дзядку і пастаяць побач з Гаспадаром палёў, шчыра запрашаюцца на ўнікальную выстаўку-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва «Казкі і паданні майго краю», якая стала пачаткам аднайменнага маладзёжнага праекта.

Таленавітыя ўдзельнікі гурткоў і студый выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вучні дзіцячых мастацкіх школ і школ мастацтваў, навучэнцы сярэдніх спецыяльных і студэнты вышэйшых навучальных устаноў і адораныя канкурсанты Гродзеншчыны стварылі больш за 120 работ, аб’яднаных адзінай тэмай. Кожны твор адрозніваецца сваёй непаўторнай тэхнікай выканання і кампазіцыяй.

У выставачнай зале цэнтра сярод арыгінальных экспанатаў знайшоў сабе прытулак і клапатлівы захавальнік хатняга ачага — хатнік. З гэтым добрым заступнікам можна не баяцца ні злыдняў, ні шатанаў і смела акунацца ў краіну магіі і чараўніцтва, створаную з дапамогай фарбаў, паперы, дрэва, гліны, саломкі, лямцу, тэкстылю і, вядома ж, бязмежнай фантазіі. Варта адзначыць, што многія з каларытных персанажаў, адлюстраваных на выстаўцы, не маюць аналагаў у сусветнай міфалогіі.

Таленавітыя прадстаўнікі розных рэгіёнаў Гродзенскай вобласці не абышлі ўвагай у сваёй творчасці і герояў мясцовых легенд. Белая Панна Гальшан, чараўніца Свіцязянка, Барбара Радзівіл, князёўна Гражына — увасобленыя ў работах канкурсантаў вобразы ў чарговы раз даказалі, што ўсе без выключэння рэгіёны Гродзеншчыны адрозніваюцца багатай фальклорнай спадчынай, якую варта памятаць і шанаваць.

Кожны наведвальнік выставачнай залы мае магчымасць паўплываць на вынікі конкурсу і аддаць свой голас за таго ўдзельніка, чыю работу ён палічыць самай вобразнай, арыгінальнай ды яскравай. Тым часам казачна-фантастычная тэма Гродзеншчыны будзе падтрымлівацца і ў інтэрнэце. 5 мая плануецца запуск чэленджу ў Instagram «#ЛЮБИМАЯСКАЗКА», а 10 мая экспазіцыя «Казкі і паданні майго краю» пачне дзейнічаць не толькі ў выставачнай зале, але і ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з магчымасцю анлайн-галасавання. Самых актыўных і крэатыўных віртуальных наведвальнікаў чакаюць прызы!

Фінальным акордам праекта стане ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу, уручэнне падарункаў і вялікае свята каля Маладзёжнага цэнтра «Гродна». Кніжная экспазіцыя, тэтралізаванае прадстаўленне, канцэрт, творчыя пляцоўкі — усе сюрпрызы арганізатары пакуль трымаюць у тайне, але пераконваюць: будзе казачна! І запрашаюць усіх далучацца.

Праект «Казкі і паданні майго краю» — гэта не толькі цікавае падарожжа ў свет арыгінальнай народнай культуры, але і гарантаваная падтрымка казачных персанажаў, якія дакладна ведаюць, як дапамагчы добраму чалавеку.

Ала БЯЛЬКЕВІЧ, рэдактар ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці»

Фота дадзена ўстановай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.