Вы тут

Белтэлерадыёкампанія падрыхтавала спецыяльную тэлепраграму да 9 мая


У эфіры беларускага тэлебачання дзень Вялікай Перамогі заўсёды адзначаецца асабліва. Паказ памятных акцый, урачыстых цырымоній і ваенных кінафільмаў чакае нас 9 мая і напярэдадні гэтага знакавага свята.


Так, журналісты Агенцтва тэленавін у нядзелю будуць на працягу ўсяго дня працаваць у рэжыме маштабнага інфармацыйнага канала, дзе ў прамым эфіры прадставяць галоўныя сталічныя мерапрыемствы, а таксама гледачам будуць прапанаваны тэматычныя падборкі гульнявога і дакументальнага ваеннага кіно, канцэртныя праграмы, спецыяльныя выпускі ўласных праектаў Белтэлерадыёкампаніі.

Ужо па традыцыі напярэдадні Дня Перамогі ўсе тэлеканалы будуць мець святочнае афармленне. Акрамя таго, напрыклад, на каналах медыяхолдынга міжпраграмныя інтэрвалы дапоўняць цыклы мастацкіх відэазамалёвак, героямі якіх сталі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. У эфіры «Беларусь 1» і міжнароднага спадарожнікавага «Беларусь 24» 8 мая ў вячэрнім эфіры для тэлегледачоў падрыхтавалі прэм'еру: 12-серыйны мастацка-публіцыстычны цыкл «Крылы Перамогі». Праект вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі, на аснове эпізодаў ключавых падзей гісторый ВПС Беларускай асобай ваеннай акругі і Заходняга фронту перыяду Вялікай Айчыннай вайны пакажа ўклад беларускай авіяцыі ў вызваленне краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут даведаемся гісторыі тых, хто першымі сустрэў ворага ноччу 22 чэрвеня і за некалькі дзён да таго, бо толькі 19-20 чэрвеня нямецкія самалёты парушылі дзяржаўную граніцу каля 55 разоў. Спазнаем таямніцы франтавых дзённікаў і рассакрэчаных архіваў, што пралье святло на дзеянні беларускіх пілотаў як на прасторах роднага неба, так і ў тыле ворага, а таксама пакажа іх ролю ў стрымліванні асноўных сіл праціўніка і ўдзел у лёсавызначальнай аперацыі «Баграціён».

У дзень Перамогі ў эфіры «Беларусь 1» і «Беларусь 24», акрамя згаданага, зможам убачыць трансляцыю святочных падзей у сталіцы. У 11.00 у рэжыме рэальнага часу тэлеканалы пакажуць цырымонію ўскладання кветак і вянкоў да манумента Перамогі ў рамках патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае!», а ў 18.00 — урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Дзяржаўнага Герба і Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь, і вечарам — святочны гала-канцэрт «Подзвіг народа бессмяротны» ў рамках тэлепраекта «Плошча перамогі». А яшчэ на «Беларусь 1» варта чакаць цікавыя тэматычныя выпускі традыцыйных праграм і паказ кіно.

Тэлеканал «Беларусь 2» адсвяткуе Дзень Перамогі серыяй спецвыпускаў праграм уласнай вытворчасці. У прыватнасці, каманда праекта «Камень, нажніцы, папера» 8 мая адправіцца даследаваць ваенную гісторыю беларускіх мястэчак Шчорсы і Іказнь. Гэтыя аграгарадкі наўрад ці сустрэнеш на картах буйных ваенных баёў, але іх таксама не абмінула вайна. У Іказні ёсць месца гібелі мясцовых яўрэяў, а ў Шчорсах засталіся помнікі загінулым падчас вайны жыхарам вёскі: тут не дажыло да Перамогі больш за 250 чалавек...

Сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3» да Дня Перамогі падрыхтаваў новую серыю тэматычных міжпраграмных відэаролікаў, якія распавядаюць пра франтавыя старонкі біяграфій вядомых беларускіх пісьменнікаў. А ў перадсвяточным эфіры 8 мая пакажа гледачам спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Не пакідай мяне...» па п'есе Аляксея Дударава і на вершы Генадзя Бураўкіна. Як адзначаюць аўтары пастаноўкі, яна — даніна памяці тым, хто цаной уласнага жыцця прыблізіў перамогу над фашызмам. Таксама «Беларусь 3» падрыхтаваў кінападборку вытворчасці «Беларусьфільма», у якой любімыя многімі кінастужкі «Кіроўца аўтобуса», «Дняпроўскі рубеж», «У жніўні 44-га...» і іншыя.

Прагучаць 9 мая ў эфіры тэлеканала і легендарныя кампазіцыі ваенных гадоў. Выйдзе тэлеверсія XXІV фестывалю армейскай песні «Звязда». На «Беларусь 3»пакажуць канцэрт майстроў мастацтваў «Дзякуй за жыццё» і прэм'ерную музычную праграму «Песні вайны» Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Згадаць і помніць цану Перамогі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.