Вы тут

У найбліжэйшыя 20 гадоў спякоты не прагназуецца


Набліжаецца лета, а мы яшчэ нават не адчулі па-сапраўднаму цёплага вясновага надвор'я, нягледзячы на шматлікія размовы аб глабальным пацяпленні. Гэта так, але, на думку дырэктара Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Сяргея Лысенкі, самая вялікая памылка — гэта меркаваць аб змяненні клімату па тым надвор'і, якое стаіць за вакном. У ацэнках змены клімату ён раіць лепш спадзявацца не на жыццёвы вопыт, а на разлікі вопытных спецыялістаў.


Прафесар заўважыў, што ў апошнія 40—50 гадоў назіраецца беспрэцэдэнтнае працяглае пацяпленне, і гэта бясспрэчны факт. Ніколі яшчэ ў вядомай нам гісторыі Зямлі — а мы маем палеакліматычныя даныя больш чым за 8 тысяч гадоў — сярэдняя тэмпература нашай планеты не расла з такой велізарнай хуткасцю, як у нашы дні. Не выклікаюць асаблівых спрэчак і прычыны гэтага пацяплення. Большасць навукоўцаў сыходзяцца ў меркаванні, што яно з'яўляецца вынікам павелічэння ўтрымання вуглякіслага газу ў атмасферы. Прычынай апошняга стала актыўная дзейнасць чалавека.

Самы цёплы год

Змяненне клімату — рэальнасць і агульнасусветная праблема. Актуальная яна і для Беларусі. Як адзначае першы намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Святлана Кузьміч, за ўсю гісторыю інструментальных назіранняў — а вядуцца яны з 1881 года — перыяды пацяплення рэгулярна чаргаваліся з перыядамі пахаладання. Аднак сучаснае змяненне клімату пачалося ў 1989 годзе рэзкім павышэннем тэмпературы паветра і працягваецца па цяперашні час.

— За перыяд з 1990-х гадоў сярэднегадавая тэмпература паветра на тэрыторыі Беларусі павысілася ў сярэднім на 1,3 градуса, — удакладняе спецыяліст. — Прычым тэмпературная анамалія распаўсюджваецца нераўнамерна: найменшыя адхіленні зафіксаваны на станцыях у Клічаве і Лельчыцах, найбольшыя — да паўтара градуса — у Віцебску і Пінску.

Згодна з маніторынгам змяненняў кліматычных параметраў, які вядзе Белгідрамет, 2020-ы з сярэднегадавой тэмпературай 9,1 градуса цяпла стаў самым цёплым годам на тэрыторыі Беларусі за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Да гэтага максімальны па цеплыні быў 2019 год, калі было зафіксавана плюс 8,8 градуса.

Сярэдняя хуткасць росту сярэднегадавой тэмпературы на тэрыторыі нашай краіны складае 0,4 градуса за 10 гадоў, што перавышае сярэдняе значэнне па зямным шары, якое ацэньваецца ў 0,1—0,3 градуса.

У апошнія гады тэмпература ў нас вышэйшая за норму кожны месяц, акрамя мая (тут стабільная норма). А акрамя змяненняў тэмпературнага фону, стала больш засушлівых перыядаў (у цэлым ужо трэці год запар адзначаецца недабор сярэднегадавых сум ападкаў) і менш дзён з устойлівым снежным покрывам (зімой 2019—2020 года снежнага покрыва практычна не было). Для тэрыторыі нашай краіны зараз характэрна памяншэнне працягласці зімы на 5—8 дзён і павелічэнне працягласці лета на 3—7 дзён. Адзін з аспектаў змены клімату — павелічэнне экстрэмальных метэаралагічных з'яў. Так, за 18 дзён мая ў гэтым годзе выпала 173 % месячнай нормы ападкаў.

Летняе пацяпленне замарудзілася

На фоне ўстойлівага пацяплення, выкліканага антрапагеннай дзейнасцю чалавека, у асобных рэгіёнах зямнога шара адбываюцца квазіцыклічныя ваганні кліматычных характарыстык рознай перыядычнасці. Як адзначае Сяргей Лысенка, у рэгіёне Усходняй Еўропы найбольш значным з'яўляецца 60-гадовы натуральны цыкл. На гэты цыкл, пачынаючы з другой паловы 70-х гадоў мінулага стагоддзя, выпала прыкладна чвэрць летняга пацяплення. Бягучая фаза цыкла будзе падобнай да той, што назіралася ў 1940—1970 гады. Таму ў найбліжэйшыя два дзесяцігоддзі можна чакаць павелічэнне колькасці летніх ападкаў і запаволенне гадавога пацяплення. Сапраўды, непасрэдна з 2011 года летняе пацяпленне ўжо замарудзілася прыкладна ў два разы. Летняе «згладжванне» пацяплення, на думку спецыяліста, з'яўляецца станоўчым фактарам для развіцця сельскай гаспадаркі і вядзення лясной гаспадаркі.

«Апісаць найбліжэйшае лета агулам сёння не ўяўляецца магчымым, — падкрэсліў эксперт. — У сусветнай практыцы зіма 2019—2020 гадоў называлася «зімой стагоддзя», а яе фактычна не было ў Беларусі». Таму ў доўгатэрміновых прагнозах нашы спецыялісты давяраюць статыстычным метадам. Згодна з гэтымі айчыннымі распрацоўкамі, атрымліваецца, што ў чэрвені тэмпература паветра будзе толькі ледзь-ледзь вышэйшая за сярэднестатыстычныя паказчыкі гэтага месяца.

«Па розных мадэлях сярэдняя тэмпература паветра ў чэрвені прагназуецца ад 16,2 градуса да 16,8 градуса са знакам плюс. Гэта значыць, нашы паказчыкі ўшчыльную блізкія да кліматычнай нормы», — падкрэсліў прафесар. Ападкаў выпадзе больш за норму. Што датычыцца другога і трэцяга месяцаў лета, то прагнозы інстытутам будуць распрацаваны трохі пазней.

Сяргей КУРКАЧ

Фота wallpaperup.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...