Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы робім Канстытуцыю будучыні нашай дзяржавы


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўнікамі Канстытуцыйнай камісіі Беларусі. Удзельнікі абмеркавалі некаторыя пытанні, якія падымаюцца падчас пасяджэнняў камісіі.


«Мы робім Канстытуцыю будучыні нашай дзяржавы. І калі мы хочам, каб дзяржава была шчырай, сумленнай і справядлівай, такая павінна быць Канстытуцыя і прыняцце яе павінна быць такім. Калі людзі падтрымаюць новы праект Канстытуцыі, — быць гэтай Канстытуцыі. Не падтрымаюць — у нас жа Канстытуцыя ёсць. Але трэба зрабіць так, каб людзі падтрымалі наш праект новай Канстытуцыі. А каб падтрымалі, яна павінна адпавядаць запытам гэтых людзей», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на дадзеным этапе практычна не ўмешваецца ў дзейнасць Канстытуцыйнай камісіі. «Але пры неабходнасці, калі будзе такое з вашага боку патрабаванне, для абмеркавання нейкіх канкрэтных пытанняў мы збяромся і абмяркуем. Вось як сёння», — сказаў Прэзідэнт.

Па яго словах, калі праект адноўленай Канстытуцыі будзе падрыхтаваны, то адбудзецца падрабязнае чытанне праекту з удзелам Прэзідэнта. «Збяромся і будзем чытаць, па раздзелах, па артыкулах, асабліва звяртаючы ўвагу на навацыі. Я буду выказваць свае меркаванні, вы свае выкажаце ў праекце. Хтосьці з членаў камісіі не пагодзіцца з навацыямі праекту, другія органы ўлады пасля знаёмства змогуць унесці нейкія прапановы, грамадзяне, калі вынясем на абмеркаванне. Мы ўсё гэта павінны ўлічваць», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, многае ў рабоце над новай Канстытуцыяй будзе залежаць ад эліты грамадства: кіраўніцтва краіны на ўсіх узроўнях, юрыдычнай грамадскасці, адукаваных, разумных, таленавітых беларусаў, якія будуць не толькі выказваць свае меркаванні, але і весці за сабой грамадства.

Прэзідэнт падзякаваў грамадзянам, якія актыўна накіроўваюць прапановы па магчымых зменах у Канстытуцыю. «Талковыя, разумныя юрысты выходзяць на старшыню Канстытуцыйнай камісіі, кіраўнікоў палат парламента і прапаноўваюць канкрэтныя змены ў праект Канстытуцыі. Словам, людзі паводзяць сябе актыўна — той, хто хоча захавання краіны, хто разумее, што такое Канстытуцыя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар падкрэсліў — нельга дапусціць, каб Канстытуцыя была няправільнай, а пэўныя змены ўносіліся «для птушачкі» ці ў папулісцкіх мэтах. «Вось правялі пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі, Канстытуцыю нейкую намалявалі. Для таго, каб яе працягнуць на рэферэндуме, яшчэ ўпіхнулі туды некалькі папулярных фраз і пачалі на гэтым разгортваць агітацыйную кампанію. Не павінна быць, Пётр Пятровіч (старшыня Канстытуцыйнай камісіі і Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч. — «Зв».), так ні ў якім разе», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Каментарый у тэму

Пасля нарады з Прэзідэнтам старшыня Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч расказаў журналістам, як ідзе работа над асноўным законам краіны.

У прыватнасці, ужо адбыліся тры пасяджэнні. Падрыхтаваны тэкст зменаў па раздзелу аб асноўных правах і свабодах чалавека, дзе будуць унесены змены ў 14 артыкулаў. Таксама па выніках работы Канстытуцыйнай камісіі падрыхтаваны тэкст зменаў у раздзел па выбарчай сістэме, там змены падрыхтаваны па васьмі артыкулах гэтага раздзелу. На трэцім пасяджэнні разглядалася пытанне аб магчымым пераразмеркаванні паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам і ўрадам. Пётр Міклашэвіч расказаў, што на заўтрашнім пасяджэнні Камісіі будзе разглядацца пытанне аб функцыях і паўнамоцтвах Парламента.

«Важнейшая задача перад Канстытуцыйнай камісіяй — знайсці аптымальны варыянт пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, урадам і парламентам пры захаванні прэзідэнцкай формы кіравання. Сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам абмяркоўваліся некаторыя аспекты гэтага пераразмеркавання на прэзідэнцкім узроўні. Пытанне стаіць аб тым, каб мы захавалі моцную прэзідэнцкую ўладу з аднаго боку, а з другога — каб павысілася актыўнасць урада як органа выканаўчай улады і парламента не толькі ў прыняцці законаў, а каб парламент ажыццяўляў кантроль як дзейнічаюць законы ў рэчаіснасці, якое іх рэгулятыўнае ўздзеянне на грамадскія адносіны. І канешне, пытанне, звязанае з кантрольнымі функцыямі ў рашэнні кадравых пытанняў», — адзначыў Пётр Міклашэвіч.

Ён падкрэсліў, што Канстытуцыя — асноўны закон краіны, сістэмны дакумент, які патрабуе ўзважанага падыходу. Таму Канстытуцыйная камісія сістэмна працуе, разглядае звароты і прапановы грамадзян. Запланавана яшчэ шэсць пасяджэнняў. Калі будзе падрыхтаваны варыянт зменаў па Канстытуцыі разам з Прэзідэнтам і складам усёй камісіі будуць абмяркоўвацца асноўныя прапановы.

Пётр Міклашэвіч расказаў журналістам, як прымаюцца прапановы грамадзян. Нацыянальны цэнтр інфармацыя прымае прапановы, сістэматызуе іх па кожным раздзеле Канстытуцыі і перадае камісіі.

«Прапаноў паступае тысячы і задача камісіі —знайсці найбольш аптымальныя, на аснове якіх магчыма ўносіць змены ў Канстытуцыю. Мы вельмі ўважліва адносімся да прапаноў грамадзян. Канстытуцыя — гэта грамадскі дагавор аб ладзе грамадства і дзяржавы, аб сістэме дзяржаўнай улады і ўзаемаадносінах асобы, грамадства і дзяржавы. І вельмі важна сёння адчуваць, бачыць і чуць грамадзян, іх пажаданні аб тым, якім павінен быць асноўны закон нашай краіны, па якім нам усім — грамадзянам Рэспублікі Беларусь — неабходна будзе далей жыць, працаваць і дзейнічаць. Канстытуцыя — гэта арыенцір на будучыню». — адзначыў Старшыня Канстытуцыйнай камісіі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. 

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.