Вы тут

Хто з нашых суайчыннікаў дайшоў да Берліна і ўвекавечыў сваё імя на сценах Рэйхстага?


Той пераможны май 1945-га многія з удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ўспамінаюць з асаблівай радасцю. З выключным хваляваннем — тыя, хто пабываў у самым логаве ворага. Можна толькі ўявіць, што ў захопленым савецкімі войскамі Рэйхстагу адбывалася больш за сем дзясяткаў гадоў таму. За некалькі дзён, пакуль ішлі вызваленчыя баі, а таксама за першыя пасля Перамогі месяцы на сценах былога будынка германскага парламента не засталося нават самага маленькага свабоднага ад надпісу ўчастка — амаль кожны з вайскоўцаў, ад салдата да афіцэра, будучы ў Рэйхстагу, імкнуўся засведчыць сваю прысутнасць у самым цэнтры пераможанага Берліна.


Кан­стан­цін Вань­ке­віч.

«Іван з Беларусі»

Сярод іх, вядома, былі і беларусы. З адным з такіх мне пашчасціла пазнаёміцца асабіста. На жаль, усяго некалькі месяцаў таму знакаміты пісьменнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Муравейка завяршыў свой зямны шлях. Аднак напярэдадні Дня Перамогі дарэчы згадаць яго ваенны лёс.

Іван Андрэевіч быў на фронце з першага да апошняга дня. «На першай лініі абароны Масквы, у раёне Ярцава — Ельня, мяне цяжка параніла, — успамінаў ветэран. — Апынуўся ў глыбокім тыле, дзе нават вокнаў вечарамі коўдрамі не завешвалі: у Алтайскім краі, у Слаўгарадзе. Там, у шпіталі, мяне «рамантавалі» да канца лютага 1942 года. Потым былі пяцімесячныя курсы — і я малодшы лейтэнант, камандзір мінамётнага ўзвода».

Ён ваяваў у Сталінградзе, фарсіраваў Дняпро, Днестр, Буг, Віслу, Одэр. Да Берліна Іван Муравейка дайшоў не толькі са зброяй, але і з алоўкам у руках: з'яўляўся літсупрацоўнікам дывізіённай газеты, затым — ваенным карэспандэнтам. Пра гісторыю сваіх узнагарод (два ордэны Айчыннай вайны l ступені, ордэн Айчыннай вайны ll ступені, ордэн Чырвонай Зоркі) ветэран расказваць не любіў — чалавекам ён быў надзвычай сціплым. Затое з задавальненнем прыгадваў той дзень, калі яго дывізія брала Рэйхстаг, дзе ён на матчынай мове пакінуў кароткі запіс: «Іван з Беларусі» (у 2010 годзе з-пад пяра пісьменніка выйшла кніга пад назвай «Я — Іван з Беларусі»). «Гэта было нешта большае, чым свята, — успамінаў той дзень франтавік. — Па Берліне вялі немцаў. Гэта былі не тыя немцы, якія ішлі на Маскву. Яны крочылі, апусціўшы галовы...»

Бясстрашныя байцы

Да Дня Перамогі Нацыянальны прэс-цэнтр Беларусі абнародаваў інфармацыю аб 12 афіцэрах і чырвонаармейцах, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўдзельнічалі ў стварэнні пераможных графіці на сценах Рэйхстага. Гэта стала магчымым дзякуючы ўкраінскаму даследчыку, аўтару кнігі «Аўтографы на сценах Рэйхстага» Леаніду Ігнаценку, які ідэнтыфікаваў звыш 300 аўтараў надпісаў з 715 захаваных у Рэйхстагу, а таксама больш чым сотню аўтографаў, зафіксаваных на фотаздымках, зробленых у будынку германскага парламента ў 1945 годзе. Фотаздымкі аўтараў надпісаў, а таксама цытаты з іх узнагародных лістоў і ўліковых картак з апісаннем подзвігаў герояў — цяпер мы можам бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто не толькі дайшоў да Берліна, але і здолеў засведчыць сваё імя на стагоддзі.

«Здесь был белорус ВАНЬКЕВИЧ К.П.» — такі аўтограф у логаве ворага пакінуў уражэнец вёскі Горкі Чэрвеньскага раёна Канстанцін Паўлавіч Ванькевіч. У адным з узнагародных лістоў паведамляецца, што на фронце ён з чэрвеня 1941 года. З першых дзён, працуючы кіроўцам аўтамашыны, праявіў сябе бясстрашным байцом. Канстанцін Ванькевіч неаднойчы трапляў пад бамбёжку, але, выконваючы ўсе заданні своечасова, заўжды выводзіў сваю машыну з-пад агню. З узнагародных лістоў: «Толькі за кастрычнік 1943 г. машына прайшла 18 500 кіламетраў, без рамонту. За ўвесь перыяд кіравання машынай не было ні адной аварыі і паломкі».

На­дзея і Мі­ха­іл Шатруны.

Аўтар надпісу «Выборг — Берлин. ПРИЛУЦКИЙ» — капітан Уладзімір Прылуцкі. З першых дзён вайны і да самага яе заканчэння з'яўляўся начальнікам адміністрацыйна-гаспадарчай часці палявога ветэрынарнага лазарэта № 603. У цяжкіх умовах блакады Ленінграда пры адсутнасці нармальнага корму для жывёл вярнуў у строй больш чым 400 коней, гэтым самым узмацніўшы гужавы транспарт арміі.

Не быў шматслоўны і яфрэйтар Васіль Токін, які напісаў на сценах Рэйхстага «ТОКИН — Гомель». На фронце гамяльчанін быў тэлефаністам. У баі за горад Керч пад моцным артылерыйскім агнём ліквідаваў 10 парываў сувязі, а за рамонт 19 парываў сувязі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Напярэдадні перамогі, 16 красавіка 1945 года, яфрэйтар Токін пад моцным артылерыйска-мінамётным і ружэйна-кулямётным агнём праціўніка за 30 хвілін уладкаваў тэлефонную лінію паміж назіральным пунктам камандзіра батарэі і агнявой пазіцыяй, ліквідаваўшы пры гэтым 27 парываў тэлефоннай лініі.

Аўтары аўтографа «ГОРБАЧЕВСКИЙ, ШАТРУН. 9-5-45 г.» — ваеннаслужачыя 15-га асобнага аднаўленчага чыгуначнага батальёна. Беларус з іх — старшы лейтэнант Міхаіл Шатрун. На яго асабістым рахунку — вялікая колькасць узарваных мастоў і ўчасткаў чыгункі, тысячы абясшкоджаных боепрыпасаў. Дакументы сведчаць: «На ўчастку Тэўлі — Брэст пад кіраўніцтвам тав. Шатуна было вынята звыш 2500 штук усемагчымых мін праціўніка. Ён асабіста прыняў актыўны ўдзел у размініраванні паласы адводу, без спецыяльных прыстасаванняў, пры адсутнасці мінашукальнікаў».

Адметны факт: у штурме Рэйхстага разам з Міхаілам Шатруном брала ўдзел і яго будучая жонка. Надзея Міхайлаўна, якая служыла санітаркай у падраздзяленні Міхаіла Шатруна, была сведкай таго, як яе каханы разам з сябрам выводзілі свае прозвішчы на сцяне пераможанага нямецкага парламента. Іх дзеці як самую дарагую рэліквію захоўваюць фотаздымак сваіх бацькоў, зроблены ў Берліне, акурат насупраць Рэйхстага.

Мяркуючы па ўсім, каханне звязвала і аўтараў надпісу «КОМИССАРОВА ЛЮСЯ — ПЕТРОВ». Абодва служылі ў штабе берагавой аховы Кранштацкай ваенна-марской базы Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту: Людміла Камісарава — пісарам, Сяргей Пятроў — памочнікам начальніка аператыўнага аддзела. Адным загадам іх узнагародзілі медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».

Люд­мі­ла Камісарава і Сяр­гей Пятроў.

Камандзір гарматы 44-й гвардзейскай гарматна-артылерыйскай брыгады Васіль Сілівончык, будучы ў Рэйхстагу, коратка засведчыў: «СИЛИВОНЧИК». За праяўленую мужнасць падчас вулічных баёў у Берліне ўраджэнец Магілёўшчыны быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Вось як апісаны яго подзвіг ва ўзнагародным лісце: «24 красавіка 1945 г. праціўнік сіламі пяхоты звыш батальёна пры падтрымцы 12 танкаў распачаў магутную контратаку, спрабуючы скінуць нашы часці з заходняга берага ракі Шпрэе. Гармата, якой камандуе тав. Сілівончык, сваім магутным агнём у складзе батарэі падбіла два танкі праціўніка і знішчыла звыш узвода пяхоты. Атака праціўніка захлынулася, праціўнік пачаў адыход».

З астатнімі аўтарамі пераможных графіці можна пазнаёміцца ў створанай Леанідам Ігнаценкам віртуальнай энцыклапедыі (http://www.proza.ru/avtor/іgnatenko1949). Калі вы знойдзеце там знаёмае прозвішча, падзяліцеся інфармацыяй і з нашымі чытачамі: дашліце гісторыю пра гэтага чалавека на электронны адрас (іnfo@zvіazda.by) альбо поштай (220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а). Увогуле, раскажыце пра лёс сваіх продкаў, аднавяскоўцаў, суседзяў, знаёмых, якія дайшлі да Берліна, — найбольш цікавыя аповеды мы апублікуем у рубрыцы «Яны дайшлі да Берліна».

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Аўтографы пераможцаў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.