Вы тут

Пытанні развіцця Веткаўшчыны закранулі на прамой лініі


Адзін са зваротаў паступіў ад веткаўскіх школьнікаў. З калектыўнай просьбай звярнуўся да губернатара вучань мясцовай школы Максім:


— Мы даведаліся аб прамой лініі ў Іnstagram і вырашылі патэлефанаваць вам, — растлумачыў хлопец. — У нас у горадзе ёсць добры стадыён і пляцоўкі для заняткаў спортам. А мы любім катацца на роварах, роліках і скейтах, аднак не хапае скейт-парка. Просім дапамагчы.

Генадзь Салавей адказаў, што просьбу моладзі паспрабуюць задаволіць да канца бягучага года. Прапрацаваць дадзенае пытанне даручана старшыні Веткаўскага райвыканкама. Кіраўнік раёна Павел Сілівончык лічыць, што тэма арганізацыі свабоднага часу для моладзі заўсёды на кантролі на Веткаўшчыне. Летась была адкрыта секцыя па мотаспорце, нагадаў ён. Цяпер разглядаюцца варыянты ўладкавання трасы для правядзення спаборніцтваў і мотакросаў. Ёсць планы і па адраджэнні гісторыка-культурных каштоўнасцяў раёна. Адна з ідэй — аднаўленне помніка архітэктуры — старадаўняга сядзібнага комплексу ў вёсцы Хальч.

Дарослыя веткаўчане звярнулі ўвагу на добраўпарадкаванне пешаходных зон. Прагучала просьба замяніць асфальтавае пакрыццё на тэрыторыі дзіцячага садка, а таксама адной з вуліц. Кіраўнік рэгіёна паабяцаў разабрацца з гэтай праблемай з выездам на месца.

А вось пытанне аб перапрацоўцы мяса дробнай рагатай жывёлы разгледзяць таксама на ўзроўні раёна. Адзін з жыхароў райцэнтра расказаў, што яго сям'я трымае коз, якія даюць вялікі прыплод. «Аднак здаваць мяса няма куды. Мясакамбінаты не прымаюць дробную рагатую жывёлу, а прыватнікі бяруць толькі авечак. Гэта ж мясанарыхтоўка для дзяржавы. Дапамажыце, калі ласка», — папрасіў веткаўчанін. Старшыня Гомельскага аблвыканкама дасць даручэнне профільным прадпрыемствам раёна ацаніць цанавы фактар, а пасля праінфармаваць людзей аб дадзенай паслузе ў мясцовай прэсе.

Таксама мясцовыя жыхары дзяліліся сваімі прапановамі па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, умацаванні вытворчага патэнцыялу і далейшым добраўпарадкаванні тэрыторыі. Звярталіся на прамую лінію да кіраўніка рэгіёна не толькі веткаўчане. Наталля Сяргееўна з Мінска падзякавала мясцовым і абласным уладам за добраўпарадкаванне Веткі — яе малой радзімы.

«Як жа змяніўся наш горад — усё чыста і ўтульна. Прыемна праехаць па вуліцах, хоць назад вяртайся жыць», — падзялілася эмоцыямі мінчанка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Звароты і прапановы з Веткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.