Вы тут

Прэзідэнт наведаў фермерскі экарынак пад Мінскам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў фермерскі экарынак, размешчаны на тэрыторыі гандлёвага дому «Валяр’янава» ў Мінскім раёне.


Галоўнае пытанне, якое задаў кіраўнік дзяржавы — як выконваецца яго даручэнне па стварэнні гандлёвага комплексу, дзе кожны фермер можа прадаваць прадукцыю, вырашчаную і зробленую сваімі рукамі.

«Я хацеў бачыць тут фермерскі рынак, дзе любы прыватнік ці не прыватнік, усё роўна, прывёз тавар і прадаў. І гэта павінна быць добрым канкурэнтам Камароўкі. Але вы павінны былі тут узяць якасцю, каб любы чалавек прыехаў, купіў тут мяса, малочную прадукцыю, яшчэ нешта і сказаў: так, гэта аб'ект XXI стагоддзя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Гандлёвы комплекс «Валяр’янава» агульнай плошчай 19,8 тысяч квадратных метраў быў пабудаваны ў 2020 годзе. Першым этапам развіцця гандлёвага комплексу стала адкрыццё 7 лістапада 2020 году ўніверсальнага харчовага рынку на 140 гандлёвых месцаў. Для айчынных вытворцаў, фермераў, асабістых падсобных гаспадарак і фізічных асоб створаны камфортныя ўмовы па арганізацыі круглагадовага продажу ўсіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі на аснашчаных сучасным абсталяваннем гандлёвых месцах. На тэрыторыі комплексу працуюць фірменныя магазіны розных вытворцаў. З 1 мая гэтага года на стаянцы гандлёвага комплексу дзейнічае сезонная пляцоўка па продажы сельгаспрадукцыі з аўтатранспарту вытворцаў. На трэцім і чацвёртым паверхах да канца гэтага года павінны пачаць працаваць брэндавыя крамы, буйны дзіцячы цэнтр, комплекс бытавога абслугоўвання, які ўключае цырульню, хімчыстку, рамонт адзення. Офісная частка комплексу размяшчаецца ў асобным крыле будынка.

«Для мяне галоўнае — чалавек»

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, у цэлым яго даручэнні выкананы, а канцэпцыя фермерскага рынка захоўваецца. Аднак, некаторыя пытанні яшчэ патрабуюць рашэння. Як адзначыў губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын, аб’екту яшчэ патрэбныя інвестыцыі. Кошт арэнды для фермераў у «Валяр’янава» значна ніжэйшы, чым у іншых месцах, не ўсе гандлёвыя пляцоўкі функцыянуюць. Праз гэтыя абставіны выдаткі гандлёвага комплексу пакуль пераўзыходзяць яго даходы. Існуе праблема запаўняльнасці аб’екта. Аляксандр Турчын расказаў, што ў будні дзень першы паверх (на тэрыторыі якога размешчаны фермерскі рынак) запоўнены на 70 працэнтаў. Ёсць тыя, хто хоча гандляваць толькі ў выхадныя. Таму сёння стаіць важная задача — зрабіць так, каб усе магчымасці рынка былі эфектыўна задзейнічаны кожны дзень тыдня.

«Для мяне галоўнае — чалавек. Я чалавек вясковы. Я ведаю, што такое ўласнымі рукамі вырасціць і мець магчымасць прадаць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Людзі павінны свабодна прадаваць свой тавар. Непахісна павінна быць адно — доступ на рынак», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Знайсці кампраміс паміж усімі ўдзельнікамі гандлю

Губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын расказаў, што адзін з чатырох інвестараў «Валяр’янава», кампанія «Велес-Міт» хоча купіць увесь гандлёвы комплекс. Уладальнік «Велес-Міт» Аляксей Алексін, растлумачыў свае мэты. Па яго словах, аб’екту неабходныя новыя інвестыцыі, павінны пачаць працу астатнія паверхі, для гэтага плануецца перарабіць іх для канкрэтнага інвестара.

«Другое пытанне, даць магчымасць у выхадныя гандляваць, каб плошчы не пуставалі. Пакінуць месца, якое б у суботу-нядзелю маглі заняць фермеры. Можна стварыць асобныя плошчы для раздзелкі прадукцыі прама тут на месцы і дапоўніць гандлёвую пляцоўку летнім гандлем», — адзначыў бізнесмен.

У адказ на гэта Прэзідэнт нагадаў, што доступ на рынак — яго непахіснае патрабаванне. «А хто тут будзе займацца, мне, у прынцыпе, усё роўна. Я абсалютна не супраць. І ўпэўнены, што, напэўна, ён (Аляксей Алексін. — «Зв.») зробіць больш адказна, таму што ён рызыкуе, укладвае свае грошы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў дакладна вызначыць канцэпцыю работы гандлёвага комплексу ў Валяр’янаве, каб знайсці кампраміс паміж інтарэсамі ўсіх удзельнікаў гандлю і ўладальнікаў комплексу. Прэзідэнту расказалі пра прапанову стварыць арганізацыю, якая купляла б прадукцыю ў фермераў, фізічных асоб і арганізоўвала цэнтралізаваны продаж на рынку, па прыкладзе Белкаапсаюзу. Наяўнасць такой арганізацыі пазбавіць фермераў ад лішніх турбот, звязаных з арэндай месцаў для гандлю, набыццём і абслугоўваннем касавых апаратаў, дастаўкай прадукцыі і мноства іншых.

Аляксандр Лукашэнка такую ідэю падтрымаў. «Я абсалютна не супраць. Галоўнае — падштурхнуць чалавека, калі гэта магчыма, каб ён апрацоўваў прадукцыю. А ён будзе гэта рабіць, калі да яго прыедуць, купяць і ён атрымае прыбытак. Калі мы хочам, каб прыватнікі, фермеры развіваліся, ім трэба даць магчымасць вырасціць і прадаць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прыстойна і свабодна

Прэзідэнт патрабаваў навесці парадак на ўсіх харчовых рынках краінах і забяспечыць на іх доступ фермерам, якія могуць прадаваць там сваю прадукцыю. Ён падкрэсліў, што гэтае патрабаванне датычыцца ўсіх рынкаў у краіне.

«Трэба вярнуцца да пытання кантролю за рынкамі, паглядзець, як на Камароўцы. Можа, там зноў з'явіліся пасярэднікі, як гэта было калісьці? Трэба паглядзець зараз і навесці парадак на ўсіх рынках. Людзі павінны свабодна прадаць свой тавар — і на Камароўцы, і на ўсіх рынках. Прыстойна і свабодна», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу на кантроль за бяспекай харчовай прадукцыі, якая прапануецца пакупнікам. Ён запатрабаваў, каб бяспека прадуктаў харчавання была беспярэчнай. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія яшчэ меры трэба прыняць, каб поўнасцю ажыццявіць канцэпцыю фермерскага рынку і пры гэтым не зрабіць з гэтага месцы копію звычайнага гандлёвага цэнтру, якіх шмат у Мінску. Поўнасцю ацаніць эфектыўнасць рэалізацыі канцэпцыі можна будзе ў найбліжэйшы час, калі будуць задзейнічаны ўсе плошчы аб’екту, уключаючы другі і трэці паверхі.

«На працягу гэтага году тут трэба зрабіць аб’ект, на які не сорамна будзе заходзіць кожны дзень. Ужо ёсць нядрэнныя водгукі людзей, якія тут бываюць. Кажуць, і людзі добра працуюць, і абслугоўванне добрае. Але вы мне вырашыце толькі адну задачу, чаго я ад вас патрабую: выгадаваў чалавек цытрусавыя — ідзі прадавай, кавуны выгадаваў — ідзі прадавай, мяса, малако, сыры і іншае — ідзі прадавай. Чалавек павінен мець свабодны доступ да аб’ектаў гандлю, калі мы для народа будуем краіну», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Гародніна, зёлкі, мяса

Пасля абмеркавання пытанняў з чыноўнікамі, Прэзідэнт на свае вочы паглядзеў, як працуе рынак. Паўтары гадзіны кіраўнік дзяржавы вывучаў асартымент на прылаўках, знаёміўся з фермерамі і прадаўцамі, каштаваў іх прадукцыю і нават рабіў пакупкі. Сыры, зробленыя па класічных беларускіх і еўрапейскіх рэцэптах, лекавыя травы, фітачаі, зеляніна, гародніна, прысмакі, мёд, каўбасы, мясная і рыбная прадукцыя — кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ўсім. Прадавец лекавых траў, траўнік з Віцебскай вобласці расказаў Прэзідэнту некалькі цікавых рэцэптаў, пачаставаў сухафруктамі.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў і шэраг карысных пакупак — травы, мясная прадукцыя, інгрэдыенты для плову. Разам з кіраўніком дзяржавы на рынку ў «Валяр’янаве» рабілі і звычайныя наведвальнікі рынку, якіх ніхто не абмяжоўваў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.