Вы тут

Ноч музеяў адкрывае таямніцы і запрашае да гульні


Ноч музеяў стала ў нашай краіне ўжо добрай традыцыяй, якая разбурае стэрэатыпы і абуджае крэатыў. Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў (ён адзначаецца 18 мая з 1977 года) беларускія музейшчыкі распавялі, як рыхтуюцца да сустрэчы са сваімі гледачамі. Ноч музеяў пройдзе з 22 на 23 мая, а праграмы задаволяць самыя розныя густы.


Супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, які захоўвае спадчыну народнага паэта Беларусі, імкнуцца рабіць усё магчымае, каб іх наведвальнікі адчувалі сябе як дома.

— Мы аддаём перавагу інтэрактыву — квэстам, экскурсіям, педагагічным заняткам. Хачу падкрэсліць, што мы працуем з рознымі катэгорыямі наведвальнікаў, у тым ліку і з такой катэгорыяй, як дзеці з аўтызмам. Летась мы пачалі працаваць з аўдыторыяй 60+, што дало нам цікавы досвед і дадало музею новых сяброў, — адзначыла дырэктар установы Алена Ляшковіч.

Праграма, якую тут падрыхтавалі да Ночы музеяў, носіць назву «МасКу» — гэта аб'яднаныя словы «мастацтва і Купала». Летась тут, як і ў іншых музеях, мерапрыемствы праходзілі анлайн, таму сёлетняя сустрэча вельмі доўгачаканая. Літаратурны музей Янкі Купалы будзе адкрыты для гасцей з 19.00 да 05.00 гадзін раніцы. Тут можна будзе паўдзельнічаць у стварэнні самай вялікай папараць-кветкі, стаць суаўтарам скульптурных мініяцюр, далучыцца да стварэння арт-аб'екта партрэта класіка альбо паразгадваць назвы твораў майстра слова, якія будуць зашыфраваны ў стылі эмаджы...

Фота: minskpass.by

У сваю чаргу, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ўжо з пачатку года ладзяцца святы, бо бягучы год багаты на юбілейныя даты айчынных пісьменнікаў. Акрамя гэтага, аднавілі і міжнароднае супрацоўніцтва. Нядаўна тут адкрылася выстава, прысвечаная 200-годдзю Фёдара Дастаеўскага. А што датычыцца мерапрыемстваў Ночы музеяў, то сёлета ўстанова таксама вернецца да жывой формы іх правядзення. З 18.00 да 23.00 тут чакаюць дарослых і дзяцей да ўдзелу ў квэсце «Таямніцы літаратурнага», у гульні-хадзілцы «Звязка беларускіх казак», а таксама ў інтэрактыўнай праграме «Азбука Васі Вясёлкіна». Акрамя гэтага, пры жаданні госці змогуць зрабіць кнігу сваімі рукамі альбо наведаць экспазіцыю, прысвечаную Дастаеўскаму, ці інтэрактыўную экскурсію «Справы аўтамабільныя», дзе можна будзе адкрыць для сябе Васіля Быкава як вандроўніка і аматара аўтамабіляў.

— Што датычыцца Ночы музеяў, то мы адштурхоўваліся ад юбілейных дат, — дзеліцца Міхаіл Бараноўскі, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. — Вырашылі цэнтральнай падзеяй зрабіць квіз — камандную гульню для нашых інтэлектуалаў і аматараў пазмагацца — па тэме жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Да таго ж у нас плануецца вялікая тэатральная частка. Нашы сябры з Тэатра юнага гледача ставяць фрагменты спектакля «Палёты ўдваіх», дзе прагучаць вершы на словы Багдановіча і Алаізы Пашкевіч. А таксама арт-праект Lumіere Tales і тэатр «Дом сонца» прадставяць музычна-светлавое шоу.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча таксама будзе адкрыты для наведвальнікаў з 18.00 да 23.00.

Запаволіцца і паглыбіцца ў мастацтва — па такім сцэнарыі сёлета прапаноўваюць правесці Ноч музеяў у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Тут мерапрыемства пройдзе пад дэвізам «Сам-насам з мастацтвам». Як адзначае намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Святлана Анейка, гэта вяртанне да класічнага варыянта правядзення Ночы музеяў. Для наведвальнікаў будзе адкрыта пастаянная экспазіцыя рускага мастацтва ХVІІІ—ХХ ст., праект «Чаму Ты Мяне пакінуў?» і выстаўка «Мора. Нябёсы. Аблокі», дзе можна пазнаёміцца з творамі мастацтва, якія адлюстроўваюць змены пор года.

Сваю праграму, якая будзе размяшчацца на трох лакацыях, падрыхтавалі ў Музеі гісторыі горада Мінска. Усё аб'яднана тэмай «Музейная тэрапія. Лячэнне мастацтвам і праз гульню». Першая праграма аб'ядноўвае чатыры экспазіцыі: гэта мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, мінская гарадская Ратуша, археалагічны музей і Музей мінскай конкі. Традыцыйна тут правядуць квэст, асновай якога гэтым разам стане тэма медыцыны і фармацыі, як у сталіцы, так і ў Беларусі. Прыз для пераможцы — спатканне на даху галерэі Савіцкага, а для камандных гульцоў будзе сеанс кіно ў начным вагоне. Усё зойме час з 18.00 да 23.00.

Больш падрабязна праграму Ночы музеяў можна даведацца на сайтах устаноў альбо ў іх сацыяльных сетках. Вызначайцеся з маршрутамі і баўце час карысна і ў новых фарматах.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Стварыць папараць-кветку і сустрэцца на даху

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.