Вы тут

Як чытаюць нашы сябры


 

У Казахстане 2021-ы аб’яўлены Годам падтрымкі дзіцячага і юнацкага чытання. У гэтай краіне вядзецца актыўная работа па прапагандзе кнігі ды напрацоўцы новых форм прыцягнення ўвагі да чытання.


Напрыклад, плануецца адкрыццё каворкінг-цэнтраў, стане даступным для ўсіх электронны фонд бібліятэк. Ідзе работа па арганізацыі сучасных мадэляў бібліятэчнай сістэмы і яе дзейнасці. Такім чынам, ствараюцца максімальна спрыяльныя ўмовы для чытання.

Паводле старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана Есдаўлета Улугбека, будучыня будзе мацавацца маральнымі якасцямі падрастаючага пакалення, і, калі мы не зможам прапанаваць сучасным дзецям патрэбны твор, яны запоўняць пустату нечым іншым.

Мудрыя словы вядомага казахскага пісьменніка актуальныя і для Беларусі. Для нас таксама вельмі важна далучаць дзяцей да чытання, каб краіна мела высокі ўзровень інтэлектуальнага развіцця.

Галоўныя ініцыятывы ў правядзенні Года падтрымкі дзіцячага і юнацкага чытання належаць Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы ў Нур-Султане, кіруе якой Умітхан Муналбаева. — Прыемна, што мы маем даўнія дзелавыя і сяброўскія сувязі з казахскімі калегамі, — гаворыць першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — Асабіста мне давялося некалькі разоў пабываць у Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы, садзейнічаць адкрыццю беларускага культурнага цэнтра ў галоўным кніжным храме Нур-Султана. І, безумоўна, зараз нас яднае агульная праблема прыцягнення ўвагі дзяцей да чытання, імкнёмся сумесна выхоўваць у іх любоў да кнігі.

Сведчанне літаратурнага сяброўства — пераклады твораў беларускіх аўтараў, змешчаныя на старонках вядомых казахскіх дзіцячых часопісаў «Балдырған», «Ак желкен».

А нядаўна на казахскай мове выйшла кніга Алеся Карлюкевіча «Вавёрка піша сачыненне». У той жа час у беларускім часопісе «Вясёлка» друкаваўся казахскі пісьменнік Кашым-Нагай Байбота.

Вялікай падзеяй у культурным жыцці двюх краін стала прэзентацыя ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі літаратурнага альманаха «Казахстан — Беларусь», у які ўвайшлі творы класікаў і сучасных аўтараў Беларусі і Казахстана. Наступны альманах мяркуецца прысвяціць дзіцячай літаратуры.

Пра гэта гаварылася і падчас анлайн-форуму, які праводзіла днямі Нацыянальная акадэмічная бібліятэка ў Нур-Султане з запрашэннем прадстаўнікоў 18 краін свету. З дакладамі ад Беларусі выступілі Алена Стэльмах і дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Таццяна Швед.

Беларусь у Казахстане ведаюць як краіну, якая чытае. Многія нашы творчыя праекты, накіраваныя на павышэнне культуры падрастаючага пакалення праз зварот да чытання, запатрабаваны ў Казахстане. Казахскі досвед у гэтай сферы для нас таксама надзвычай карысны.

Марыя ЛІПЕНЬ

Прэв'ю pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.