Вы тут

Адпачынак з розумам. Каб шашлык не скончыўся бальніцай


Сёлета вясна моцна спазнілася. З асаблівым нецярпеннем прыходу цяпла чакалі дачнікі і аматары шашлыку. Таму, як толькі прыгрэла сонейка, многія з іх паспяшаліся за горад — у бацькоўскіх хатах, на лецішчах работы заўжды хапае, пасля якой нядрэнна і мяса, прыгатаванага на мангале, з'есці. Аднак апошнім часам гэты на першы погляд бяскрыўдны занятак часта паварочваецца трагедыяй.


Каб шашлык не скончыўся бальніцай

Наўрад ці аб гэтым задумваўся пенсіянер з Пухавіцкага раёна, які 12 мая распальваў мангал з дапамогай лёгкай на загаранне вадкасці. Меркаваны пікнік на падворку скончыўся тэрміновай шпіталізацыяй — у мужчыны дыягнаставалі апёкі 25 % цела.

Больш моцна пацярпеў грамадзянін 1956 года нараджэння, які паступіў у Смалявіцкую цэнтральную раённую бальніцу з дыягназам «тэрмічныя апёкі абедзвюх ніжніх канечнасцяў, кісцяў, твару 1-3 ступені, інгаляцыйны апёк». Як стала вядома, мужчына распальваў вогнішча з выкарыстаннем газавага балончыка на тэрыторыі прыватнага сектара ў Смалявічах. У выніку ўспышкі пароў вогненебяспечнай        вадкасці загарэлася адзенне, якое пацярпелы патушыў самастойна пры дапамозе падручных сродкаў і выклікаў брыгаду хуткай дапамогі.

— Як пры прыгатаванні шашлыку, так і пры развядзенні вогнішчаў, ні ў якім выпадку нельга выкарыстоўваць для распальвання вогненебяспечныя і гаручыя вадкасці, — папярэджвае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Размяшчаць спецыяльныя прыстасаванні для прыгатавання ежы на агні варта на бяспечнай адлегласці ад будынкаў і збудаванняў. Ні ў якім разе не распальвайце мангал або вогнішча ў прамасленым адзенні, калі, напрыклад, дагэтуль рамантавалі аўтамабіль альбо калі гаручыя ці лёгкія на загаранне вадкасці маглі трапіць на адзенне.

Асаблівую ўвагу ратавальнікі звяртаюць на бяспеку дзяцей. Неабходна сачыць за тым, каб малыя не падыходзілі блізка да мангала або вогнішча. Варта растлумачыць дзецям, што нельга гуляць з агнём, а таксама кідаць туды шклянкі з-пад аэразоляў, лаку для валасоў і іншыя небяспечныя прадметы. Часта менавіта дзіцячае свавольства з агнём становіцца прычынай узгарання.

Запалілі траву — загінуў чалавек

Сярод асноўных клопатаў пасля доўгай зімы ў дачнікаў па-ранейшаму лідзіруе спальванне сухой травы. І выдатна, калі ўсё добра закачваецца. На жаль, так бывае не заўсёды.

У сярэдзіне красавіка сям'я магіляўчан прыбірала свой дачны ўчастак у вёсцы Шылаў Вугал Магілёўскага раёна, паведамілі ў МНС. Сухую траву, а таксама смецце вырашылі спаліць. Калі працэс выйшаў з-пад кантролю, гаспадары паспрабавалі патушыць агонь самастойна, аднак сваімі сіламі справіцца не атрымалася — на дапамогу выехалі ратавальнікі. Ліквідаваўшы полымя, якое імгненна распаўсюдзілася і на суседні ўчастак, супрацоўнікі МНС выявілі труп 81-гадовага пенсіянера, які з'яўляўся суседам тых, хто наводзіў «парадак» на зямлі. У выніку ўзбуджана крымінальная справа.

Каб падобныя трагедыі не паўтараліся, у перыяд актыўнага навядзення парадку на тэрыторыях прыватных падворкаў ратавальнікі чарговы раз нагадваюць аб выкананні правілаў пажарнай бяспекі. Па словах Анастасіі Швайбовіч, самым бяспечным спосабам утылізацыі мінулагодняй расліннасці з'яўляецца яе вываз. «Аднак калі вы ўсё-ткі вырашылі звярнуцца да спальвання, абавязкова выконвайце меры перасцярогі, — падкрэслівае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. — Вогнішча неабходна ўладкоўваць на бяспечнай ад будынкаў і збудаванняў адлегласці. Гэтае месца павінна быць акапанае, каб агонь не распаўсюджваўся па сухой траве. Спальванне трэба праводзіць пад пастаянным кантролем, пад рукой павінны быць першасныя сродкі пажаратушэння: вогнетушыцель або вядро вады і рыдлёўка. Пасля спынення бачнага гарэння абавязкова заліце вогнішча вадой, каб папярэдзіць паўторнае загаранне. Ні ў якім разе не спальвайце сухую расліннасць, не дапускайце выпальванняў. Будзьце асцярожныя з адкрытым агнём!»

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...

Здароўе

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Ад захворванняў, звязаных з гепатытам, у свеце кожныя 30 секундаў памірае адзін чалавек.