Вы тут

У раёне шлюза Дамброўка пройдзе свята народнай творчасці «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў»


Менавіта штогадовае рэгіянальнае свята народнай творчасці з'яўляецца сапраўдным адкрыццём новага турыстычнага сезона на Аўгустоўскім канале. Свята разгорнецца ў раёне шлюза Дамброўка з 13:00. Там будзе арганізавана цэнтральная пляцоўка, дзе выступяць з канцэртам творчыя калектывы Гродзенскага раёна.


— Гасцей чакаюць адразу на некалькіх іншых лакацыях, гаспадары якіх прапануюць усім жадаючым розныя забавы, гульні, яркія, самабытныя і цікавыя сцэнкі, удзельнікамі якіх змогуць стаць усе ахвотныя, — паведамілі ў Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры.

Дарэчы, аўгустоўскі турнір уключыць сілавы экстрым, а госці змогуць паспаборнічаць у забегах з бабулінымі вілкамі, паказаць майстэрства ў валоданні ручной пілой і многае іншае. Для аматараў актыўнага і пазнавальнага адпачынку таксама правядуць велаквэст «У пошуках цуду».

Як было сказана вышэй, у раёне Дамброўкі разгорнецца шмат займальных лакацый. У прыватнасці, «Бабуліна хата», дзе пройдзе сапраўдны вясковы канцэрт з танцамі пад гармонік.

Будзе чым заняцца і маленькім дзецям. Для іх арганізуюць спецыяльную гульнявую пляцоўку, дзе пазнаёмяць з традыцыйнымі народнымі гульнямі і забавамі.

Для тых, хто любіць канструяваць, будзе дзейнічаць інтэрактыўная пляцоўка «Пабудуем разам Аўгустоўскі канал». Тут можна будзе паспрабаваць сябе ў творчасці: фарбаваць, маляваць, будаваць шлюзы і нават канструяваць лодкі і байдаркі.

Шырока разгорнецца таксама аўгустоўскі кірмаш. Можна будзе купіць работы мясцовых майстроў і рамеснікаў. У цэлым свята паўстане як тэматычны музей пад адкрытым небам.

Будуць працаваць гандлёвыя рады з ежай і напоямі.

Аліса СКІБА

Прэв’ю: belarus.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.