Вы тут

Гісторыя з канверта. Як у кіно трапіла


Разам са мной у «хрушчоўцы» жывуць дзве дачушкі, мама, сабака і дзве кошкі. Працую толькі я. Смяюся — мабыць, карма такая: усе ў доме жаночага полу, нават жывёла. Не да мужчын мне, ды і яны не звяртаюць увагі на загнаную кабылку. Так што свеціць застацца незамужняй да старасці.


Каб падбадзёрыцца і не паддавацца дэпрэсіі, па патрабаванні дзяцей купіла тур у Парыж. Даўно марыла ўбачыць «Джаконду» ў арыгінале.

Паехала на камфартабельным аўтобусе. Група аказалася няпоўнай, 14 чалавек. На мне быў чырвоны касцюм, набыты перад паездкай, — зручны ў дарозе, лёгкі, не спякотны, не камячыцца, не цісне, сядзіць добра, я сабе ў ім падабаюся.

І вось мы ў Парыжы, я блізкая да галоўнай мэты сваёй паездкі! Увайшлі ў Луўр. Для «Джаконды» адведзена вялікая зала, карціна абаронена браніраваным шклом і адмысловым выпраменьваннем. Зусім не такая, якой я яе ўяўляла, — значна меншая і больш жывая. Пераходзячы з аднаго кутка залы ў другі, глядзела на яе і так, і гэтак — і заўсёды сустракалася з яе позіркам. Я яе адчувала. Нельга адчуць карціну, гледзячы на копію або рэпрадукцыю, — толькі арыгінал валодае сілай уздзеяння на душу — гэтай сілай яго надзяліў мастак. Усё ж такі «Джаконда» — шэдэўр шэдэўраў. Вось і спраўдзілася мая мара!

А ўвечары мы ўсёй групай пайшлі на вуліцу Чырвоных ліхтароў. Жалюзі на вітрынах былі паднятыя. Днём яны апушчаныя, і вуліца не адрозніваецца ад іншых. Гід інструктаваў: калі на доме чырвоны ліхтар або нават адна чырвоная літара, гэта азначае, што тут прапануюць платны секс. Наша сацыялістычная закваска перашкаджала спакойна ўспрымаць убачанае. Група ж змяшаная: мужчыны і жанчыны, усе саромеліся адзін аднаго і рабілі выгляд, быццам проста шпацыравалі.

Вочы глядзелі вакол, а шыя напружана ўтрымлівала галаву ў становішчы «толькі наперад». Іншы свет, іншая мараль, але паглядзець цікава, быццам у кіно трапілі — толькі мы не ў зале, а на экране.

Трэба прызнаць, тутэйшыя красуні не былі падобныя на тых, што стаялі каля абочын нашых дарог у дзевяностыя. Гэта былі лялечкі, кожная з якіх ведае сабе кошт, з аксамітнай скурай і вытачанымі формамі — мужчыне цяжка прайсці міма такой...

Раніцай я прыйшла на сняданак першай. Круасан, тонкія кавалачкі сыру і вяндліны, алей, джэм, кава... Іншыя турысты спускаліся па лесвіцы да сняданку, калі я ўстала з-за стала. Стомленасці як не было, яна растала ў чаканні новых уражанняў. Сказала «дзякуй» і выйшла падыхаць паветрам французскай сталіцы.

Ступіўшы з дзвярэй гасцініцы на перакрыжаванне, агледзелася. Мінакі рэдкія, машыны спяць на абочынах. Вуліцы чыстыя, здаецца, іх прыбіраюць ноччу (увечары смецця было поўна). У нас у параўнанні з вячэрнім Парыжам вельмі чыста. Да экскурсіі заставалася хвілін пятнаццаць, яснае неба прадракала спякоту.

Я хадзіла ў чаканні групы, атрымлівала асалоду ад свежасці раніцы. Раптам рэспектабельны мужчына ў касцюме падхапіў мяне пад локцік і зажурчаў прыемным галаском — вось што значыць француз! Але я нічога не зразумела, і ўзнікла замяшанне. Ахапіла лёгкае хваляванне: так ласкава мужчыны са мной ніколі не размаўлялі — толькі нябожчык муж стараўся быць джэнтльменам, калі заляцаўся першы тыдзень. На жаль, праз тыдзень мы распісаліся.

Кожнай жанчыне хочацца сустрэць рыцара, а тут — замежнік, і такі галантны! Не зразумеўшы пытання, зачараваная журчаннем голасу, нясмела адказала:

— Ай эм рашэн, ноў спік франсэ.

Француз не зразумеў і, нахіліўшыся, зноў далікатна-далікатна зашчабятаў, як птушачка. Збянтэжаная, нічога не разумеючы, я западозрыла ў гэтым нешта інтымнае і разгублена дадала:

— Русо турыста, — і тут жа вырвалася наступная фраза з «Брыльянтавай рукі»: — Обліка марале.

На шчасце, француз нашага фільма не глядзеў і майго гумару не зразумеў. Ён наогул нічога не зразумеў — працягваў казаць, гледзячы мне ў вочы. Але я зноў адчаканіла:

— Русо турыста. Нічога не разумею. Бай.

Мужчына адышоў. Я ж працягвала шпацыр. Трыццаць крокаў улева ад уваходу ў гатэль, трыццаць управа. Дзіўна. Праз дзве хвіліны такім жа пяшчотным жэстам узяў мяне пад локцік нейкі шатэн прыемнай знешнасці. Глядзіць зацікаўлена — відавочна, спадабалася.

Рэдкі выпадак. Пачала здагадвацца: тут нешта не тое! Адчаканіла:

— Русо турыста. Донт спік франсэ. Бай.

Ён адышоў, але недалёка. Трывожныя сумненні перайшлі ва ўпэўненасць: «Ён прапаноўваў нешта падобнае на рамантычную вячэру ў рэстаране». Здаецца, я яму спадабалася, шкада, не размаўляю па-французску. Вось хіба цяжка было да паездкі хоць пару фраз вывучыць? Самаацэнка пачала расці, што выклікала ў мяне лёгкую эйфарыю. Заставалася пара хвілін да збору групы. Паветра прагравалася хутка. Колькасць мінакоў павялічвалася, і праз хвіліну...

Гэта неверагодна, але хтосьці зноў далікатна ўзяў мяне пад локцік і чароўным голасам замурлыкаў. Павярнулася — і аж дыханне перахапіла.

Перада мной стаяў чарнаскуры мужчына гадоў сарака, гладкі, як гумавая цацка. Валасы кучаравыя, пругкія, зубы белыя, вочы добрыя. Ветліва ўсміхаўся і нешта ласкава казаў. Сэрца замёрла. З жалем у голасе адказала:

— Русо турыста. Ніхт не разумею. Бай!

...Я глядзела яму ўслед, лётаючы ў аблоках. Фантастыка!

Група дружна высыпала на вуліцу, і я ім усё распавяла. Пачуўся дружны рогат. Палкоўнік з другога сядзення ржаў як малады канёк.

— Ну, Валянціна, ха-ха... Карыстаешся попытам, ха-ха-ха... Учора на вуліцы Чырвоных ліхтароў што сказалі? Ха-ха... Апазнавальны знак платнага сексу — чырвоны колер. І працуюць яны з дваццаці трох да чатырох раніцы. Ха-ха-ха! А ты, шпацыруючы ў ярка-чырвоным касцюме на скрыжаванні каля гатэля ў восем раніцы, натуральна, па-за канкурэнцыяй! Не баішся падатковай? Ох, рассмяшыла!

Я разгублена міргала. Бізнесвумен з трэцяга сядзення сур'ёзна прапанавала:

— Валянціна, адкрывай бізнес. Дапамагу.

Моладзь папрасілася ў долю. Усе весяліліся. Апынуўшыся ў цэнтры ўвагі, я адчула, што мая самаацэнка падымаецца вышэй і вышэй. І сказала:

— Жарты жартамі, але ў нас на мяне ніхто не звяртаў увагі. А тут тры мужыкі, ды яшчэ цікавыя, ды яшчэ французы, і ўсяго за пятнаццаць хвілін! Аказваецца, я магу ў Парыжы нават грошы зарабіць!

Пасмяяцца мы пасмяяліся, але ехаць на экскурсію ў чырвоным касцюме я рашуча адмовілася. Жанчыны праявілі салідарнасць, і мы адправіліся ў краму купляць мне што-небудзь больш сціплае — па французскіх мерках, зразумела.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.