Вы тут

Як Масква перажывае новую ўспышку каранавіруса


У Маскве зноў напружаная сітуацыя з захворваннем на ковід. Індыйскі штам віруса «дэльта» лёгка распаўсюджваецца і ўкладвае на бальнічныя ложкі яшчэ больш пацыентаў... З апошняга тыдня чэрвеня колькасць новых выпадкаў інфіцыравання вагаецца ад 6500 да 8500 у дзень. Мэрыі Масквы прыйшлося пайсці на ўзмацненне супрацьковідных абмежаванняў. Сталічным работадаўцам абавязалі перавесці на аддалены рэжым не менш як 30 % супрацоўнікаў. Пункты грамадскага харчавання могуць наведваць толькі абароненыя ад каранавіруса, што пацвярджаецца спецыяльным QR-кодам. Запаўняльнасць залаў канцэртных, спартыўных, забаўляльных мерапрыемстваў — не больш чым 500 чалавек. Акрамя таго, абавязкова вакцынавацца неабходна 60 % работнікаў сферы паслуг. Ну і, безумоўна, маскі, пальчаткі і санітайзеры зноў павінны стаць паўсюднымі спадарожнікамі масквічоў і прыезджых у грамадскіх месцах. Воляю лёсу ў такі небяспечны перыяд мой шлях на адпачынак ляжаў праз Маскву.


Дзве сталіцы — адзін падыход

Палова першага ночы. На мінскі чыгуначны вакзал прыбывае цягнік Калінінград — Масква. Мабыць, дзесьці ў шляху да яго прычапілі дадатковы вагон спецыяльна для пасажыраў з беларускай сталіцы, бо ўсе, хто чакаў цягнік, сталі грузіцца выключна ў гэтую частку рухомага саставу. Правадніца праверыла ў мяне пашпарт, білет і спыталася пра наяўнасць ПЦР-тэста. Атрымаўшы станоўчы адказ, яна прапусціла мяне ў вагон. Я адказна надзела маску і стала назіраць за супрацьковіднай экіпіроўкай сваіх спадарожнікаў. Практычна ўсе яны ішлі па вагоне без маскі. Ды і ўсю дарогу ніхто асабліва не абцяжарваў сябе гэтым «атрыбутам».

Прыбыўшы на Беларускі вакзал Масквы, я «ўзброілася» ўжо не толькі маскай, але і пальчаткамі. Сябры папярэджвалі: штрафу за адсутнасць гэтых элементаў аховы не пазбегнуць. Зразумела, ніхто па вуліцы ў масцы не хадзіў, але некаторыя служачыя прытрымліваліся правілаў і там. Недалёка ад перонаў размясціўся вакзальны пункт тэсціравання для тых, хто вандруе чыгункай. Там прапаноўвалі два варыянты даследавання: экспрэс (вынік за 3 гадзіны, цана 2750 расійскіх рублёў) і стандарт (адказ на працягу сутак, цана 1800 рублёў). Адзначыўшы значную чаргу, я была рада, што яшчэ ў Мінску атрымала сваю даведку аб адсутнасці захворвання.

Многія мінчане апошнім часам расслабіліся і забыліся аб сродках індывідуальнай аховы (СІА) ад ковіду ў грамадскіх месцах. Таму я разлічвала, што на новай пандэмічнай хвалі ў гэтым плане пакажуць сябе больш адказнымі масквічы. Але мае чаканні не здзейсніліся: неабходнае патрабаванне аб СІА выконваюць і ў Маскве прыкладна двое з пяці чалавек. Складваецца ўражанне, што пра ўспышку каранавіруса ведаюць толькі ўлады і прыезджыя. Я адказна ва ўсіх грамадскіх месцах насіла маску і пальчаткі, перамяшчаючыся на метро, часта апрацоўвала рукі ў стацыянарных санітайзерных устаноўках. Але асабліва паказальны прыклад кітайскай дзяўчыны, якая разам са мной засялялася ў атэль. Яна на рэсепшэн прыйшла ўвогуле ў ахоўным касцюме, падобным на тыя, што носяць медыкі ў «чырвоных» зонах.

Нагадваюць аб СІА ў Маскве ўсюды: аб'явы на ўваходных дзвярах вакзалаў, станцый метрапалітэна, аўтобусаў, на вокнах грамадскага транспарту, гучнагаварыцелі. Крэслы ў транспарце праз адно пазначаныя: «Трымайце дыстанцыю, не садзіцеся тут».

Усе кафэ і рэстараны пускаюць у памяшканне з 28 чэрвеня толькі ўладальнікаў QR-кодаў, якія выдаюць тым, хто зрабіў прышчэпку, перахварэў COVІD-19 на працягу апошніх шасці месяцаў, у каго ёсць адмоўны ПЦР-тэст, сапраўдны на працягу трох дзён. Кафэ на вуліцы і з летнімі верандамі да 12 ліпеня можна наведваць усім без QR-кода. Пакуль жыхары сталіцы шукаюць магчымасці атрымаць коды, маленькія кавярні і бістро знайшлі выхад, як захаваць наведвальнікаў. Стойкі з кавааўтаматамі і касы для заказу на вынас яны ўстанаўліваюць каля ўвахода, такім чынам не парушаючы забароны і не абцяжарваючы гасцей праверкамі кодаў.

Прышчапіцеся на здароўе

Асаблівыя сілы ўлад кінутыя на прапаганду вакцынацыі. Білборды і рэклама ў горадзе мільгаюць слоганамі тыпу «Сустракайце лета з антыцеламі», «Каранавірус забівае кожны дзень. Зрабіце прышчэпку сёння», «Хварэць — балюча. Паміраць — страшна. Зрабіць прышчэпку — проста». Сярод тых, хто атрымаў прышчэпкі, разыгрываюць каштоўныя прызы — аўто, а ў некаторых рэгіёнах нават кватэры.

У Маскве я сустрэлася са сваёй сяброўкай, якая працуе ў забаўляльнай сферы. Спыталася, як яна ставіцца да вакцынацыі і ці паспела зрабіць прышчэпку? Вакцынацыю яна прайшла на днях. Доўга вагалася, але ўсвядоміла, што забаўляльная сфера пацярпела ад ковіду больш за іншыя і нават цяпер не можа на поўную магутнасць аднавіць сваю дзейнасць. Прышчэпка — адна з магчымасцяў для артыстаў выходзіць на сцэну нават у пандэмію.

«Таму прадстаўнікі нашай сферы павінны вакцынавацца ў першую чаргу, каб мы маглі перамяшчацца па краіне, выязджаць у іншыя дзяржавы з гастролямі. Яшчэ адзін плюс прышчэпкі — прывілеі для вакцынаваных пры перасячэнні меж», — сцвярджае дзяўчына.

Па яе словах, артысты, у адрозненне ад працаўнікоў сферы паслуг, не блізка кантактуюць з людзьмі, але, тым не менш, выступаюць перад вялікай колькасцю гледачоў і адчуваюць сваю адказнасць за здароўе наведвальнікаў, калег па сцэне.

«Артысты вельмі сумуюць па гледачах, таму хочуць, каб і яны прышчапіліся, бо на многія канцэртныя пляцоўкі наведвальнікаў не пускаюць без QR-кодаў», — кажа артыстка.

Але многія расіяне не спяшаюцца вакцынавацца. Хоць Масква і Маскоўская вобласць выходзяць у лідары па колькасці вакцынаваных. Штодзённы запіс у канцы чэрвеня ў сталіцы на прышчэпку дасягаў 87 тысяч чалавек. Як сцвярджаюць эксперты, для дасягнення калектыўнага імунітэту неабходна прышчапіць 60—70 % дарослага насельніцтва Расіі.

Марыя ДАДАЛКА

г. Масква

Загаловак у газеце: «Сустракайце лета з антыцеламі»

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.