Вы тут

Пошукавікі з Іркуцка прыехалі ў Беларусь, каб прайсці па слядах 42-й стралковай дывізіі


У іх камандзе 11 чалавек — кіраўніцы двух пошукавых атрадаў «Сібір» і «Вернасць» і іх юныя выхаванцы, якія неаднаразова ўдзельнічалі ў пошукавых экспедыцыях. Яны паставілі перад сабой мэту наведаць мясціны, звязаныя з баявымі дзеяннямі 42-й стралковай дывізіі, якая прымала ўдзел і ў абароне, і ў вызваленні Беларусі.


— Мы тут , дзякуючы вашаму пошукавіку Сяргею Тагаеву, з якім два гады таму завязалася наша перапіска ў інтэрнэце, — паведаміла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства, кіраўнік атрада «Сібір» Таццяна Улыбіна.— Пачалі абменьвацца інфармацыяй, і ён нас запрасіў. Рабяты з задавальненнем прынялі гэта запрашэнне. І я вельмі рада гэтаму, бо няма больш моцных эмоцый, чым тыя, якія ўзнікаюць, калі ты ўсё бачыш сваімі вачыма. 

Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» паклапаціўся арганізаваць для гасцей пазнавальную экскурсію. Кіраўнік клуба Мікалай Барысенка паказаў невялічкую экспазіцыю з прадметаў, знойдзеных на месцах раскопак, падзяліўся звесткамі пра тое, як захоўваецца памяць чырвонаармейцаў у Беларусі. Расіянам паказалі невялічкі фільм пра дзейнасць клуба «Віккру», звазілі на Буйніцкае поле, дзе 23 дні трымалася гераічная абарона Магілёва. Сібіракі пабывалі на месцы бою каля вёскі Дабрэйка Шклоўскага раёна, дзе пахаваныя байцы ўзвода, якім камандаваў іх гераічны зямляк Трафім Яскін. Гэты ўзвод першым фарсіраваў тут Днепр, прычым цаной свайго жыцця. Усе, акрамя Трафіма Яскіна загінулі, сам камандзір быў цяжка паранены. Ён праз усё жыццё пранёс гэты боль. Расіяне прывезлі дакументальны фільм, дзе ён расказвае нашчадкам пра тыя падзеі, пра тое, як пакляўся захаваць імя кожнага са сваіх загінуўлых байцоў. Яны былі яшчэ зусім маладыя хлопцы, якім толькі жыць ды жыць, але ішла вайна і трэба было ўзяць вышыню. У канцы 80-х мінулага стагоддзя Трафім Яскін прывёз на Шклоўшчыну пліту з імёнамі байцоў і яна была ўстаноўлена на месцы кровапралітных баёў. 

— Тут мы перажылі вельмі моцныя эмоцыі, — прызнаецца кіраўніца атрада «Вернасць» Любоў Сахацкая. — Глядзіш на гэтае мірнае поле, дзе каласіцца жыта і лётаюць птушкі, і сэрца сціскаецца, калі ўспамінаеш, што тут грымела вайна і гінулі зусім маладыя людзі. 

Пасля Магілёва група іркуцкіх пошукавікаў адправіцца ў Мінск, потым у Брэст, а адтуль на Маскву і дамоў. Дарэчы, толькі да Магілёва яны дабіраліся 4 дні. І былі вельмі кранутыя цёплым прыёмам. Дырэктар Магілёўскага электратэхнічнага каледжа Віктар Віктаравіч Бурака асабіста паклапаціўся наконт іх пражывання ў Магілёве і транспарціроўцы па горадзе. 

— Мы вельмі ўдзячныя нашым беларускім сябрам за цёплы прыём і за тое, што яны так беражліва захоўваюць памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, — адзначылі сібіракі.

— Нашы дзеці бачаць, якой важнай справай мы займаемся і гэта самае галоўнае. Толькі ў гэтым выпадку можна быць спакойнымі за наша будучае. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.