Вы тут

Шэдэўры французскага пераплётнага мастацтва


У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Французскі суперэкслібрыс XVII—XVIII стст.», дзе прадстаўлены ўнікальныя каштоўныя ўзоры французскага пераплётнага майстэрства з геральдычнымі суперэкслібрысамі.


Французскія суперэкслібрысы XVII—XVIII стст.

З прывітальным словам выступіў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша, які адзначыў: «У фондах нашай бібліятэкі ёсць надзвычай цікавая і каштоўная калекцыя французскіх суперэкслібрысаў. Па сутнасці, гэта знак уласнасці, які ставіцца на вокладцы. Часцей за ўсё гэта цісненне з нанясеннем пазалоты. Раней такія кнігі маглі мець далёка не ўсе, а сёння гэтая з’ява стала яшчэ больш рэдкай, чым пяць стагоддзяў таму. Суперэкслібрыс — тое, што адразу вылучае кнігу і аўтаматычна надае ёй каштоўнасць, прычым выключную. Гэтыя выданні ёсць у зборах большасці нацыянальных бібліятэк, і кожная з іх ганарыцца імі, імкнецца іх папулярызаваць, выдаваць тэматычныя каталогі і арганізоўваць выставачныя праекты».

Аўтарскую экскурсію па выстаўцы для гасцей і ўдзельнікаў імпрэзы правяла галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Святлана Пахоменкава. Яна расказала пра тэхналогію стварэння суперэкслібрысаў.

Сярод экспанатаў часовай экспазіцыі — узоры французскага пераплётнага майстэрства XVII—XVIII стст., выданні з геральдычнымі суперэкслібрысамі славутых дзяржаўных, палітычных і ваенных дзеячаў Францыі, арыстакратыі: караля Людовіка XІІІ «Справядлівага», «караля-сонца» Людовіка XІV, каралевы Марыі-Тэрэзіі Аўстрыйскай, караля Людовіка XV «Каханага», каралевы Марыі Ляшчынскай (дачкі караля Рэчы Паспалітай) і інш. Акрамя гэтага, наведвальнікі выстаўкі могуць пазнаёміцца з вынікам выдавецкага праекта «Камплект паштовак. Французскі суперэкслібрыс XVII—XVIII стст.», падрыхтаванага ў 2020 годзе навукова-даследчым і выдавецкім аддзеламі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Набор паштовак можна набыць у кіёску бібліятэкі.

Усе суперэкслібрысы — інфарматыўная гістарычная крыніца аб інтэлектуальным жыцці Францыі, таму яны вабяць не толькі кнігазнаўцаў, але і аматараў геральдыкі, фалерыстыкі, палеаграфіі, генеалогіі. Экспазіцыю «Французскі суперэкслібрыс XVII—XVIII стст.» можна наведаць да 31 мая.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Фота з сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.