Вы тут

У Мінску праходзіць І Форум медыйнай супольнасці Беларусі «СМІ ў эпоху лічбавізацыі»


У Мінску распачаўся І Форум медыйнай супольнасці Беларусі «СМІ ў эпоху лічбавізацыі». Дарэчы, у нас яшчэ не было мерапрыемства падобнага кшталту. На пляцоўцы «БелЭкспа» сабраліся прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, медыяэксперты, каб абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні развіцця айчынных медыя, ролю і месца дзяржаўных СМІ ў інфармацыйнай бяспецы краіны.


На пачатку сустрэчы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар ЛУЦКІ зачытаў прывітанне ад Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам, гасцям і арганізатарам форуму. Ігар Луцкі выказаў думку, што вельмі многае цяпер залежыць ад таго, як аператыўна, дакладна, пэўна журналісты будуць расказваць сваёй аўдыторыі пра тое, што адбываецца ў краіне і свеце.

«Лічу, што нам нельга ні на секунду расслабляцца. Журналіст моцны словам, моцны пяром. І надышоў час пагаварыць пра тое, што адбываецца ў медыйным полі краіны. Пра тое, як нам сумеснымі намаганнямі не толькі тут, у Мінску, але і ў рэгіёнах кансалідавана адстойваць пазіцыю дзяржавы, пазіцыю краіны, пазіцыю суверэнітэту. Гэта нельга браць пад сумненне. Вельмі важна сёння ўсім згуртавацца і быць адзінымі».

Журналістыка павінна працаваць на развіццё грамадства і дзяржавы, звярнуў увагу падчас пленарнага пасяджэння форуму міністр інфармацыі Уладзімір ПЯРЦОЎ.

— Сучасныя сродкі масавай камунікацыі аказваюць вызначальны ўплыў на фарміраванне каштоўнасных маральных установак, настрой грамадства, асобных людзей, сацыяльных груп і адносіны да тых ці іншых падзей. У гэтых умовах як ніколі значная роля сумленнай, адказнай журналістыкі, якая эфектыўна супрацьстаіць спробам пасеяць варожасць, раскалоць грамадства. Глабальная лічбавізацыя нясе як новыя магчымасці, так і новыя пагрозы. Сродкі масавай інфармацыі здольныя як узбагаціць чалавека ведамі, так і дэзынфармаваць, пасеяць недавер і страх. Ад таго, якую пазіцыю зоймуць СМІ, шмат у чым будзе залежаць будучыня грамадства і нашай дзяржавы. У апошнія гады мы сталі сведкамі цэлага шэрагу палітычных узрушэнняў, узброеных канфліктаў, нават поўнамаштабных войнаў, у тым ліку інфармацыйных. Адметнай асаблівасцю ўсіх гэтых падзей стала велізарная роля сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі. Каб адказваць на выклікі, быць канкурэнтаздольнымі, СМІ неабходна працаваць з выкарыстаннем прагрэсіўных тэхналогій, аўтаматызацыяй, крос-медыйнасцю, прымяненнем новых методык аналізу інфармацыйных плыняў, трэндаў. З іншага боку, за асвятленнем камунікацыйных платформаў, пагоняй за кароткасцю, тэхналагічнасцю нельга губляць і журналістыку як мастацтва працы са словам.

На форуме можна было пачуць розныя меркаванні ад экспертаў, прафесіяналаў у сферы медыя.

Генеральны дырэктар радыёстанцыі «Гаворыць Масква» Уладзімір МАМАНТАЎ перакананы, што СМІ павінны быць аб'ектыўнымі і чуць, што аўдыторыя хоча ведаць. «Парадак дня сёння мяняецца вельмі хутка. Журналістам трэба даваць адказы на любыя запыты свайго чытача, гледача, слухача. Нам, дарэчы, падаюць добры прыклад нашы кіраўнікі — выходзяць і распавядаюць, як яны бачаць тую ці іншую сітуацыю».

Старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй КРЫВАШЭЕЎ таксама пацвердзіў, што трансфармацыя медыяполя за апошні час дастаткова відавочная, ёсць пэўныя выклікі, але наша медыясупольнасць з імі спраўляецца.

Ад чаго залежаць трэнды на найбліжэйшыя некалькі гадоў — аб гэтым на форуме расказала намеснік галоўнага рэдактара міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» Наталля ЛОСЕВА. «У трэндах сёння гук — карыстальнікі аддаюць перавагу праслухоўванню, а не чытанню. А мы ўмеем рабіць для іх кантэнт? Прыйдзецца навучыцца. Роля СМІ як вытворцы якаснага кантэнту і інстытута, які ўмее фільтраваць гісторыю з хаосу, будзе расці. Але важна разумець, у якім фармаце карыстальнікі будуць спажываць наш прадукт».

Галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва «Мінская праўда» Ларыса КОРШУН на пытанне «Ці выжывуць газеты ў эпоху інтэрнэту?» адказала ўпэўнена: «Разам з высокімі тэхналогіямі ўжо дзясяткі гадоў існуюць друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. Яны заўсёды публікуюць правераную інфармацыю, а не закідваюць чытача фэйкамі. Прыемна, што сёння дзяржаўныя СМІ не баяцца абмяркоўваць вострыя тэмы. Цяпер мы паказваем і расказваем аб усім, толькі пад пэўным ракурсам, даючы сваю ацэнку рэчаіснасці. У гэтым плане журналістыка зрабіла вялікі крок наперад».

Па выніках першага дня форуму была прынята рэзалюцыя, у якой, у прыватнасці, гаворыцца: «Мы адзначаем неабходнасць кансалідацыі прафесійнай журналісцкай супольнасці з мэтай эфектыўнага процідзеяння новым выклікам і пагрозам, забеспячэнню інфармацыйнай бяспекі суверэннай Беларусі і справядлівага парадку, павышэння якасці жыцця нашага народа. І тут наша задача — несці праўду, супрацьстаяць масіраваным нападам апанентаў, не дазваляць ім спекуляваць свядомасцю народа і фарміраваць няправільнае ўспрыманне падзей, якія адбываюцца, не дапускаць расколу ў беларускім грамадстве».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Працаваць на развіццё грамадства

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.