Вы тут

Вясёлка Васіля Віткі


Які беларус з маленства не ведае казак «Вавёрчына гора», «Азбуку Васі Вясёлкіна», «Казку пра цара Зубра»? А колькі тых, хто ў дзяцінстве з нецярплівасцю чакаў выхаду чарговага нумара часопіса «Вясёлка»! Што агульнага? Цімох Васільевіч Крысько, больш вядомы пад псеўданімам Васіль Вітка, яднае гэтыя выданні. Пісьменнік шматграннага таленту, ён праявіў сябе як паэт, празаік, драматург, перакладчык і публіцыст. Але найбольш вядомым і прызнаным стаў як дзіцячы пісьменнік.

Чытаючы яго лёгкія, кранальныя гісторыі, дзе абавязкова перамагае дабро, нават не задумваешся над тым, якім складаным быў шлях Цімоха Васільевіча ў літаратуру: у трыццатыя гады супраць яго была заведзена справа — абвінавацілі ў «лібералізме і страце пільнасці», звольнілі з пасады ў рэдакцыі газеты «Чырвоная змена»… Пісьменніку пашанцавала, што ў яго лёс умяшаўся сумленны чалавек і разблытаў усе ліпавыя ніткі, з якіх шылася магчымае пакаранне…

Экспазіцыя «Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…», што адкрылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі гісторыі беларускай літаратуры, раскрывае творчую індывідуальнасць літаратара праз яго творы і гісторыю першага часопіса для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў Беларусі, рэдактарам якога доўгі час быў Васіль Вітка.


Васіль Вітка на радзіме ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна, 1985 г. Фота з Дзяржаўнага музея гісторыі беларцская літаратуры.

Клопаты, трывогі  і надзеі казачніка

16  мая споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння слыннага дзіцячага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, стваральніка часопіса «Вясёлка» Васіля Віткі. У гэты юбілей хочацца згадаць жывога Цімоха Васільевіча. Аднойчы я быў запрошаны да яго ў госці і прыхапіў з сабой дыктафон. Як жа мы хораша пагаманілі пра дзяцей, кнігі, літаратуру! Паслухаем, укінем у душу развагі, клопаты, пажаданні мудрага педагога, любімага казачніка, вернага сябра дзяцей. Ды падумаем, як трэба шчыра, сумленна, акрылена жыць, каб тваё імя, тваё Слова праз гады заставаліся ў сэрцах спадчыннікаў.

— Найперш, Цімох Васільевіч, дазвольце яшчэ раз шчыра павіншаваць вас з высокай міжнароднай узнагародай — Ганаровым дыпломам Міжнароднага журы па прэміях Ханса Крысціяна Андэрсена.

— Дзякую. Падзея асабліва для мяне значная.

— Журы па прэміях Андэрсена адзначыла вашы казкі «як выдатны ўзор літаратуры міжнароднага значэння»…

— Узор, зор… Лёгка рыфмуецца. Сам некалі рыфмаваў, але цяпер у маім узросце цяжка задзіраць галаву ў неба і шукаць, дзе яна, твая каторая. Хаця ў юнацтве зорнае неба было для мяне самым казачным і незвычайным узрушэннем. Даўно было. Споўнілася паўстагоддзя, калі быў надрукаваны мой першы верш, напісаны пад уражаннем «радасных даляў, дзе свецяць агні». Верш бездапаможны, невыразны па сваіх, яшчэ няясных мне самому, вобразах. Калі што і было ў ім, дык толькі захапленне, узнёслы настрой, якім поўнілася душа вясковага юнака. Аднак Міхась Ціханавіч Лынькоў, мой першы рэдактар, надрукаваў верш у літаратурным дадатку да газеты «Камуніст». Дадатак выходзіў штомесяц і называўся «Вясна». Так пачыналася вясна майго жыцця.

— Вам было шэсць гадоў, калі бацька вярнуўся з вайны. Ці помніце той час?

— Запомнілася, бацька — майстар на ўсе рукі і вельмі любіў чытаць. Кнігу ў той час у вёсцы не так лёгка было дастаць. Адзінай яго ўласнай кнігай, прынесенай з вайны, было «Пособие для военных фельдшеров». Па ім ён лячыў аднавяскоўцаў, мог лацінскімі літарамі выпісваць рэцэпты. Мая ж асаблівая пашана да бацькі ў тым, што, акрамя «Пособия», у нашай хаце не зводзіліся кнігі больш цікавыя для мяне. Гэта творы рускіх і сусветных класікаў. Адкуль даставаў іх мой бацька? Адусюль, як толькі дачуваўся, дзе і ў каго яны ёсць. Прыносіў з самых далёкіх вёсак, прывозіў з горада — пазычаў у людзей. Некаторым за гэта гатоў быў аддзячыць чым мог. І калі надаралася вольная часіна, у хаце ў нас усю ноч мігала газоўка. Бацька чытаў уголас. Ахвотнікі слухаць заўсёды былі. Да позніх пеўняў вока не зводзіў і я…

Першы нумар часопіса «Вясёлка».

— Як у вас спалучаліся дзіцячыя і юнацкія ўражанні з першымі спробамі ў паэзіі?

— Я не падзяляю катэгарычных сцвярджэнняў: «нарадзіўся паэтам». Усе мы нараджаемся паэтамі. І ўсё, што цябе вабіць у жыцці, — паэзія. Мяне захапляла невыказнае чарадзейства маленькай вясковай кузні, у якой наш сусед, мой хросны бацька Валадым, рабіў дзівосныя рэчы: нацягваў на калёсы шыны, каваў коней, сталіў сашнікі, зубіў сярпы. Можа, таму першымі спецыяльнасцямі, якім я навучыўся, былі каваль і слесар. Як памятаю сябе, сваіх аднагодкаў, і ў маленстве, і ў юнацтве нашым запаветным жаданнем было навучыцца, умець рабіць нароўні з дарослымі, з бацькамі. У тыя гады, калі ламаўся стары лад жыцця, а новы ўсталёўваўся, многія з нас браліся за буквар, ужо добра ўмеючы араць і касіць. Пасля заканчэння слуцкай прафтэхшколы ў свае сямнаццаць гадоў я быў шчаслівы, што трапіў на найбуйнейшую тады новабудоўлю рэспублікі — Бабруйскі лесакамбінат…

— А як з паэзіяй?

— Яна жыла ва мне з маленства. Увогуле, яшчэ раз хачу падкрэсліць: паэт не толькі той, хто піша вершы. Я, напрыклад, ніяк не магу ўспомніць, калі напісаў свой першы верш на паперы. Затое добра памятаю свае першыя паэтычныя адкрыцці і расчараванні, сваю дзіцячую бездапаможнасць перад незразумелай велічнасцю свету, нявыказаным хараством летняга вечара. Трэба назапасіць у душы хараства і дабрыні, любові і шчырасці, і тады само сабой, дзе і кім бы чалавек ні працаваў, ён праявіць сябе, будзе цікавым і карысным, патрэбным і жаданым. А паэтам становіцца той, хто адкрывае запаветныя скарбы народных дум і пачуццяў, у дасканаласці валодае багаццямі роднага слова.

— Вам, Цімох Васільевіч, можна сказаць, пашанцавала на паэтычнай ніве. Першы верш надрукаваў Міхась Лынькоў. Першую кніжку паэзіі «Гартаванне» рэдагаваў Пятро Глебка. А першую рэцэнзію на першую кніжку напісаў Кузьма Чорны…

— Так, у гэтым сэнсе я шчаслівы чалавек. Шчаслівы, як цяпер разумею, і ў тым, што не спяшаўся друкаваць усё напісанае. Таму і першая мая кніжачка, тоненькая, без вокладкі, на шэрай паперы выдадзена ў 1944 годзе ў час вайны. А гэта ні многа ні мала, а праз шаснаццаць гадоў пасля надрукавання першага верша. Цяпер, бывае, дзеля з’яўлення на свет сваёй кніжкі аўтар прыкладае больш здольнасцей фізічных і арганізацыйных, чым творчых. Не падзяляю такой актыўнасці.

— Цімох Васільевіч, пра пісьменніка чытачы мяркуюць па яго творах. У вас ёсць некалькі зборнікаў лірыкі, ёсць апавяданні, п’есы, нарысы, публіцыстыка, успаміны, дзённікі. Але найчасцей вас называюць старэйшынам дзіцячай літаратуры, казачнікам.

— Што магу сказаць? Я даўно перакананы, што кожны пісьменнік рана ці позна прыходзіць да дзяцей. У гэтым ёсць свая заканамернасць. Прыходзіць, бо мае патрэбу далучыцца да той крыніцы, якая жывіць чалавека шчасцем творчасці. Мне проста пашчасціла, што і на схіле гадоў я не адцураўся маленства. Мяне вабіць у «залатой пары» нястомны пошук дзяцей, іх шчырасць і адкрытасць, смеласць і рашучасць. Можа, таму незаўважна для самога сябе я ўвайшоў у дзіцячую літаратуру, спасцігаючы чароўны свет казак, пацешак, скорагаворак, гульняў, загадак.

Васіль Вітка. Ілюстрацыя з сайта БелТА.

— Цяпер багата хто бярэцца пісаць казкі… А як вы пачалі пісаць іх?

— Мая першая казка склалася ў 1947 годзе. А было так. Ехалі мы з малым сынам да бабулі ў вёску. Дарога далёкая ад Слуцка да Еўліч, кіламетраў пятнаццаць. Транспарту не было. І от мы, каб дарога стала лягчэйшай, пачалі адзін аднаму апавядаць казкі. Я прыгадаў усе, якія ведаў, а потым стаў складаць сваю пра вавёрачку, якая трапіла ў бяду. Складалі разам з сынам, потым з суседскімі дзецьмі. Тады я вырашыў напісаць яе ў вершах, бо вельмі ж падабаўся сюжэт. Ды і першыя слухачы — дзеці — уважліва слухалі, перажывалі за вавёрачку, у якой разбалеліся зубкі. Напісаў. А калі вярнуўся ў Мінск, адважыўся і пайшоў з казкай да Івана Міхайлавіча Маўра. Пачытаў ён і сказаў: «Добрая казка». Пасмялеўшы, я паказаў яе рэдактарам. Казку надрукавалі ў часопісе «Полымя». Наступную казку «Буслінае лета» напісаў… праз дзесяць гадоў.

— Вы шмат гадоў былі галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса «Вясёлка». Пачыналі з першага нумара. З вашай лёгкай рукі «Вясёлка» стала добрым стымулам развіцця дзіцячай літаратуры ў рэспубліцы. Дык ці не гады працы ў «Вясёлцы» паспрыялі вам як дзіцячаму пісьменніку?

— З гэтым можна пагадзіцца. «Вясёлка», яе чытачы дапамаглі мне яшчэ больш спазнаць свет дзяцей і актывізавацца ў дзіцячай літаратуры. Але да іх я прыйшоў ужо з «Вавёрчыным горам» і «Бусліным летам». У «Вясёлцы» надрукаваны мае новыя казкі. Ствараючы іх, я ставіў перад сабой пэўныя педагагічныя задачы. Так, канкрэтная неабходнасць і патрэба вызначылі стварэнне «Азбукі Васі Вясёлкіна». Паставіўшы сабе за мэту са старонак часопіса знаёміць дзяцей з літарамі, з азбукай, я яшчэ не ўяўляў форму, у якой будзе мая азбука, чаго, дарэчы, ужо было нямала ў паэтаў і мастакоў: у вершах, у малюнках. Не было толькі сюжэтнай азбукі, азбукі-казкі з героямі, прыгодамі, аб’яднанымі адной задачай. Галоўны герой у мяне ўжо быў, знаёмы дзецям па ранейшых казках, — Вася Вясёлкін. А малыя, якія рыхтуюцца ў школу, вядома ж, рады будуць прызнаць яго за настаўніка. Так на старонках «Вясёлкі» адкрылася школа Вясёлкіна. Мастакі І. Іскрынская і А. Плаксін малявалі літары і вучняў Васевай школы, а я ўслед за імі складаў азбуку-казку.

А вось і зусім новая мая рэч «Казкі і краскі». Пісалася яна, можна сказаць, як своеасаблівы ўрок батанікі. Патрэба ў гэтым узнікла пасля маіх неаднаразовых наведанняў школьных урокаў. Адзін з іх, урок батанікі, тэмай якога была «Кветка», мяне асабліва засмуціў. Які гэта ўдзячны матэрыял для сапраўднага ўрока выхавання дзяцей, для адкрыцця і спазнання свету, таямніц прыроды! Настаўніца прыйшла на ўрок, падрыхтаваная па ўсіх правілах методыкі і дыдактыкі. Прынесла і развесіла наглядныя дапаможнікі — чарцяжы, схемы, малюнкі. З боку метадычных рэкамендацый і плана ўрока ўсё бездакорна. Але ўрок атрымаўся сумны і нецікавы. Не было самой кветкі, хоць за вокнамі школы яны красаваліся ва ўсім восеньскім харастве. Вядома, пішучы «Казкі і краскі», я ўлічваў недахопы падобных урокаў. Хачу зазначыць нешта большае. Дзіцячым пісьменнікам нельга сябе лічыць, не ведаючы асноў педагогікі, не будучы самому ў душы педагогам, не ведаючы школы, яе клопатаў, турбот, патрэб.

Адна з самых вялікіх радасцей майго жыцця — знаёмства, сяброўства і супрацоўніцтва з вялікім украінскім педагогам Сухамлінскім. На старонках «Вясёлкі» Васіль Аляксандравіч упершыню выступіў як аўтар цудоўных апавяданняў для самых юных чытачоў. Тонкае адчуванне паэзіі маленства, глыбокае пранікненне ў псіхалогію дзіцяці адразу ж выявілі ў ім талент дзіцячага пісьменніка. Пачатак быў такі плённы, што праз паўгода ў Васіля Аляксандравіча меўся ўжо гатовы рукапіс кнігі апавяданняў, якую ён прыслаў нам з чулым, сардэчным надпісам: «Гэтую кніжку аўтар прысвячае сябрам-беларусам». Нямала жывых, трапяткіх пачуццяў сваёй душы, свайго роздуму ўклаў ён у кнігу «Блакітныя жураўлі», якая выйшла ў маім перакладзе ў нас у Мінску. Ён, педагог, вучоны, пісьменнік, адкрыў мне незлічоныя скарбы ў педагогіцы і літаратуры. Ды ці толькі мне. Кожным сваім словам, звернутым да бацькоў, настаўнікаў, усім жыццём-подзвігам, ён самааддана ўслаўляў дарагі яму ідэал чалавека новага грамадства — чалавека высокай маральнай чысціні, працавітага, з крыштальным сумленнем, чулага да ўсяго ўзвышанага ў жыцці і непрымірымага да душэўнай глухаты, абыякавасці, самазадаволенасці і эгаізму. Такімі ён хацеў бачыць пісьменнікаў, якія бяруцца пісаць для дзяцей. Гэта недаравальна перад сумленнем — лічыць творчасць для дзяцей лёгкай пагулянкай, другарадным клопатам.

Васіль Вітка і Уладзімір Дубоўка на IV з'ездзе пісьменнікаў. Мінск, 1959 г. Фота з фондаў ЦНБ НАН Беларусі.

— Ці існуе праблема бацькоў і дзяцей? Што б вы маглі параіць аўтарам? Як ставіцца да гэтай праблемы,
як разумець яе?

— Праблема бацькоў і дзяцей заўсёды ёсць. Толькі для розных часоў і эпох, для розных сацыяльных фармацый яна вылучае свае супярэчнасці і канфлікты. Калі б дзеці слухаліся бацькоў і ва ўсім былі падобныя на іх, відаць, мы б яшчэ заставаліся ў пячорах, наўрад ці чалавек падняўся б у космас. Трэба глыбока разбірацца ў гэтых складанасцях, супярэчнасцях і непаразуменнях. Не варта забываць, што на новых спіралях развіцця грамадства адбываецца пераацэнка многіх каштоўнасцей. Самае галоўнае — прывучаць дзяцей да працы, вучыць іх паважаць людзей працы, самім як мага болей умець і ведаць. Мяне хвалюе жыццё дзяцей у мікрараёнах. Яны ж — як прышчэпы. Ім трэба прыжыцца, знайсці сяброў, адчуць «свае вуглы», пусціць карані. Як мы дбаем пра гэта? Духоўны свет дзіцяці, пільная патрэба самасцвярджэння, выяўлення сваіх схільнасцей, — глыбокае разуменне ўсяго гэтага якраз і павінна спрыяць устанаўленню паміж бацькамі і дзецьмі даверу, сяброўства, павагі. Тут багата тэм для дзіцячага пісьменніка. Шкада, што ў беларускай літаратуры для дзяцей няма пакуль раманаў, мала цікавых паэм, аповесцей.

— Сяброўства з Сухамлінскім — адметная старонка вашай творчасці. Як лічыце, вашы казкі, кнігі «Дзеці і мы», «Урокі» — гэта ж таксама педагогіка?

— На гэтае пытанне адказваць не мне. Не ўдаючыся ў падрабязнасці, магу выказаць некалькі меркаванняў. Найперш педагогіка — усенародная навука, а не занятак толькі для спецыялістаў. Гэта павінны зразумець усе, хто дбае пра выхаванне дзяцей. Дзіцячая літаратура — таксама педагогіка, найбольш актыўная, дзейсная яе частка. Трэба нам паўней выкарыстоўваць народную педагогіку, якая ўвабрала ў сябе мудрасць і маральны кодэкс многіх пакаленняў.

«Дзеці і мы», як ні адна з маіх кніг, выклікала шырокі і зацікаўлены водгук грамадскасці. На публікацыю яе асобных раздзелаў у часопісе «Нёман» у рэдакцыю і мне прыйшло шмат пісем бацькоў, настаўнікаў, вучоных, педагогаў і саміх дзяцей з розных куткоў краіны. Гэтая ўвага да праблем выхавання падахвоціла мяне працаваць над далейшымі пошукамі магчымасцей, якія не выкарыстоўваюцца ў вопыце нашай практычнай педагогікі. Набраўшыся храбрасці, я сам пайшоў у школу, дзе правёў урокі вясёлай матэматыкі, роднага слова, казкі, якія трансліраваліся Беларускім тэлебачаннем. Непрадугледжаным праграмай быў яшчэ ўрок аб духоўных каштоўнасцях чалавека, які называўся «Самая дарагая рэч у нашым доме». Як вы ведаеце, гэты ўрок з класа быў перанесены на старонкі «Вясёлкі» і ў ім прынялі ўдзел дзеці з усёй рэспублікі. Мы атрымалі сотні пісем. Дзеці вельмі дакладна зразумелі сэнс размовы: каштоўнасць рэчы вызначаецца не матэрыяльнай сутнасцю, а зместам, набыткам яго духоўных скарбаў.

Вось вучань Зоркаўскай школы Барысаўскага раёна Коля Белы прызнаў, што самая дарагая рэч у яго хаце — стол. Атрымаўшы такое пісьмо, мы нават крыху сумеліся: чым ён яму дарагі, гэты стол? Аказваецца, вельмі многім, калі добра падумаць. І Коля пра гэта цудоўна расказаў. За сталом збіраецца ўся іх сям’я — снедаюць, абедаюць, вячэраюць. Дзеці чытаюць, малююць, вучаць урокі. На стале мама кроіць і шые абновы. Тата, вярнуўшыся з майстэрні, у якой рамантуе трактары і камбайны, за сталом расказвае столькі новага і цікавага! А колькі радасці ў святы, калі прыходзяць госці. І як прыгожа, калі на стол ставяць букеты кветак! Вось як хлопчык расказаў пра еднасць і шчасце сваёй сям’і.

І новую сваю кнігу, якая называецца «Урокі», я імкнуўся падначаліць той жа ідэі, якая аб’ядноўвала «Дзеці і мы»: творчае станаўленне асобы чалавека. Гэта не столькі мае ўрокі, што я некаму даю, а галоўным чынам урокі, якія мне давалі і даюць жыццё і людзі, у якіх я вучыўся і якіх лічу сваімі настаўнікамі. Я не бачыў сваёй біяграфіі без людзей, паміж якіх я жыў, якіх любіў. Кожны з нас мае сваіх настаўнікаў, якім удзячны ўсё жыццё. Яны не толькі ва ўспамінах, яны — усё найлепшае, што ёсць у нас саміх, у нашым душэўным вопыце. Гэта таксама педагогіка, бясцэнная педагогіка ў кожным з нас!

— Вельмі згодзен з вамі, што педагогіка — усенародная навука. Няма такога чалавека, які б не меў дачынення да дзяцей, а значыць, усе ў той ці іншай ступені ўплываюць на выхаванне нашых спадчыннікаў. Але ёсць людзі, якія вучацца, заканчваюць спецыяльныя вучэбныя ўстановы, каб стаць выхавальнікамі дзяцей. Што б вы сказалі, Цімох Васільевіч, пра выхавальнікаў дзіцячых садоў?

— Дзеці горнуцца да сваіх выхавальнікаў, да кожнага дарослага. У іх шмат пытанняў — самых розных: нечаканых, сур’ёзных, смешных, наіўных. Чалавек у такім узросце, як падлічылі статысты, задае сто пытанняў за дзень. І на кожнае дамагаецца атрымаць адказ. Колькі прыглядаюся, прыслухоўваюся да дзіцячых чародак, якіх выводзяць у пагодныя дні ў паркі і скверы, рэдка чую, каб выхавальніца, асабліва маладая, нечым незвычайным, цікавым захапіла дзяцей, абудзіла іх фантазію. У тоне, інтанацыі яе заўваг часцей адчуваецца незадаволенасць, раздражнёнасць. Чым? Кім? Вядома ж, малышамі, сваім пастухоўскім абавязкам. Сумна ёй з дзецьмі. Хіба што адвядзе душу, сустрэўшыся з калегамі, па нуднай і, дасць Бог, часовай службе. Да такіх выхавальнікаў дзеці не горнуцца, не прыстаюць з пытаннямі.

Агеньчык за агеньчыкам гаснуць у дзіцячых вачах — разлічвай на ўласную кемлівасць. Вы заўважылі, што ў гэтым узросце можна пазнаць будучых даследчыкаў, якія, сустрэўшыся з незразумелым і загадкавым, самі доўга і пакутліва стараюцца спасцігнуць складаную і таямнічую з’яву. Аднойчы ў парку я сустрэў такога даследчыка. Мяркуючы па тым, як ён стаяў, прытуліўшыся вухам да старое сасны, і ўслухоўваўся ў ціхі шум яе верхавіны, я зразумеў: чалавек імкнецца спасцігнуць мову дрэва. Трэба было неяк завязаць размову, і я спытаўся: «Як называецца гэтае дрэва?» Ён здзіўлена паглядзеў на мяне і адказаў: «Дрэва». — «А якое?» —«Драўлянае. Але яно жывое. Чуеце?» Баюся, калі дзіцяці ў гэтым узросце не памогуць, яно надоўга пазбавіцца такіх дзівосных партнёраў, як дрэвы — не драўляныя, а жывыя. Бо ўвесь навакольны свет для дзіцяці: жывы, адухоўлены, дзівосны. На жаль, усё болей цудаў у ім знікае. Мы, дарослыя, часам недаравальна збядняем свет дзіцячых уражанняў. Выхавальнік дзіцячага садка — самая адказная спецыяльнасць, роўная, вобразна кажуць, інжынерам і тэхнікам. Крыўдна, калі за выхаванне дзяцей бяруцца выпадковыя людзі, чэрствыя, нячулыя. Яны як пастушкі — абы дзяцей пералічыць ды з цэлымі насамі здаць бацькам. Такая, прабачце, педагогіка мала прыносіць карысці.

— А што б вы пажадалі маладым, хто спрабуе пісаць для дзяцей?

— Безумоўна, трэба вітаць і падтрымліваць кожнае жывое пачынанне. Тут ёсць над чым падумаць творчым секцыям, камісіям, усяму Саюзу пісьменнікаў і кожнаму з нас. Я, напрыклад, ужо даўно нашуся з прапановай стварыць у Саюзе пісьменнікаў студыю маладога паэта, часцей наладжваць творчыя вечары маладых пісьменнікаў разам з маладымі мастакамі, акцёрамі, кампазітарамі і музыкантамі.

Ёсць і пажаданне маладым. Толькі для пачатку я нагадаю адзін даўні кур’ёзны выпадак. Калі праводзілася ў вёсках першая пашпартызацыя, спатрэбіліся фотакарткі. І вось што прыдумалі кемлівыя цёткі з маёй вёскі. Каб не ехаць усім у горад, яны выбралі прыгажэйшую, прыадзелі ва ўсё найлепшае і выправілі да фатографа. Адну за ўсіх. На вялікі жаль, мы яшчэ, бывае, і ў дзіцячай літаратуры карыстаемся такім спосабам: творым герояў на адзін капыл. У вакальным мастацтве ёсць такое вызначэнне: пастаўлены голас. Для маладога пісьменніка не менш важным таксама з’яўляецца «станаўленне голасу». А гэта перш за ўсё ўменне валодаць словам, адчуваць яго адценні. Кузьма Чорны, бывала, казаў: «Варочае словамі, як бярвеннем». Гэта пра пісьменнікаў, якія не адчувалі мовы. Памятаю, як Чорны радаваўся трапнаму слову, удаламу сказу. Напіша і нават адыдзе, збоку паглядзіць, як бы правяраючы на вока. І на слых ён правяраў. Прасіў, каб яму ўголас чыталі напісанае. «У вас добрае пяро», — гаварыў Змітрок Бядуля, калі адкрываў у маладым аўтары талент пісьменніка.

Дык вось і мне хочацца пажадаць усім, хто піша для дзяцей, добрага пяра. Яшчэ б хацеў папярэдзіць маладых аўтараў ад страшнай небяспекі — закасцянеласці форм, адсутнасці творчых пошукаў, тэм-аднадзёнак, нежадання супраціўляцца інерцыі. Трэба ўсімі сіламі перамагаць гэтую небяспеку, перамагаць і станавіцца на ўласную дарогу. Той, хто не хоча перамагаць, на ўсё жыццё трапляе ў цэх рамеснікаў. Можа, гэта лёгкі і салодкі хлеб, але лепш жывіцца самым горкім, ды здабытым уласнаю цяжкаю працаю…

Гутарыў Уладзімір ЛІПСКІ, май 1991 г.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.